Планамерна і ўзважана

Пасля выступлення міністра адукацыі І.В.Карпенкі з асноўным дакладам у абмеркаванні вынікаў работы сістэмы адукацыі за мінулы год і вызначэнні прыярытэтных напрамкаў дзейнасці прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, кіраўнікі навучальных устаноў, педагогі, студэнты. Сярод выступоўцаў — В.М.Ненартовіч, галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Вольга Мікалаеўна ў сваім выступленні паведаміла аб рэалізацыі новых падыходаў да дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Шляхі рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт 3.0” на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прадставіў яго рэктар, М.Я.Лусцянкоў. Аб рэгіянальным аспекце дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі расказаў А.М.Кунцэвіч, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Тэма эфектыўнай метадычнай работы як рэсурс павышэння якасці адукацыі гучала ў выступленні А.Ю.Сычовай, намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 51 Гомеля. Дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая азнаёміла ўдзельнікаў пасяджэння калегіі са стратэгіяй развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі на вопыце дзейнасці педагагічнага каледжа.

Студэнцкае самакіраванне як асoбая форма грамадскай дзейнасці студэнтаў было прадстаўлена ў выступленні І.Рыбнікава, старшыні грамадскага Рэспубліканскага студэнцкага савета, студэнта 5 курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

І.В.Петрышэнка і І.В.Карпенка ў час наведвання выставы адукацыйных дасягненняў.

У пасяджэнні калегіі прыняў удзел віцэпрэм’ер нашай краіны І.В.Петрышэнка. У сваім выступленні Ігар Віктаравіч адзначыў, што ў апошнія гады адметнай рысай развіцця сусветнай грамадскасці з’яўляецца ўзмацненне ўвагі да праблем адукацыі. Адукаваны чалавек, здольны самастойна засвойваць новыя веды, становіцца найважнейшай каштоўнасцю і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Адукацыя нашай краіны, з’яўляючыся часткай сусветнай адукацыйнай прасторы, у сваім развіцці павінна арыентавацца перш за ўсё на дзяржаўныя інтарэсы, улічваць нацыянальныя асаблівасці, падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

— Нам не патрэбны ні спешка, ні неразважлівасць, а прадуманыя, узважаныя рашэнні, — падкрэсліў Ігар Віктаравіч. — Як запатрабаваў кіраўнік дзяржавы на нядаўна праведзенай нарадзе па пытаннях адукацыі, сёння размова павінна ісці не пра кардынальныя змены і рэформы ў сістэме адукацыі, а пра планамерную работу па яе ўдасканаленні.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер, Міністэрству адукацыі неабходна прынцыпова прааналізаваць стан спраў на ўсіх узроўнях адукацыі, выявіць вузкія і праблемныя месцы і намеціць план дзеянняў па ўдасканаленні і развіцці сістэмы адукацыі з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада.

— Далучайце да гэтай работы навукоўцаў, педагогаў-практыкаў, калі трэба, незалежных экспертаў, — адзначыў Ігар Віктаравіч. — Кожны крок, кожная інавацыя павінны прайсці шырокае грамадскае абмеркаванне. Мы не маем права на памылкі, асабліва ў такой адчувальнай для грамадства сферы, як адукацыя.

Віцэ-прэм’ер спыніўся на некаторых пытаннях, якія неабходна вырашыць у найбліжэйшы час. Так, у прыватнасці, у дашкольнай адукацыі неабходна больш дзейсна вырашаць пытанні забеспячэння месцамі дзяцей у дзіцячых садках. У шэрагу раёнаў яшчэ захоўваецца чарга, не выконваецца сацыяльны стандарт, ёсць перапоўненыя групы ў дашкольных установах. У сувязі з гэтым органам кіравання адукацыяй усіх узроўняў неабходна прыняць меры па вырашэнні гэтых пытанняў, прыцягваць інвестараў, пашырыць сетку прыватных і сямейных дзіцячых садкоў.

— Пытанне з забяспечанасцю месцамі ў дзіцячых дашкольных установах мы павінны вырашыць да канца 2020 года, як ужо адзначыў у сваім дакладзе міністр адукацыі, — заявіў І.В.Петрышэнка.

На думку віцэ-прэм’ера, варта больш уважліва падысці да пытання знаходжання дзяцей у садках і школах, дзе ёсць групы прадоўжанага дня, з дзённым сном. Неабходны штодзённы кантроль за тэмпературным рэжымам у гульнявых і спальных памяшканнях, арганізацыяй харчавання дзяцей, выкананнем санітарных норм і правіл. Гэта тыя меры, якія дазваляюць у дашкольных установах і школах знізіць захворванні дзяцей, выключыць выпадкі іх траўміравання.

Ігар Віктаравіч адзначыў, што ў мінулым годзе адбылося 67 выпадкаў траўматызму дзяцей у дашкольных установах і 741 — у школах, прычым 258 — на ўроках фізічнай культуры. Гэтыя лічбы не могуць не турбаваць.

— Трэба прыняць дзейсныя меры па захаванні бяспекі дзяцей ва ўмовах знаходжання іх ва ўстановах адукацыі, — адзначыў І.В.Петрышэнка. — З гэтай мэтай неабходна праводзіць не фармальную, а рэальную, эфектыўную прафілактычную работу, накіраваную на папярэджанне няшчасных выпадкаў і траўміравання дзяцей.

У мінулым годзе ў дарожна-транспартных здарэннях загінулі 22 непаўналетнія, пры купанні ў рэках і вадаёмах — 30. Мяркуючы па гэтых лічбах, яшчэ далёка не ўсё зроблена, каб засцерагчы дзяцей ад небяспекі. Віцэ-прэм’ер прызваў, каб Міністэрства адукацыі разам з Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам аховы здароўя і іншымі зацікаўленымі больш дасканала вывучылі сітуацыю і выпрацавалі максімальна эфектыўны алгарытм дзеянняў па папярэджанні траўматызму і гібелі дзяцей.

Што тычыцца развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, то, на думку віцэ-прэм’ера, вельмі важна вырашыць пытанні павышэння якасці падрыхтоўкі навучэнцаў па дысцыплінах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, замежных мовах, пераемнасці і ўзаемасувязі вучэбных праграм і падручнікаў, ліквідацыі іх мудрагелістасці, арганізацыі эфектыўнага шостага школьнага дня і інш. Як адзначыў Ігар Віктаравіч, з 1 верасня дзеці павінны вучыцца па абноўленых праграмах і падручніках.

— Урад неаднаразова звяртаў увагу на аснашчэнне школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем, — заявіў віцэ-прэм’ер. — У гэтым годзе мы адшукалі фінансавыя сродкі і цэнтралізавана для школ набылі 12 тысяч пар пластыкавых лыж, мацаванняў чаравікаў.

А як ідуць справы з інвентаром па летніх відах спорту? У якім стане спартыўныя залы, школьныя стадыёны? Паводле статыстычных даных, забяспечанасць фiзкультурным i спартыўным інвентаром і абсталяваннем у школах складае ўсяго 65%, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 66%, сярэдняй спецыяльнай — 57,2%, вышэйшай — 51,1%.

Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што прыярытэтам у дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі павінна стаць не толькі павышэнне якасці ведаў навучэнцаў, але і захаванне, умацаванне іх здароўя. Ён даручыў Міністэрству адукацыі правесці маніторынг стану спартыўнай базы ўстаноў адукацыі, выпрацаваць разам з органамі кіравання ўсіх узроўняў канкрэтныя планы па абнаўленні і ўмацаванні спартыўнай базы, забяспечыць неабходнае фінансаванне.

На кантролі ва ўрадзе пастаянна знаходзяцца пытанні арганізацыі харчавання дзяцей, на што звярнуў увагу ў сваім выступленні і міністр адукацыі. На жаль, у гэтай сферы выяўлена шмат парушэнняў: недаўкладанне прадуктаў пры гатаванні страў, выкарыстанне прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, закупка сыравіны і прадуктаў па завышаных цэнах праз пасрэднікаў, парушэнне санітарнага рэжыму на харчаблоках і ў сталовых і шэраг іншых.

— Эфектыўная сістэма кантролю за арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі пакуль так і не створана, — заявіў Ігар Віктаравіч. — Трэба ўстанавіць у гэтай сферы самы дасканалы кантроль як з боку адпаведных органаў, так з боку саміх навучальных устаноў.

Віцэ-прэм’ер звярнуў увагу на неабходнасць павышаць канкурэнтаздольнасць і прэстыжнасць прафесійнай падрыхтоўкі ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны, выпрацаваць прынцыпова новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, прадугледжваючы пры гэтым пашырэнне падрыхтоўкі на замежных мовах, далучэнне да выкладчыцкай работы выкладчыкаў вядучых замежных універсітэтаў, дасведчаных айчынных кіраўнікоў і спецыялістаў-практыкаў.

— Трэба шукаць новыя інструменты, якія дазволяць узмацніць канкурэнтныя перавагі нашых устаноў адукацыі, — адзначыў Ігар Віктаравіч. — У сувязі з гэтым было б мэтазгодна развіваць адукацыйны турызм, які б прыцягнуў дадатковыя інвестыцыі ў сістэму адукацыі і ў эканоміку краіны ў цэлым.

Віцэ-прэм’ер засяродзіў увагу на тым, каб нацыянальная сістэма адукацыі стала ў поўнай меры канкурэнтна арыентаванай на патрэбы рынку працы. Па яго меркаванні, існуючая мадэль прафесійнай адукацыі з’яўляецца недастаткова адкрытай сучасным патрэбам эканомікі. У вучэбных планах устаноў адукацыі рэдка сустракаюцца такія формы навучання, як праектныя распрацоўкі, трэнінгі, стажыроўкі на вытворчасці і ў навукова-даследчых арганізацыях. Адукацыйныя стандарты і праграмы распрацоўваюцца, як правіла, выкладчыкамі саміх устаноў адукацыі і не ўлічваюць запыты рэальнага сектара эканомікі.

— Работа па іх пераглядзе не завершана, вучэбныя дапаможнікі і падручнікі ўніверсітэтаў, як і школьныя, патрабуюць удасканалення, — падкрэсліў Ігар Віктаравіч. — На гэта звяртае ўвагу прэзідэнт нашай краіны. Вучэбна-метадычны савет павінен больш старанна і прынцыпова падыходзіць да адбору рукапісаў выданняў, якія рэкамендуюцца ў якасці вучэбных дапаможнікаў. Неабходна наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне навучальных устаноў, універсітэцкай навукі з вытворчымі і прадпрымальніцкімі структурамі ў частцы фарміравання прафесійных стандартаў, вучэбных праграм, адсочвання якасці навучання, стварэння і падтрымкі матэрыяльнай базы навучальных устаноў.

На думку віцэ-прэм’ера, трэба больш пільна паглядзець на праблемы развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Трэба прызнаць, што да апошняга часу для большасці выпускнікоў школ шлях ва УВА з’яўляецца магістральным. Між тым добрую прафесійную падрыхтоўку можна атрымаць і ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Аднак у апошні час у эканамічным сектары спецыялісту з такой адукацыяй складана знайсці працоўнае месца. Трэба прызнаць, што большасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый аддае перавагу спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, выпуск якіх на рынак працы ажыццяўляецца ў дастатковай колькасці. Таму галіноваму міністэрству неабходна вызначыцца з перспектывамі развіцця гэтага ўзроўню адукацыі з улікам скарачэння тэрмінаў навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі і даволі высокімі лічбамі прыёму ва УВА.

Задача павышэння канкурэнтаздольнасці і якасці вышэйшай адукацыі павінна стаць прыярытэтнай у дзейнасці Міністэрства адукацыі. Ігар Віктаравіч звярнуў увагу на пытанне фінансавання УВА.

— Дзяржаўны бюджэт не павінен быць адзіным донарам сістэмы вышэйшай адукацыі, — заявіў віцэ-прэм’ер. — Неабходна перайсці да шматканальнага фінансавання вышэйшай школы. На падтрымку ўніверсітэтаў, абсталяванне лабараторый, фінансаванне навуковых даследаванняў, стварэнне новых вучэбных праграм і навуковых праектаў, аказанне мэтавай падтрымкі адораных і малазабяспечаных студэнтаў неабходна прыцягваць інвестыцыі і сродкі інавацыйных фондаў, спонсараў, развіваць пазабюджэтную дзейнасць.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што, у адпаведнасці з пастановай урада № 1016 “Аб некаторых пытаннях прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах”, з гэтага года каардынацыю гэтай работы будзе ажыццяўляць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з Міністэрствам эканомікі. На аснове даных гэтых міністэрстваў ў Міністэрстве адукацыі будуць сфарміраваны аб’ектыўныя канкрэтныя лічбы прыёму з улікам патрэбнасці эканомікі, дэмаграфічнага прагнозу і балансу працоўных рэсурсаў.

І.В.Петрышэнка закрануў пытанне развіцця лічбавай трансфармацыі, якую трэба развіваць больш імкліва. Істотна тармозіць гэты працэс недастатковая нарматыўная прававая база. Па гэтай прычыне не ў поўнай меры сёння развіваецца і дыстанцыйная адукацыя. Такім чынам, вялізны адукацыйны рэсурс, з дапамогай якога можна павялічыць экспарт адукацыйных паслуг, не выкарыстоўваецца ў поўным аб’ёме, адзначыў Ігар Віктаравіч.

— Сёння вядзецца аснашчэнне ўстаноў адукацыі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, закупляюцца дарагія сэнсарныя панэлі, манаблокі і г.д., — паведаміў віцэ-прэм’ер. — Але наколькі настаўнікі, выкладчыкі гатовы іх выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці? Відавочна, што непадрыхтаваны педагог не зможа арганізаваць патрэбнага ўзроўню работы. Таму новым выклікам для традыцыйнай сістэмы адукацыі становіцца неабходнасць закладваць асновы лічбавай адукаванасці на ўсіх узроўнях адукацыі, а гэта патрабуе карэкціроўкі і методык навучання, і стандартаў, і вучэбных праграм.

— Ці можам мы сёння запоўніць электронныя адукацыйныя рэсурсы якасным кантэнтам, які б адпавядаў пэўным узроставым, псіхалагічным, ідэалагічным і іншым крытэрыям? Відавочна, што ў поўнай меры не, —працягнуў віцэ-прэм’ер. — Трэба не забываць, што нашы дзеці з пялёнак жывуць у лічбавым асяроддзі. Сістэма адукацыі павінна шукаць новыя формы ўзаемадзеяння педагогаў з навучэнцамі, укараняць новыя тэхналогіі навучання. Да гэтага нам трэба быць гатовымі ўжо сёння.

Выхаванне грамадзяніна, патрыёта, далучэнне дзяцей і маладых людзей да здаровага ладу жыцця, спорту, фарміраванне непрымання алкаголю, наркотыкаў не менш важныя сёння, чым задачы ў сферы навучання, заявіў І.В.Петрышэнка. Таму неабходна ў выхаваўчай рабоце падрастаючага пакалення ўкараняць новыя эфектыўныя формы і метады, заснаваныя ў тым ліку на сучасных тэхналогіях. Трэба арганізаваць жывую, актыўную работу з навучэнскай моладдзю, далучаючы яе да грамадскага жыцця, валанцёрскай дзейнасці, студатрадаўскага руху. З універсітэта павінен выходзіць малады спецыяліст, які валодае сучаснымі ведамі, прафесійнымі ўменнямі, навыкамі і з’яўляецца годным грамадзянінам.

Напрыканцы выступлення І.В.Петрышэнка адзначыў, што за мінулы год у сістэме адукацыі праведзена вялікая работа. Дасягнуты пэўныя вынікі. Заслуга ў гэтым належыць у першую чаргу педагогам, работнікам органаў кіравання адукацыяй усіх узроўняў.

— Я хацеў бы падзякаваць вам за працу і выказаць упэўненасць, што разам з вамі мы паспяхова вырашым пастаўленыя задачы па далейшым развіцці і ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі, — падкрэсліў Ігар Віктаравіч Петрышэнка.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.