Піянеры сябруюць краінамі

- 16:33Нам пішуць

У Смаленску ў рамках супрацоўніцтва Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі з піянерскімі арганізацыямі Расійскай Федэрацыі адбыўся Міжнародны піянерскі збор “Смаленск — 2018”. Піянеры з Расіі і Беларусі расказвалі аб важных і карысных праектах і справах і дамовіліся ажыццяўляць іх разам.

Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі прадстаўнікі Маскоўскага гарадскога Савета піянерскай арганізацыі — дружына “Чырвоная Прэсня”, дэлегацыі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый са Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі — дружына імя Героя Савецкага Саюза З.А.Касмадзям’янскай (г. Ельня). Нашу краіну на зборы прадставіла дружына імя Я.Мядзведзева (г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна).
Праграма сустрэчы была насычаная і ўключала мноства мерапрыемстваў. Усё пачалося з рабочай лінейкі ля помніка піянерам-героям у Парку піянераў Смаленска. Падчас пешай прагулкі хлопцы і дзяўчаты наведалі помнікі А.Т.Твардоўскаму, М.І.Глінку, героям і ахвярам Айчыннай вайны 1812 г. Піянеры ўсклалі кветкі да Вечнага агню, магілы Героя Савецкага Саюза М.А.Ягорава, а таксама наведалі музей “Смаленшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Першы дзень піянерскага збору завяршыўся больш цесным знаёмствам і творчасцю ў змешаных групах, камандастваральнымі гульнямі і трэнінгавымі размінкамі, а таксама танцавальнай гадзінай.

У другі дзень сустрэчы ўдзельнічалі ў рабоце навучальных груп “Гісторыя Піянерыі”, “Піянеры-героі”, “Самакіраванне”, майстэрнях “Гульняпрактыка”, “Медыясфера”. Усе дэлегацыі прадставілі свой вопыт работы. Старшыня Мінскага абласнога Савета БРПА Святлана Анатольеўна Ерашэнка і піянеры Чэрвеньскага раёна разам з педагогамі і бацькамі прэзентавалі работу БРПА з малодшымі школьнікамі, арганізавалі работу майстэрняў “Мая пазіцыя” і “Насценгазета”. Была праведзена піянерская гульня на мясцовасці, а таксама не абышлося без арляняцкага песеннага круга каля традыцыйнага піянерскага вогнішча.

Вынікам Міжнароднага піянерскага збору стаў творчы дыялог “Мінская вобласць — Масква”, падчас якога было вырашана і далей умацоўваць сяброўскія і партнёрскія адносіны паміж піянерамі горада Масквы, Смаленскай вобласці і Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь для абмену вопытам.

Настасся ЛОЙКА,
старшыня Чэрвеньскага РС ГА “БРПА”.