Планшэты для эфектыўнага навучання кітайскай мове

- 10:13Адукацыйная прастора

У чацвер у сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы прадстаўніцтвам карпарацыі ZTE электронных сродкаў навучання. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне Цуй Цымін і першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Гімназія № 23 атрымала 20 планшэтаў і мультымедыйны праектар. Акрамя таго, у навучальнай установе абсталяваны 20 кропак доступу Wi-Fi. Усё гэта, па словах дырэктара Ірыны Пасюкевіч, будзе спрыяць яшчэ больш якаснаму вывучэнню кітайскай мовы.
Трэба адзначыць, што кітайская мова ў гімназіі вывучаецца ўжо на працягу дзевяці гадоў. У канцы гэтага навучальнага года вучні ўпершыню будуць здаваць выпускны экзамен па кітайскай мове. Разам з тым 23-я гімназія доўно славіцца сваімі навучэнцамі, якія не раз станавіліся пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды і конкурсу даследчых работ па кітайскай мове. Навучэнцы гімназіі не толькі пастаянныя ўдзельнікі, але і пераможцы алімпіяды-конкурсу “Мост кітайскай мовы”. Нават цяпер навучэнка 23-й гімназіі з беларускай мовай навучання Софія Яблонская абараняе гонар сваёй навучальнай установы і краіны ў Паднябеснай.
Пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі і прадстаўніцтва карпарацыі ZTE ў гімназіі па апошнім слове тэхнікі абсталяваны кабінет Канфуцыя, што, безумоўна, дазваляе рабіць вывучэнне кітайскай мовы максімальна эфектыўным і якасным. Як гэта адбываецца на практыцы, пасол Кітая і першы намеснік міністра адукацыі маглі ўбачыць на ўроку ў 7 класе. Ён быў прысвечаны каліграфіі кітайскай мовы, дзе і дзеці, і іх настаўніца Марына Анатольеўна Чуяшкова вельмі спрытна малявалі кітайскія іерогліфы на планшэтах.
У гімназіі з Пасольствам Кітая даўнія сяброўскія адносіны. Як заўважыла дырэктар навучальнай установы, яны ўжо нават не ўяўляюць свайго існавання без другога сакратара пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі па справах адукацыі Ван Дацзюна.
Пасол Кітая Цуй Цымін у сваім прывітальным слове таксама гаварыў пра сяброўскія адносіны. Ён падкрэсліў, што паміж нашымі краінамі склаліся цесныя сяброўскія адносіны, якія сёння працягваюцца актыўным супрацоўніцтвам ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў адукацыі.
“За апошнія гады лідары нашых краін дасягнулі шэрага пагадненняў па ўмацаванні супрацоўніцтва. У маі бягучага года адбыўся дзяржаўны візіт у Беларусь старшыні КНР Сі Дзіньпіна, які меў вялікае значэнне і закончыўся вялікім поспехам для далейшага ўсебаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
Дзеці і моладзь — будучыня беларуска-кітайскага сяброўства. Урад Кітая надае вялікае значэнне прафесійнаму развіццю маладога пакалення. У Беларусі вядзецца вельмі добрая падрыхтоўка знаўцаў кітайскай мовы і культуры, таму мы вельмі рады зрабіць свой уклад у развіццё нашых будучых пакаленняў”, — зазначыў пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін. У сваю чаргу першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш заўважыў, што для нашай краіны супрацоўніцтва з Кітаем таксама з’яўляецца вельмі важным і стратэгічным.
“Узаемадзеянне ў галіне адукацыі і культуры ствараюць базу для больш глыбокага і змястоўнага ўзаемадзеяння паміж краінамі і з’яўляецца асновай для далейшага развіцця адносін. І вельмі прыемна, што наша супрацоўніцтва ажыццяўляецца не толькі на ўніверсітэцкім узроўні, але і на школьным. Гэта дае магчымасць лепш даведацца адно пра аднаго, прыўносіць у адносіны цеплыню і эмоцыі”, — адзначыў Вадзім Анатольевіч.
“Характэрнымі асаблівасцямі ў адносінах паміж нашымі краінамі з’яўляецца высокі ўзровень палітычнага даверу, выніковае супрацоўніцтва і трывалая ўзаемная падтрымка, якая, у прыватнасці, аказваецца і нашай кампаніяй. Мы перадаём абсталяванне гімназіі № 23 Мінска для таго, каб навучанне беларускіх вучняў стала яшчэ больш эфектыўным”, — звярнуўся да прысутных дырэктар прадстаўніцтва карпарацыі ZTE Тан Лухао.
У адказ камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама за трывалае супрацоўніцтва падрыхтаваў лісты падзякі для пасла, Пасольства КНР і карпарацыі ZTE, якія ўручыла намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Кіндзірэнка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.