Піянеры новага пакалення

Новая іміджавая стратэгія, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, развіццё дзіцячага парламентарызму, актыўная прапаганда піянерскага руху ў сацыяльных сетках і, як вынік, павелічэнне колькасці членаў арганізацыі, асабліва сярод падлеткаў.
Усё гэта — характэрныя рысы сённяшняга дня Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

Патрыятычныя чэленджы і новыя праекты

Гродзенская абласная піянерская арганізацыя — гэта 77 тысяч піянераў і акцябрат. Без малога 80 працэнтаў школьнікаў ва ўзросце 7—14 гадоў аб’яднаны ў 19 раённых саветаў, 309 піянерскіх дружын, дзе працу­юць 297 важатых. Папулярнасць піянерскага руху з кожным годам расце, пра што сведчыць павелічэнне колькасці жадаючых уступіць у арганізацыю. Толькі за мінулы год рады піянераў Гродзенскай вобласці папоўніліся амаль 11 тысячамі дзяўчынак і хлопчыкаў.

— Такая станоўчая дынаміка стала магчымай дзякуючы правядзенню комплексу мерапрыемстваў па абнаўленні піянерскай арганізацыі, змене яе візуальнага афармлення, што прыцягнула ўвагу падлеткаў і іх бацькоў, — расказала старшыня Гродзенскага абласнога савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, метадыст абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Гродна Аліна Салімава. — Мы смела можам сказаць, што абласная піянерская арганізацыя стала флагманам дзіцячага і маладзёжнага руху ў рэгіёне. Асабліва шмат мерапрыемстваў сёлета право­дзіцца ў маладзёжнай сталіцы Беларусі, статус якой на 2021 год атрымаў Гродна.

За апошнія тры гады на Гро­дзеншчыне рэалізавана 25 тысяч мерапрыемстваў на ўзроўні дружын, 12 тысяч раённых і больш за 160 — абласных. Пры іх правядзенні выкарыстоўваліся як традыцыйныя, так і інавацыйныя формы і метады. Да самых яркіх мерапрыемстваў можна аднесці абласны праект “Піянеры новага пакалення”, марафон святочных піянерскіх спраў “30 гадоў адкрыццяў з БРПА”, ініцыіраваны ў 2020 го­дзе піянерамі Мастоўшчыны велапрабег “Сувязь пакаленняў”, віртуальны батл “ФотаHistory”, TikTok-чэлендж “Піянеры новага пакалення 3.0”, абласныя дзіцячы фестываль “Будучыня за намі” і праект “Дружны піянерскі фэст”, сацыяльны праект піянерскай арганізацыі Ленінскага раёна Гродна “30 значных спраў для піянерыі”.

Знакавымі сталі патрыятычны чэлендж “Піянерская любоў — ветэранам”, абласны конкурс “75 радкоў пра вайну”, праект “Пераможны май”, прымеркаваныя да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Піянеры Шчучынскага раёна ініцыіравалі сацыяльна-значны праект “Дарогамі памяці”, а ў Мастоўскім раёне стаў ужо традыцыйным велапрабег сямейных экіпажаў “Ад помніка да помніка, ад чалавека да чалавека”. З мінулага года ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь праводзіцца абласны інтэрнэт-флэш-моб “Павіншуем краіну разам!”. Піянеры Гродзеншчыны таксама прымаюць актыўны ўдзел у такіх акцыях, як “Ветэран жыве побач”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Добрае сэрца — ветэрану”, “Дом без адзіноты”, “Клопат”, “Беларусь памятае”.

У парламентарыі — з дзяцінства

У дзейнасці піянерскай арганізацыі Гродзеншчыны важнае месца займае развіццё дзіцячага парламентарызму. Другі год дзейнічае Дзіцячая палата, куды ўваходзяць 38 лепшых піянераў Гродзеншчыны. За час яе існавання рэалізавана больш за 40 ініцыятыў, аўтарамі якіх сталі дзеці.

— З 2018 па 2020 год змяніліся два склады дзяцей-парламентарыяў, — расказала Аліна Салімава. — Пры навучанні актыву мы выкарыстоўваем сучасныя формы работы: інтэрактыўныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Асаблівую ўвагу ­ўдзяляем выяўленню і падтрымцы дзіцячых ініцыятыў, павышэнню сацыяльнай актыўнасці юных грамадзян. З гэтай мэтай з 2018 па 2019 год быў рэалізаваны абласны праект “Школа лідара”, а з лістапада 2020 года — комплексны курс заняткаў “Эфектыўныя крокі да лідарства”. Менавіта ад дзяцей-парламентарыяў паступіла ініцыятыва стварэння інфармацыйна-медыйнага цэнтра абласной Дзіцячай палаты.

Восенню гэтага года стартаваў яшчэ адзін курс для членаў дзіцячай палаты — “Праектнае мадэляванне — піянерскі фармат” па ўкараненні міжнароднай метадалогіі UPSHIFT. Гэтая метадалогія дазваляе дзецям выяў­ляць праблемы грамадства і знаходзіць іх вырашэнне. Фінальным мерапрыемствам курса стане прэзентацыя праектаў хлопчыкаў і дзяўчынак з Дзіцячай палаты ў рамках святкавання Дня піянерскай дружбы.

Значнай падзеяй бягучага года стаў удзел членаў абласной Дзіцячай палаты ў міжнародным форуме, прысвечаным 20-годдзю дзіцячай арганізацыі “Камалак” у Рэспубліцы Узбекістан.

— Магу з упэўненасцю зая­віць, што Дзіцячая палата Гро­дзенскай абласной піянерскай арганізацыі — гэта сапраўдная каманда лідараў з правільнымі грамадзянскімі арыенцірамі і велізарным стваральным патэнцыялам, што можа забяспечыць стабільнасць і росквіт нашай краіны. Гэта сведчыць аб эфектыўнай сістэме работы ў нашай вобласці па фарміраванні адзінай збалансаванай выхаваўчай прасторы як неабходнай умовы асобаснага развіцця і пазітыўнай сацыялізацыі членаў ГА “БРПА”, — падкрэсліла Аліна Салімава.

Папулярнасць піянерскага руху з кожным годам расце, пра што сведчыць павелічэнне колькасці жадаючых уступіць у арганізацыю. Толькі за мінулы год рады піянераў Гродзенскай вобласці папоўніліся амаль 11 тысячамі дзяўчынак і хлопчыкаў.

Добрыя справы

Шырокае развіццё на Гро­дзеншчыне атрымаў цімураўскі рух. Больш як 100 тысяч школьнікаў аб’яднаны ў 719 цімураўскіх атрадаў. Яны прымаюць удзел у шматлікіх абласных і раённых акцыях. У бягучым годзе да Дня валанцёра быў арганізаваны абласны анлайн-конкурс “Фота-батл: Цімур і яго каманда”. Сацыяльна-значныя праекты “Дарогамі памяці” і “Пакаленні NEXT — гаспадары XXI стагоддзя” ініцыіравалі цімураўцы Шчучынскага раёна. У Мастоўскім раёне паспяхова рэалізоўваецца праект “Ліга добрых сэрцаў”, а ў Ваўкавыскім раёне стала традыцыйным правя­дзенне злёту цімураўскіх атрадаў. З мінулага года з-за эпідэміялагічных умоў у дзейнасці цімураўскіх атрадаў значны ўпор зроблены на анлайн-фармат.

Дабрачынныя акцыі — яшчэ адна сфера прыкладання сіл піянерыі. З кожным годам расце колькасць удзельнікаў акцыі “Цуды на Каляды”, у 2018 годзе іх было 16 тысяч чалавек, у 2021 го­дзе — 49 тысяч. За тры гады было праведзена больш за 2700 мерапрыемстваў, сабрана і ўручана каля 43 тысяч падарункаў, а агульная колькасць удзельнікаў акцыі склала 98 тысяч чалавек.

Добра праявілі сябе піянеры вобласці ў акцыі “Зрабі свет чысцейшым!”: у 2019 годзе занялі 2-е месца, у 2020 і 2021 гадах — 3-е месца. Штогод расце і колькасць удзельнікаў: з 25 тысяч чалавек у 2018 годзе да 35 тысяч у 2021 годзе. Павялічыліся сумы выручаных сродкаў: з 3 тысяч рублёў у 2020 годзе да 6 тысяч рублёў у 2021-м. Увогуле за тры гады ў акцыі прынялі ўдзел 150 тысяч акцябрат і піянераў, выручана больш за 13,3 тысячы рублёў.

Школа для маладога важатага

Абласны рэсурсны цэнтр па рабоце з піянерамі плануюць стварыць у гімназіі № 5 Гродна.

— Важатыя піянерскага руху з усёй вобласці змогуць прыяз­джаць да нас у гімназію і знаёміцца з метадычнымі напрацоўкамі. Мы будзем паказваць ім нашы мерапрыемствы, маладым важатым будзе цікава паглядзець, як праводзяцца піянерскі злёт, урачысты прыём у акцябраты і піянеры, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 5 Гродна Святлана Санюкевіч. — Я ўвахожу ў Цэнтральны савет ГА “БРПА”, з’яўляюся намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога савета ГА “БРПА”, ёсць вопыт і напрацоўкі, якімі можна падзяліцца. Піянерская арганізацыя гімназіі неаднаразова станавілася правафланговай у раёне, вобласці і рэспубліцы, пераможцай рэспубліканскіх конкурсаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены абласной арганізацыяй ГА “БРПА”, гімназіяй № 5 Гродна.