План мер па развіцці Аршанскага раёна: не “абстрактная навуковая праца”, а дакладная праграма дзеянняў

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даручыў дапрацаваць комплексны план першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ўрада па выніках выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях развіцця Аршанскага раёна.

На пасяджэнні разглядаўся праект плана, у якім было абазначана больш за 90 пунктаў, прапанаваных для рэалізацыі ў розных галінах. Па выніках пасяджэння прэм’ер-міністр даручыў дапрацаваць дакумент.

Асаблівую ўвагу кіраўнік урада звярнуў на неабходнасць выпрацоўкі канкрэтных комплексных мерапрыемстваў, выкананне якіх надасць імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна.

Напярэдадні пасяджэння члены ўрада выязджалі ў Аршанскі раён, вывучалі сітуацыю на прадпрыемствах, аналізавалі праблемы і ключавыя пытанні развіцця рэгіёна. “Мы дамовіліся, што выпрацуем і зацвердзім першачарговыя комплексныя мерапрыемствы па развіцці раёна. Але работа па іх будзе пачата яшчэ да зацвярджэння адпаведнага плана. На аснове напрацовак рэспубліканскіх органаў кіравання, Віцебскага аблвыканкама і Аршанскага райвыканкама складзены праект комплекснага плана першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што гэты план не павінен стаць догмай, ён будзе папаўняцца новымі мерапрыемствамі. “Сістэма актуалізацыі ў праекце плана мер закладзена, як і сістэма кантролю за яго выкананнем”, — адзначыў ён.

Для выканання задач прапанаванага плана неабходна ў кароткія тэрміны вызначыць канкрэтныя галіновыя мерапрыемствы.

Асноўная задача для раёна — рост аб’ёмаў і эфектыўнасці вытворчасці тавараў і паслуг. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена загрузцы прадпрыемстваў, якія працуюць у рэгіёне. “Трэба забяспечыць загрузку прадпрыемстваў у рамках аб’ёмаў, якія яны могуць вырабіць і якія запатрабаваны ўнутры краіны”, — акцэнтаваў увагу прэм’ер-міністр.

Для развіцця рэгіёна прапануюцца меры не толькі вытворча-эканамічнага характару. Будзе вывучацца магчымасць правядзення розных спартыўных, культурна-забаўляльных і іншых мерапрыемстваў, якія дапамогуць забяспечыць большы прыток турыстаў, задзейнічаць створаную інфраструктуру. “Папрасіў бы кіраўнікоў сацыяльнага блока ўрада сумесна з аблвыканкамам і райвыканкамам вызначыць, якія міжнародныя і рэспубліканскія мерапрыемствы можна правесці ў раёне, каб павысіць акупнасць дзеючых аб’ектаў”, — сказаў кіраўнік урада.

“Узровень развіцця раёна — не той, якім ён павінен быць сёння і як патрабуе ад нас кіраўнік дзяржавы. Падыходзіць да вырашэння пастаўленай прэзідэнтам задачы мы павінны комплексна. Таму першы крок — гэта выкананне першачарговых мер, якія ўжо ў найбліжэйшы час павінны даць вынік. Другі этап — распрацоўка і рэалізацыя сярэднетэрміновай праграмы развіцця раёна”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Што датычыцца сярэднетэрміновай праграмы, то прэм’ер-міністр папярэдзіў Міністэрства эканомікі і Віцебскі аблвыканкам: гэта павінна быць не “абстрактная навуковая праца”, а дакладная праграма дзеянняў на аснове глыбокага аналізу існуючай сітуацыі з канкрэтнымі мерапрыемствамі, выканаўцамі, тэрмінамі, прапрацаванымі крыніцамі фінансавання, разлікамі эканамічнай эфектыўнасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *