Піянерскі прэс-экспрэс

З мэтай развіцця юнкараўскага руху і папулярызацыі дзейнасці Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, а таксама дзеля выхавання грамадзянскасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення арганізаваны творчы конкурс юных карэспандэнтаў “Піянерскі прэс-экспрэс”. Былі вылучаны дзве намінацыі: інтэрв’ю/партрэтная замалёўка “Піянер — усім прыклад!” (пра лепшага члена БРПА) і нататка/рэпартаж “Дружная дружына” (пра яркія будні і незабыўныя святы, цікавыя падзеі ў піянерскай дружыне).

На раённым этапе пераможцам у абедзвюх намінацыях стала Настасся Сядова. Насця вучыцца ў 6 класе, узначальвае школьны аддзел навукі, з’яўляецца камандзірам атрада “Арляняты” піянерскай дружыны імя М.М.Мінчанкова Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, актыўна ўдзельнічае ў конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах. Яе крэда — “Бяры ад жыцця ўсё, што робіць цябе мацнейшым і больш шчаслівым!”. За перыяд знаходжання ў БРПА Настасся зарэкамендавала сябе адказнай і творчай асобай, якая актыўна займаецца публіцыстычнай дзейнасцю, уваходзіць у склад рэдкалегіі піянерскай газеты “Школьныя навіны”, піша нататкі і артыкулы.

У гэтым навучальным годзе Настасся пабывала ў НДАЦ “Зубраня” на піянерскай змене “Ад кожнага іскрынка — разам вогнішча”. Паездка ў лагер стала ўзнагародай за выдатную вучобу, грамадска карысныя справы, высокі давер школьнага калектыву. У сваёй конкурснай рабоце — нататцы “Кожнае дзіця хоча ў “Зубраня!” Настасся падзялілася яркімі ўражаннямі і пазітыўнымі эмоцыямі ад незабыўнай паездкі. Другой конкурснай работай Настассі стала інтэрв’ю “Толькі тых, хто любіць працу, — акцябратамі завуць!” пра Ягора Бінеўскага — акцябронка нашай піянерскай дружыны, навучэнца 3 класа. Ягор актыўны, таварыскі і прыязны, з лёгкасцю сумяшчае вучобу, удзел у творчых конкурсах і заняткі спортам. У інтэрв’ю Ягор раскрывае свой галоўны сакрэт поспеху: “Толькі тых, хто любіць працу, — акцябратамі завуць!”. “Я стараюся не проста ўсюды паспець, а дасягнуць пэўных вынікаў!” — кажа Ягор.

Гэта ўжо не першая спроба пяра Настассі, некаторыя нататкі і паэтычныя творы раней былі надрукаваныя ў дзіцячай забаўляльнай газеце “Зорька”. Піянерская дружына імя М.М.Мінчанкова віншуе Насцю з перамогай на раённым этапе конкурсу і жадае далейшых творчых поспехаў!

Ганна МАРФОНАВА,
педагог-арганізатар
Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.