На вялікі збор сабраліся актывісты піянерскага руху Гродзеншчыны. Форум “Мы разам захоўваем памяць пакаленняў”, прысвечаны 25-годдзю грамадскай арганізацыі “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, аб’яднаў піянераў двух стагоддзяў, а таксама актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Маладзёжнага парламента ІІ склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.
Сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя — самая масавая дзіцячая арганізацыя краіны, толькі на Гродзеншчыне яна аб’ядноўвае каля 86 тысяч дзяцей у 336 дружынах. Члены арганізацыі з’яўляюцца актыўнымі прадаўжальнікамі спраў піянераў ХХ стагоддзя. Пра такую пераемнасць гаварылі запрошаныя ганаровыя госці — Галіна Ільіна, якая ў свой час узначальвала піянерскую дружыну сярэдняй школы № 12 Гродна і ініцыіравала збор металалому на першы гарадскі тралейбус, а пазней была кіраўніком абласнога піянерскага штаба “Данка”, і старшыня Гродзенскага абласного савета БРПА з 2004 па 2012 гады Леанід Гошка.— Гэты форум — свята яднання піянераў рознага ўзросту і розных часоў, — адзначыла намеснік старшыні Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Марына Багдановіч. — Сённяшнія піянеры паважаюць старыя традыцыі і ствараюць новыя.
Пацвярджэнне гэтага — каля трохсот маладзёжных ініцыятыў, якія былі рэалізаваны ў Гродзенскай вобласці толькі ў гэтым годзе. Перад удзельнікамі форуму выступілі прызёр Рэспубліканскага конкурсу “Піянер года-2015” — дружына сярэдняй школы № 27 Гродна на чале з Андрэем Зарэцкім і прызёр І рэспубліканскага конкурсу акцябрацкіх груп “Суперзорачка” — каманда “Няўрымслівыя” з гродзенскай гімназіі № 5.
Фармат форуму прадугледжваў і дэбаты, тэмай якіх было развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў як стратэгічная дзяржаўная задача. На пытанні піянераў, членаў БРСМ і дэпутатаў Маладзёжнага парламента адказалі іх дарослыя сябры — прадстаўнікі дзяржаўнай улады, БРПА і БРСМ. Як расказала загадчыца аддзела дзіцячых арганізацый абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Васюкевіч, самі маладыя людзі прапанавалі такую праграму мерапрыемства. Маладзёжны парламент для свайго пасяджэння выбраў тэму “Тэрыторыя моладзі — тэрыторыя развіцця”. Быў арганізаваны круглы стол па пытаннях каардынацыі і ўзаемадзеяння дзвюх маладзёжных арганізацый, творчая лабараторыя “Сучаснае лідарства: тэорыя, практыка, перспектывы”, лідарскі ўніверсітэт “Піянеры ХХІ стагоддзя: ініцыіруем, рухаем наперад, дзйнічаем”. І моладзь дзейнічала. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзенскай вобласці, якія прыехалі на форум, прынялі ўдзел у акцыі “Місія — жыць”. На вуліцах горада яны раздавалі лістоўкі антынаркатычнай накіраванасці.
Урачыстым момантам форуму стала ўручэнне Галіне Ільіной і Леаніду Гошку нагруднага знака “Ганаровы піянер Беларусі”. Начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алена Акімава ўручыла ганаровыя граматы ўпраўлення за актыўную работу па выхаванні юных грамадзян краіны старшыням раённых піянерскіх арганізацый.
У гэты дзень піянерыя Гродзеншчыны папоўнілася новымі членамі. У рады арганізацыі ўступілі вучні сярэдняй школы № 27 і гімназіі № 5 Гродна.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.