Пісьмо — знак даверу

Работа педагога-псіхолага ў школе даволі вялікая і патрабуе прымянення разнастайных і эфектыўных форм работы. Навучэнцы — асноўны кантынгент, з якім узаемадзейнічае педагог-псіхолаг. Малодшыя навучэнцы лёгка ідуць на кантакт, навучэнцы сярэдніх класаў з больш канкрэтнай мэтай згаджаюцца на размову, а падлеткі як зачыненыя дзверы, да якіх трэба падабраць ключ.

Адны навучэнцы камунікабельныя і адкрытыя, любое пытанне, якое іх цікавіць, зададуць лёгка. А ёсць і другія — стрыманыя і нерашучыя, для якіх прасцей напісац­ь, чым сказаць.

З трэцяй вучэбнай чвэрці я ўвяла ў сваю дзейнасць школьнага псіхолага новую форму работы з навучэнцамі — пошту даверу. Для некаторых педагогаў-псіхолагаў гэта звычайная практыка, а для мяне — цікавы метад работы з навучэнцамі. Пошта даверу — асаблівы прыём, які заключаецца ў тым, што дзеці самі даюць запыт на гутарку (кансультацыю) з псіхолагам.

Паштовая скрыня размешчана каля кабінета педагога-псіхолага. Перад тым як устанавіць яе, я правяла з навучэнцамі розных класаў інструктыўную гутарку па яе выкарыстанні. У першы дзень пісьмаў не было. У канцы другога дня работы я знайшла ў скрыні некалькі пісьмаў, якія па яркасці тэксту, дабаўленых на палі малюнках гаварылі пра тое, што іх напісалі навучэнцы малодшых класаў. Пытанні дзяцей датычыліся тэмы сяброўства, што важна ў іх узросце. Я чарговы раз пераканалася, што сяброўства — фундамент наладж­вання ўзаемаадносін з равеснікамі. Адпраўшчык пісьма быў пазначаны, і на наступны дзень я прыйшла ў клас да дзяцей і адказала на іх пытанні. Дарэчы, выкарыстоўваю і рэкамендацыі як форму адказу.

Мая паштовая скрыня, нібы маяк, паказвае дарогу для нявырашаных пытанняў навучэнцаў. Больш за ўсё я чакала лістоў ад старшакласнікаў. Мне было цікава атрымліваць гэтыя пісьмы, адказваць на пытанні хлопцаў і дзяўчат, бо я не ведала, з чым яны да мяне могуць звярнуцца. Як жа даведацца, што пішуць падлеткі? Вельмі проста. Яны робяць мінімальную колькасць памылак у пытаннях, і іх тэксты складзены стылістычна правільна.

Старшакласнікаў напісала нямнога, але да мяне звярнуліся тыя, у каго былі асабістыя пытанні, звязаныя з узаемаадносінамі з равеснікамі. Адно пісьмо нават хачу працытаваць: “Мы вам давяраем, прыходзьце да нас у клас у любы час, хоць на ўроку”. Такія словы не пакінулі мяне абыякавай. Значыць, я ўсё правільна раблю (праводжу трэнінгі і трэнінгавыя заняткі, размаўляю з навучэнцамі на розныя тэмы, заходжу да іх у клас) для падтрымання станоўчага эмацыянальнага самаадчування дзяцей.

Згодна з маімі назіраннямі, найбольш актыўнымі з’яўляюцца навучэнцы 2—5 класаў. Гэтыя дзеці творча падыходзяць да складання пісьмаў і з надзеяй чакаюць запаветнага адказу ад псіхолага. Мяне радуе, што малодшыя школьнікі адкрыта пытаюцца пра сяброўства, сям’ю, інтарэсы, просяць параду. А яшчэ я заўважыла, што дзеці пачалі вучыцца пісаць пісьмы ад рукі, а не набіраць паведамленні з мабільнага тэлефона. Гэта я лічу плюсам работы пошты.

Варта акрэсліць некаторыя абмежаванні згаданага метаду, якія я заўважыла. Пошта можа стаць для дэманстратыўных дзяцей сродкам прыцягнення ўвагі дарослых. Акрамя гэтага, некаторыя дзеці могуць прывыкнуць да пастаяннай дапамогі псіхолага і перастаць самастойна рабіць валявыя намаганні ў пераадоленні цяжкасцей, таму, як і ў кансультаванні дарослых, дапамога павінна быць у выглядзе рэкамендацый.

Безумоўным плюсам пошты даверу з’яўляецца магчымасць працаваць непасрэдна на дзіця, кіруючыся яго запытамі і патрэбамі. На жаль, часта работа школьнага псіхолага зводзіцца да дыягностыкі і карэкцыі па запытах дарослых на цяжкае дзіця. Мы забываем, што ў дзяцей могуць быць асабістыя праблемы, сур’ёзныя і не вельмі, але якія яны здольны самастойна ўсведамляць і па магчымасці вырашаць. Бадай, гэта з’яўляецца асноўнай перавагай такой формы работы. Акрамя гэтага, яна зручная, стымулюе на самааналіз, развівае эмпатыю і спрыяе наладжванню даверлівых адносін з дарослымі, а таксама фарміруе навык напісання пісьмаў у век інавацыйных тэхналогій.

На маю думку, пошта даверу — гэта эфектыўная форма работы школьнага псіхолага. Аднак буду выкарыстоўваць яе час ад часу (на тыдні псіхалогіі, месячніку псіхалагічнага здароўя) для таго, каб дзеці вучыліся самастойна вырашаць свае пытанні і развіваць станоўчыя якасці.

Гражына ЛЯНЦЭВІЧ,
педагог-псіхолаг Лялюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.