Піянерскі PR ад пухаўчан

Піянерскія дружыны Пухавіцкага раёна добра вядомы ў Мінскай вобласці як адны з самых моцных і актыўных. Для такіх дасягненняў неабходна, каб піянераў у раёне было не толькі многа, але і каб усе яны былі матываваныя, каб ім па-сапраўднаму падабалася быць піянерамі. Таму ў раёне не проста папулярызуюць піянерскі рух, а арганізавалі яму PR-кампанію.

У Пухавіцкім раёне магутная піянерская арганізацыя: у 27 школах раёна працу­юць піянерскія дружыны, у склад якіх уваходзіць каля 5 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны праводзяць шмат мерапрыемстваў, акцый, рэалізоўваюць разнастайныя праекты. З пачатку навучальнага года на Пухавіччыне ажыццяўляецца раённы праект “Піянерскі PR ад пухаўчан”, які грунтуецца на Канцэпцыі развіцця пазітыўнага іміджу БРПА на 2018—2021 гады.

 — Новыя ўмовы патрабуюць новага падыходу да стварэння прывабнага для дзяцей вобраза піянерскай арганізацыі, яркага і запамінальнага. Гэтая думка і лягла ў аснову праекта, які закліканы фарміраваць пазітыўны імідж піянерыі Беларусі ўвогуле і Пухавіцкай раённай піянерскай арганізацыі ў прыватнасці, — расказвае Алена Міхайлаўна Копцева, аўтар праекта, метадыст ЦТДіМ “Світанак” Мар’інай Горкі. — Праект спрыяе павышэнню ўзроўню даверу да БРПА, успрыманню яе грамадскасцю, дзецьмі і падлеткамі як прывабнай, дынамічнай арганізацыі, захаванню і прымнажэнню лепшых традыцый піянерскага руху краіны.

Удзельнікамі праекта сталі піянерскія дружыны, старшыя піянерскія важатыя, педагогі-арганізатары Пухавіцкага раёна. Для эфектыўнасці работы ў сучасных умовах дзейнасць ажыццяўлялася і ў рэальнай прасторы, і ў інтэрнэце. Заняліся распрацоўкай іміджавай інфармацыйна-паліграфічнай прадукцыі — з’явіліся яркія і прывабныя буклеты, календары, лістоўкі, брашуры.

У піянерскіх дружынах былі створаны піянерскія прэс-цэнтры, якія актыўна ўключыліся ў работу. Для піянерскага актыву былі праве­дзены практычныя заняткі “Азы журналісцкай справы”. Падчас творчай вучобы больш за 100 юных лідараў вучыліся не толькі ствараць інфармацыйныя тэксты, але і працаваць у каман­дзе, прэзентавац­ь свае ідэі, прымаць самастойныя рашэнні.

Актывізавалася работа ў інтэрнэт-прасторы: сваю дзейнасц­ь піянеры прэзентуюць у тэматычных групах у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Група  Пухавіцкай раённай піянерскай арганізацыі працуе пад лозунгам “Мы заўсёды імкнёмся быць для ўсіх прыкладам!” і аб’ядноўвае 650 чалавек. Тут  аператыўна размяшчаюць інфармацыю аб праведзеных мерапрыемствах, акцыях і аперацыях, прэс-рэлізы запланаваных спраў, фатаграфіі, відэаролікі. Таксама інфармацыя па ўсіх напрамках работы раённай піянерскай арганізацыі рэгулярна размяшчаецца на сайтах упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага райвыканкама, ЦТДіМ “Світанак”, афіцыйным сайце БРПА.

Цудоўную рэкламу піянерскаму руху ў раёне зрабілі рэальныя справы.  Ва ўстановах адукацыі праводзіліся PR-гадзіны, інфармхвілінкі, піянерскія дайджэсты, якія расказвалі пра найбольш яркія падзеі з жыцця піянераў.

Піянеры прэзентуюць сябе грамадскасці раёна, удзельнічаючы ў разнастайных мерапрыемствах, дзе з гонарам расказваюць пра сябе. Напрыклад, яны сталі ўдзельнікамі раённага ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Дзейнасць піянераў раёна была прадстаўлена на пляцоўках “Трыумф піянераў Пухавіччыны”, “Фоталетапіс Пухавіцкай раённай піянерскай арганізацыі”, “Калейдаскоп піянерскіх спраў”.

Але часцей піянеры не проста ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, а ініцыіруюць і праводзяць іх. Як, напрыклад, раённае піянерскае свята “З днём нараджэння, піянерыя Беларусі!”. Усіх гасцей свята піянеры пазнаёмілі са сваёй дзейнасцю з дапамогай выступлення і квест-гульні. На такія мерапрыемствы запрашаюцца дзеці і іх бацькі, каб яны ведалі, наколькі разнастайнае, насычанае карыснымі справамі жыццё ў сучасных піянераў. Каб дзеці хацелі быць піянерамі, а бацькі іх у гэтым падтрымлівалі.

Кульмінацыяй рэалізацыі праекта стаў фестываль-конкурс “Піянерскі крэатыў”, які сабраў каля 100 піянераў з 11 устаноў адукацыі раёна. Удзельнікам прапаноўваліся дзве намінацыі. У творчай візітоўцы “Піянерскі калейдаскоп” хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі пра дзейнасць сваіх піянерскіх дружын. Яны прапанавалі гледачам відовішчныя, сучасныя, арыгінальныя і змястоўныя выступленні. Лідарамі ў гэтай намінацыі сталі піянеры сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі. У другой намінацыі ўдзельнікі прадставілі флэшмобы “Віват, піянерыя Пухавіччыны”. Яны віталі ўсіх лозунгамі, крычалкамі, вершаванымі радкамі, цікава і гучна прапагандуючы ідэі, каштоўнасці і перакананні сучасных піянераў. У гэтай намінацыі лідарства падзялілі паміж сабой каманды сярэдняй школы № 4 Мар’інай Горкі і Свіслацкай сярэдняй школы імя А.Р.Чарвякова. Ідэі і нумары, падрыхтаваныя для фестывалю-конкурсу, і далей будуць выкарыстоўвацца для папулярызацыі піянерскай арганізацыі.

Праводзяцца і мерапрыемствы, адрасаваныя тым, хто ў найбліжэйшы час можа стаць акцябронкам, а потым — піянерам. Напрыклад, для другакласнікаў устаноў адукацыі  Мар’інай Горкі праведзена РR-акцыя “Калі імя тваё — акцябронак”. Піянеры ў творчай форме расказалі пра слаўныя традыцыі Пухавіцкай раённай піянерскай арганізацыі і дзейнасць самых малодшых членаў сваёй арганізацыі — акцябрат. Таксама маленькія ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся ў займальнае падарожжа “У краіну акцябрат”, падчас якога дзеці адгадвалі загадкі, гулялі, адказвалі на пытанні аб нашай Радзіме, выконвалі спартыўныя заданні на спрытнасць, хуткасць, кемлівасць. Маленькія школьнікі даведаліся, што акцябраты і піянеры —  вясёлыя і дружныя, любяць Радзіму і паважаюць яе культуру, іх жыццё насычанае і цікавае. І кожны ўдзельнік мерапрыемства захацеў далучыцца да гэтага руху.

Праект разлічаны на адзін навучальны год. У маі адбудзецца раённы піянерскі злёт “Піянеры новай эры: ініцыіруем, прасоўваем, дзейнічаем!”, дзе будуць падведзены вынікі праекта, але ўжо зараз можна сказаць, што PR-кампанія мела поспех, піянераў у раёне ведаюць і паважаюць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.