Піянерыя — аснова ўсіх асноў!

- 14:50Нам пішуць

13 верасня — дзень нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Гэта свята аб’ядноўвае пакаленні, грамадзян розных краін, людзей творчых, ініцыятыўных, крэатыўных. У піянерскай дружыне імя Люсі Сечка нашай школы з 10 па 15 верасня прайшоў Тыдзень піянерыі.

Вучні ўдзельнічалі ў спартландыі “Піянерская эстафета здароўя”, рэкламна-агітацыйнай акцыі, падчас якой старэйшыя школьнікі ўручылі будучым піянерам 4 класа запрашэнні на ўступленне ў піянерскую дружыну. Весела і заўзята прайшоў флэшмоб “Будзь піянерам!”. Акцябраты разам са сваімі важатымі ўзялі ўдзел у гульні “Мы разам”. Сумесная гульня яшчэ больш з’яднала. Тут дзеці змаглі праявіць пачуццё павагі, уменне прыйсці на дапамогу і ўзаемавыручку.

Члены піянерскіх атрадаў наведалі былога настаўніка школы Марыю Міхайлаўну Шастак, якая сваю педагагічную дзейнасць пачынала піянерважатай, сям’ю ветэрана піянерскага руху Аляксандра Паўлавіча Машчара. Яны падзяліліся ўспамінамі пра свае працоўныя акцыі, культурныя мерапрыемствы, злёты, піянерскія будні і святы.

Завяршыўся Тыдзень піянерыі конкурсам малюнкаў на асфальце “Мы малюем мір”, а на ўрачыстай лінейцы былі адзначаны самыя актыўныя піянерскія атрады і акцябрацкія групы.

Члены піянерскай дружыны нашай школы яшчэ раз даказалі, што ніколі не трэба адыходзіць ад галоўных мэт — дабра, справядлівасці, любові да Радзімы. Хай дружба і клопат адзін пра аднаго будуць бязмежныя! Са святам! З днём нараджэння, піянерыя!

Алена ПЕРШУКЕВІЧ,
педагог-арганізатар Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.