План на будучыню — дынамічнае развіццё

- 12:05Навіны рэгіёнаў

Капсулу з пасланнем у будучыню заклалі навучэнцы і педагогі дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава. Мерапрыемства прайшло падчас урачыстай лінейкі, прысвечанай юбілею навучальнай установы.

У лістападз­е ліцэй адзначыў 80-годдзе з дня адкрыцця. За гэтыя гады ўстанова не раз мяняла сваю назву, але галоўная мэта — якасная прафесійная падрыхтоўка моладзі — тут заўсёды заставалася нязменнай.

Сёння прафе­сійны ліцэй № 9 — лідар абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёна. Гэта сучасная ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя працоўныя кадры для будаўнічай сферы. На цяперашні момант тут ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка па прафесіях тынкоўшчык, маляр, абліцоўшчык-плітачнік, муляр, цясляр, электрагазазваршчык, дарожны рабочы, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, стропальшчык, машыніст аўтамабільнага крана, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, машыніст экскаватара, машыніст бульдозера. Усе прафесіі актуальныя і запатрабаваныя, бо ў ліцэі імкнуцца рыхтаваць не толькі прафесійныя, а і канкурэнтаздольныя кадры. Таму і работу ладзяць з улікам аналізу рынку працы. Пералік прафесій пастаянна абнаўляецца. Ёсць магчымасці і для набыцця дадатковай прафесіі ў вячэрні час.

Зараз у ліцэі працуюць 55 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Усе педагогі добра арыентуюцца ў сваёй прадметнай галіне, валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Адметна, што педагогі нястомна працуюць над павышэннем сваёй прафесійнай кампетэнцыі. Калектыў ліцэя пастаянна займаецца інавацыйнай дзейнасцю, ажыццяўляе рэалізацыю разнастайных эксперыментальных праектаў, некаторыя з іх пасля рэкамендуюцца для распаўсюджвання і ўкаранення.

Галоўная асаблівасць ліцэя — матывацыя, стварэнне сітуацыі поспеху для навучэнцаў. Тут да кожнага навучэнца шукаюць свой падыход, вызначаюць яго ўласны патэнцыял, развіваюць здольнасці і дапамагаюць дасягнуць пэўнага поспеху, паверыць у сябе. Любы вучэбны дзень ва ўстанове пачынаецца з лінейкі, падчас якой навучэнцаў заахвочваюць нават за маленькія дасягненні. Гэта ліцэйская традыцыя вельмі матывуе падлеткаў на новыя здзяйсненні. У выніку з ліцэя выходзяць спецыялісты з развітымі сацыяльна-асобаснымі кампетэнцыямі, упэўненыя ў сабе і сваіх прафесійных уменнях.

Вельмі важным у дзявятым ліцэі лічаць належнае выхаванне падрастаючага пакалення. Тут дзейнічае ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб “Сокал”, дзе маладым людзям дапамагаюць вызначыцца ў жыцці, накіроўваюць іх на правільны шлях, прывіваюць сапраўдныя маральныя каштоўнасці. Як вынік — навучэнцы ўстановы бліскуча праяўляюць сябе ў розных напрамках. Яны паспяхова выступа­юць на творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, займаюцца даследчай дзейнасцю і, што асабліва значна, дэманструюць высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. Пацвярджэнне гэтага — пастаянныя перамогі на розных этапах руху WorldSkills.

Падчас урачыстай святочнай лінейкі прагучала шмат добрых слоў у адрас кіраўніцтва ліцэя, яго педагогаў і навучэнцаў. Многім прадстаўнікам установы былі ўручаны ганаровыя граматы. Дарэчы, такія віншаванні ліцэй прымаў на працягу цэлага тыдня.

— Ваша ўстанова адукацыі заўсёды адрознівалася высокімі паказчыкамі адукацыйнай дзейнасці. У апошні час ліцэй істотна абнавіўся. Гэта вынік таго, што ўвесь калектыў — кіраўніцтва, педагогі, майстры, навучэнцы — імкнецца да новых дасягненняў. Ваша навучальная ўстанова адметная яшчэ і асаблівым ліцэйскім духам, атмасферай агульнага яднання, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.Г.Лашкевіч, пасля чаго шчыра павіншаваў калектыў ліцэя са святам і ўручыў у якасці падарунка грашовы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Завяршылася ўрачыстасць закладкай капсулы з пасланнем у будучыню. Педагогі і навучэнцы прафесійнага ліцэя № 9 шчыра жадалі, каб іх навучальная ўстанова працягвала эфектыўнае функцыянаванне і дынамічнае развіццё.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.