Піянерскія інавацыі 3.0

- 9:50Актуально, Апошнія запісы

Магчымасць абмяняцца прафесійным вопытам, знайсці неабходныя кантакты для развіцця сваіх кампетэнцый і рэалізацыі інавацыйных праектаў у галіне выхавання малодшых школьнікаў была амаль у 150 лідараў і актывістаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. З 8 па 10 верасня педагогі-арганізатары, важатыя і метадысты з усіх рэгіёнаў Беларусі сталі ўдзельнікамі II Рэспубліканскага форуму лідараў БРПА “Піянерскія інавацыі 3.0”, які ладзіўся з нагоды 30-годдзя БРПА. Пляцоўкай для прафесійнага дыялогу стаў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, што на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання быў другім домам для піянераў і важатых і цесна звязаны з піянерыяй ужо сучаснай Беларусі.

“Запальваць дзіцячыя сэрцы” — гэты неафіцыйны дэвіз форуму падштурхоўваў яго ўдзельнікаў да пошуку эфектыўных форм і метадаў работы, выкарыстоўваючы якія педагогі змаглі б зацікавіць школьнікаў і паспрыяць іх развіццю. Менавіта таму актывістам БРПА ў якасці гульнявога моманту было прапанавана памяняцца з дзецьмі месцамі і падчас форуму адчуць сябе піянерамі. На тры дні дэлегаты сталі паўнапраўнымі жыхарамі краіны дзяцінства. Яны аб’ядналіся ў шэсць атрадаў, кожным з якіх кіраваў важаты дзіцячага цэнтра. Штодзённая праграма форуму была насычана як традыцыйнымі справамі зубраняцкага жыцця, так і спецыяльнымі адукацыйнымі, творчымі і спартыўнымі конкурсамі.

Аксана Мікалаеўна Закрэўская, якая на форуме прадстаўляла сярэднюю школу № 1 Глыбокага імя П.В.Сухога, адзначыла, што сустрэча з калегамі дапамагла наладжванню прафесійных кантактаў: “Мерапрыемствы дапамагалі з’яднаць часовыя калектывы. Напрыклад, неабходна было стварыць макет горада і сфарміраваць яго брэнд. Горад інавацый, экалагічны і грыбны горад, горад дзяцінства і мары — фантазія педагогаў-арганізатараў проста зашкальвала».

Да дыялогу паміж дэлегатамі далучыліся і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, а таксама падначаленых яму ведамстваў. Ігар Васільевіч Карпенка, міністр адукацыі, Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня”, Аляксандра Уладзіміраўна Ганчарова, старшыня Цэнтральнага Савета БРПА, і Дзмітрый Сяргеевіч Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ, у заключны дзень работы форуму прынялі ўдзел у адкрытай размове “Сустрэча на ўсе 100”. У фармаце адкрытага мікрафона ўдзель-нікі абмеркавалі пытанне фарміравання і развіцця інстытута лідараў і арганізатараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

Аляксандра Ганчарова адзначыла, што за 30 гадоў у Беларусі атрымалася захаваць масавы дзіцячы рух. Яна падкрэсліла, што раней не было камунікацыйнай пляцоўкі для педагогаў-арганізатараў, важатых і метадыстаў, на якой яны маглі б абменьвацца практыкамі, вучыцца, падтрымліваць зносіны.

У адказ Ігар Васільевіч прапанаваў сфарміраваць на базе НДЦ “Зубраня” цэнтр адукацыі, перакваліфікацыі і абмену вопытам і ідэямі сярод актыву піянерскага руху. Міністр адукацыі таксама ўспомніў сваю працу культарганізатарам у сельскай школе, падзяліўся вопытам яднання дзіцячага калектыву: “Педагог-арганізатар павінен мець лідарскія, арганізатарскія, камунікатыўныя якасці. Лідар — гэта не той, хто наперадзе на ліхім кані, а той, хто накіруе кожнага ў неабходны бок, хто павядзе за сабой”.

Падчас сустрэчы запрошаныя спікеры абмеркавалі з педагогамі пытанні фарміравання навукова-педагагічнай базы для далейшага яе распаўсюджвання ў айчыннай і замежнай практыцы. Уздымалася пытанне тарыфікацыі працоўнай дзейнасці педагогаў-арганізатараў.

У выніковы дзень форуму на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы НДЦ “Зубраня” адбылося ўзнагароджванне лепшых прадстаўнікоў Савета піянерскай арганізацыі, важатых піянерскіх дружын, лепшых саветаў БРПА, пераможцаў другога сезона Рэспубліканскага піянерскага інтэрнэт-праекта “Вотчына.бай”.

Настасся ЦЭРКОВІЧ.
Фота Настассі Мясніковай.