Піянерскія сустрэчы

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Сустрэча з цікавым чалавекам заўсёды дорыць новы вопыт. Самыя актыўныя піянеры школ і гімназій Ленінскага раёна Гродна ў рамках праекта Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Сустрэчы на ўсе 100!”  мелі магчымасць задаць пытанні  дырэктару гродзенскай сярэдняй школы № 28 Алене Аляхновіч.

— Выбар кандыдатуры для гэтай сустрэчы не выпадковы, — гаворыць дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна Ірына Савіцкая. — Алена Анатольеўна не толькі вопытны дырэктар, пад яе кіраўніцтвам школа чатыры гады запар займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках работы ў сістэме адукацыі Гродна. Гэта вельмі актыўны чалавек — дэпутат гарадскога Савета. І якасці гэтыя ідуць з дзяцін­ства — у школьныя гады яна была старшынёй савета дружыны школы № 2 у Мастах.

Таму і цікава было сённяшнім піянерам пачуць пра жыццё піянераў Савецкага Саюза. А на пытанне аб самай запамінальнай піянерскай справе Алена Анатольеўна адказала:

— Маё дзяцінства было вельмі актыўным, цікавым і шчаслівым. А самай адказнай справай для сябе лічыла дапамогу старэйшым лю­дзям. Цімураўскі рух, як зараз валанцёрства, быў справай ганаровай і адказнай.

Дзецям было цікава паслухаць аб тым, як Алена Анатольеўна выбірала прафесію, ці марыла стац­ь дырэктарам школы, аб любімых школьных прадметах, ці часта бывае на сваёй малой радзіме — у Мастах, аб любімых кнігах. І як жа ажывіліся дзеці, калі пачулі, што “Гульня прастолаў” ёй таксама падабаецца.

— Такія сустрэчы даюць і нам, дарослым, новы досвед, — гаворыць А.А.Аляхновіч. — Я размаўляю з вучнямі сваёй школы што­дзень. А вось такі пашыраны фармат дае магчымасць  атрымаць новую інфармацыю аб настроі, зацікаўленасці дзяцей.

А ў канцы было зроблена агульнае фота на добрую памяць аб цікавай сустрэчы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.