Піянеры новай эры

У абласной анлайн-гульні-конкурсе “3D: сустрэча трох пакаленняў” прынялі ўдзел установы адукацыі Гродзеншчыны. Асаблівую цікавасць да творчай справы праявілі школы Астравецкага, Іўеўскага, Лідскага, Карэліцкага раёнаў. Арганізатарам і каардынатарам гульні стаў Раклевіцкі дзіцячы сад — базавая школа Дзятлаўскага раёна. Праходзіла мерапрыемства пры падтрымцы раённага савета БРПА.

Конкурс праводзіўся з мэтай папулярызацыі піянерскага руху, фарміравання грамадзянска-патрыятычных пачуццяў і маральных якасцей навучэнцаў. Змест конкурсу прадугледжваў выкананне камандамі-ўдзельніцамі інтэлектуальна-творчых заданняў на чатырох этапах. Аналіз вынікаў першага этапу “Гісторыя піянерскага руху” паказаў, што гульня выклікала вялікую цікавасць ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны. Другі этап, “Піянеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, яшчэ больш захапіў удзельнікаў, якія імкнуліся стаць лідарамі. А трэці этап — “Цімур крочыць наперадзе” — яшчэ раз даказаў актуальнасць і важнасць арганізаванай намі творчай справы. Завяршыў гульню-конкурс этап “Піянеры новай эры”. Асноўны змест конкурсу выдатна дапоўнілі дадатковыя творчыя заданні: прэзентацыя “Давайце пазнаёмімся” і відэаролік “Піянеры новай эры”.

19 мая ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў. Дыпломы I ступені атрымалі каманда піянерскай дружыны імя Аляксандра Клімко Мінойтаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, каманда “Альтаір” Казлоўшчынскай сярэдняй школы і каманда “Брыганціна” Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны каманды “Мара” Рымдзюнскай сярэдняй школы Астравецкага раёна і “Вясёлка” Хвінявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. А дыпломамі III ступені адзначаны каманды “Салют” Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна і “Піянерская галактыка” Гезгалаўскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Дзякуем усім удзельнікам і сардэчна віншуем пераможцаў! Запрашаем усіх да далейшага супрацоўніцтва!

Марына СЕРБІН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы 
Дзятлаўскага раёна.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *