Планета дзяцінства

- 15:02Дашкольная адукацыя

Аўтарскі міжнародны сеткавы праект

Сеткавыя праекты даўно сталі эфектыўнай формай супрацоўніцтва прафесійных суполак у цэлым і педагагічных у прыватнасці. Міжнародны сеткавы праект “Планета дзяцінства”, вынік супрацоўніцтва педагогаў-дашкольнікаў краін СНД (Беларусі, Расіі і Арменіі), з’яўляецца своеасаблівай творчай задачай, пошук рашэнняў якой прадугледжвае максімальную актуалізацыю практычнага патэнцыялу педагагічных калектываў устаноў дашкольнай адукацыі. Яго аўтар — намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна Наталля Віктараўна Скорб.

Аўтарскі праект адпавядае канцэпцыі нацыянальнай адукацыйнай палітыкі краін СНД, у якой акцэнтуецца ўвага на неабходнасці распрацоўкі зместу дашкольнай адукацыі на аснове дыялогу культур, на пашырэнні маштабаў міжкультурнага ўзаемадзеяння і з’яўляецца альтэрнатыўным напрамкам вырашэння задач полікультурнай адукацыі, фарміравання сацыякультурнай талерантнасці, культуры міжэтнічных зносін дзяцей і дарослых.

Мэтай праекта з’яўляецца наладжванне прадукцыйнага ўзаемадзеяння дзяцей і дарослых дашкольных адукацыйных арганізацый і ўстаноў дашкольнай адукацыі ў поліэтнічнай адукацыйнай прасторы праз наладжванне дыстанцыйнага дыялогу.

Асноўнымі задачамі педагагічнага ўзаемадзеяння ў рамках праекта з’яўляюцца: забеспячэнне неабходных умоў для арганізацыі міжнародных камунікацый у рамках прафесійнай дзейнасці; фарміраванне ў дашкольнікаў полікультурнай кампетэнтнасці праз актыўныя ўзаемаўзбагачальныя зносіны і супрацоўніцтва; стварэнне прафесійнай платформы для ўзаемаабмену вопытам і творчымі прадуктамі педагагічнай дзейнасці бакоў, якія супрацоўнічаюць.

Рэсурснае забеспячэнне праекта: кадравыя рэсурсы (педагогі-удзельнікі, рэгіянальныя кіраўнікі праекта); матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы (наяўнасць неабходнага камп’ютарнага і інтэрактыўнага абсталявання, аргтэхнікі, сродкаў ІКТ); інфармацыйныя (доступ да сеткі інтэрнэт, наяўнасць сайта ўстановы, груп у сацыяльных сетках, узаемадзеянне са СМІ).

Удзельнікі праекта — гэта педагогі дашкольнай адукацыі краін СНД, выхаванцы і іх бацькі.

Сяброўства людзей розных краін на карысць міру і ўзаемаразумення асабліва цэніцца ў нашым свеце. А калі сябруюць паміж сабой дзеці — гэта каштоўна ўдвайне, таму што менавіта іх адкрытасць і шчырасць дазваляе верыць у правільнасць развіцця сучаснага грамадства.

Рэалізацыя праекта прадугледжвае міжнароднае ўзаемадзеянне дашкольных арганізацый-партнёраў у дыстанцыйным рэжыме ў кантэксце плана мерапрыемстваў праз выкарыстанне прымальных форм камунікацыі.

Тэрміны рэалізацыі праекта: 3 гады — з 2 ліпеня 2017 года па 31 мая 2020 года.

І этап — падрыхтоўча-арганізацыйны (ліпень — жнівень 2017 года). Асноўнымі напрамкамі гэтага этапу з’яўляюцца абгрунтаванне актуальнасці пабудовы прадукцыйнага міжнароднага ўзаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі; фармуляванне мэты і задач міжнароднага ўзаемадзеяння; вызначэнне напрамкаў рэалізацыі праекта праз дыстанцыйныя зносіны ўдзельнікаў у суполцы “Планета дзяцінства”; стварэнне адкрытых груп у сацыяльных сетках, рэгістрацыя ўдзельнікаў, складанне адзінага каталога адрасоў сетак Facebook, “УКантакце”; стварэнне органа кіравання працэсам рэалізацыі праекта — праўлення. Вызначальнай задачай дзейнасці праўлення праекта на гэтым этапе стаў мэтанакіраваны пошук партнёраў па міжнародным супрацоўніцтве праз арганізацыю рэкламнай кампаніі (рэклама ў е-mail-рассылках; рэклама ў сацыяльных сетках “Аднакласнікі”, “УКантакце”, Facebook). Паралельна з вывучэннем стану сучаснай практыкі міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі, пошукам прымальных спосабаў наладжвання дыстанцыйнага дыялогу праводзіцца аналіз матэрыяльна-тэхнічных і сацыяльна-педагагічных умоў супрацоўніцтва педагогаў краін СНД.

ІІ этап — рэалізацыйны (верасень 2017 года — красавік 2020 года).

Першапачаткова праект задумваўся як міжнародны абмен паштоўкамі паміж выхаванцамі і педагогамі-дашкольнікамі краін СНД — посткросінг. Гэтая з’ява далёка не новая. Можна сказаць, што гэта своеасаблівы спосаб міжнароднай перапіскі.

“Калі ў групе ўрачыста адкрываюць доўгачаканае пісьмо — вочы дзяцей гараць шчырай радасцю і непадробленай цікавасцю. Як захоплена дзеці разглядаюць дасланыя малюнкі, паштоўкі і цэлыя альбомы, што расказваюць пра жыццё дзяцей з далёкіх гарадоў і вёсак, з якімі іх звязала сяброўства па перапісцы. Мы, дарослыя, разумеем, што робім сапраўды неабходную справу: вучым дзяцей наладжваць адносіны, цаніць і паважаць розныя культуры, паказваем, што для сяброўства нястрашныя ніякія адлегласці”, — так адзываюцца педагогі-ўдзельнікі ДЦРД аб праекце.

Паступова падчас рэалізацыі праекта з’яўляліся новыя ідэі, жаданне пашырыць межы сяброўства праз выкарыстанне прымальных форм камунікацый. У план праекта былі ўключаны і паспяхова рэалізоўваюцца міжнародны тэматычны посткросінг “Сяброўства без меж”, абмен мультымедыйнымі прэзентацыямі “Давайце знаёміцца”, завочныя экскурсіі “Наш дзіцячы сад”, адпраўка відэапісьмаў “Гуляем разам”; абмен творчымі работамі выхаванцаў і педагогаў дашкольнай адукацыі “Нацыянальны подыум”, “Любімы горад” і інш.; міжнародны марафон “Кніга сяброўства”, конкурс “Тэхнастарт”, анлайн-канферэнцыі, сеткавыя конкурсы, прафесійныя квесты і інш.

Кожны напрамак супрацоўніцтва прапісваецца ў фармаце алгарытму рэалізацыі. Напрыклад, алгарытм рэалізацыі міжнароднага посткросінгу (рэалізоўваецца з 1 верасня 2017 года):

1. Тэма пісьма і паштоўкі ўдзельнікамі вызначаецца падчас адкрытага анлайн-галасавання ў групе праекта. У каталогу адрасоў выбіраецца адрасат.

2. Педагог праводзіць з дзецьмі азнаямляльныя мерапрыемствы на тэмы “Сябруюць дзеці ўсёй зямлі”, “Пра новы горад даведваемся”, “Як напісаць пісьмо”, “Пошта” і інш.

3. Вызначаецца змест пісьма (малюнкі, плакаты, калажы, кнігі-самаробкі і інш.) з абавязковай наяўнасцю паштоўкі.

4. Узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў па стварэнні пісьма.

5. Экскурсія на пошту з адпраўкай пісьма адрасату.

6. Размяшчэнне фота- і відэаматэрыялаў у групе праекта.

Алгарытм рэалізацыі марафону “Кніга сяброўства” (рэалізоўваеццца з 2 лютага 2018 года):

1. Вызначыць назву і тэматыку кнігі, якая ствараецца.

2. Адправіць заламінаваную вокладку кнігі і першы ліст па выбраным з каталога адрасе.

3. Дапоўніць пісьмо-пасылку картай з жаданым маршрутам руху кнігі.

4. Удзельнік марафону, які атрымаў пасылку, дапаўняе кнігу старонкамі, ставіць адзнаку на карце і адпраўляе наступнаму адрасату па намечаным у карце маршруце.

5. Апошні адзначаны на карце атрымальнік, выканаўшы п.3, вяртае кнігу адпраўшчыку.

Такім чынам, педагогі-дашкольнікі трох краін — Расіі, Беларусі і Арменіі — аб’ядналіся, каб пазнаёміць дзяцей з культурай, традыцыямі, гульнямі і мастацкай літаратурай іншых краін. У рамках праекта ў дзіцячых садах-удзельніках (у тым ліку і ў ДЦРД № 30) праводзяцца тэматычныя прэзентацыі, мэтавыя экскурсіі на пошту, дзеці сумесна з бацькамі і педагогамі з натхненнем пішуць і адпраўляюць дзецям з іншых краін калектыўныя пісьмы, у якіх расказваюць пра славутасці роднага горада, Беларусі.

Мерапрыемствы праводзяцца педагогамі з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту ў свабодны ад спецыяльна арганізаванай дзейнасці час. У канцы кожнага перыяду афармляюцца прадукты для ўзаемаабмену, якія раскрываюць этнакультурныя асаблівасці ўзаемадзеючых бакоў, праводзіцца выніковае мерапрыемства.

ІІІ этап — вынікова-аналітычны (май 2020 года).

Падвядзенне вынікаў рэалізацыі праекта і ацэнка адпаведнасці чаканым вынікам: наладжванне моцных і эфектыўных сувязей спецыялістаў у рамках міжнароднага супрацоўніцтва; павышаны ўзровень сфарміраванасці ў дашкольнікаў міжкультурнай кампетэнтнасці і сацыякультурнай талерантнасці; наладжаванне сістэмы ўзаемаабмену вопытам і творчымі прадуктамі дзейнасці бакоў, якія супрацоўнічаюць.
Зараз аўтарскі сеткавы праект налічвае 187 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Арменіі. Рэалізоўваецца ён пры падтрымцы ўдзельнікаў і арганізатараў Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольнай адукацыі краін СНД “Майстэрства без меж”, Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Наталля СКОРБ,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна.