Піянеры Міншчыны салютуюць

У гэтыя майскія дні па-асабліваму ўрачыста гучаць піянерскія песні і горны — піянеры адзначаюць чарговую гадавіну з дня заснавання сваёй арганізацыі. На Міншчыне гэтай даце прысвечана абласное свята піянерскага сяброўства “Раўненне на піянерыю”, якое прайшло на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”.

Удзельнікамі свята сталі каля 350 чалавек — гэта акцябраты, піянеры з розных куткоў вобласці, пераможцы піянерскіх конкурсаў, дарослыя лідары, ветэраны піянерскага руху, ганаровыя госці.

— Такое абласное мерапрыемства мы праводзім трэці раз і з радасцю адзначаем, што яно дзецям падабаецца, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Сучасныя піянеры беражліва захоўваюць лепшыя традыцыі піянерыі, якія складаліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Напрыклад, яны з задавальненнем удзельнічаюць у цімураўскім руху і дапамагаюць тым, каму гэта патрэбна. У той жа час з’яўляюцца і новыя добрыя традыцыі. Так, у піянераў Міншчыны з’явіўся свой гімн. Цікавыя піянерскія праекты аб’ядноўваюць дзяцей, даюць ім магчымасць знаёміцца і мець зносіны, вучаць быць адказнымі за даручаную справу.

Мерапрыемства пачалося ўрачыстай лінейкай. Піянеры прымалі віншаванні ад ганаровых гасцей: Н.В.Якубіцкай, старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, Г.М.Казак, начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, А.У.Ганчаровай, старшыні Цэнтральнага савета БРПА.

Піянеры ўзгадалі, што ў гэтым годзе адзначаецца яшчэ адна важная дата — 80-годдзе Мінскай вобласці. Менавіта 80 самых актыўных і таленавітых дзяцей з розных раёнаў былі ўрачыста прыняты ў рады БРПА і паабяцалі быць заўсёды гатовымі да добрых спраў. Лепшыя акцябраты, піянеры, дарослыя лідары ў гэты святочны дзень атрымалі ўзнагароды і памятныя падарункі.

Праект-дэманстрацыя “Міншчына піянерская” запрасіў хлопчыкаў і дзяўчынак на інтэрактыўныя пляцоўкі. Тут працавала піянерская пошта, праз якую можна было павіншаваць са святам сябра, знаёмага або дружыну, прайшлі майстар-класы па вырабе кніжных закладак з піянерскай сімволікай, папяровых буслоў і валошак, праводзіліся віктарыны і гульні, прысвечаныя піянерскай тэматыцы, працавалі фотавыставы і фотазоны.

Піянераў аб’яднала ў гэты дзень і квест-гульня “Піянеры Міншчыны салютуюць!”. Каманды рухаліся па станцыях і выконвалі тэматычныя заданні. На “Музычнай” — гарнілі, барабанілі, спявалі піянерскія песні, на станцыях “Піянеры-героі” і “Піянерская медыяазбука” дэманстравалі веданне гісторыі і сімволікі арганізацыі. На “Піянерскай спартыўнай” іх чакала эстафета. З фрагментаў, якія атрымлівалі за выкананне заданняў, на фінальнай пляцоўцы піянеры сабралі пазл з выявай піянерскага значка.

Пасля такога яркага свята з новымі сіламі і добрым настроем піянеры ідуць наперад, каб здзяйсняць справы на карысць Радзімы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.