Планшэты, шахматы і пуцёўка ў жыццё

- 10:46Актуально, Апошнія запісы

30 снежня ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў і павіншаваў з надыходзячымі навагоднімі святамі выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча.

Сёння ў Крывіцкім спе­цыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы выхоўваюцца 53 падлеткі, 21 з якіх мае статус сіраты. Усім гэтым дзецям неабходны асаблівыя ўмовы выхавання.

“Як бы мы ні называліся, я ўпэўнены, дзеці ведаюць, што цяпла і дабра ў гэтых сценах хапае ўсім, — звярнуўся да гасцей установы і сваіх выхаванцаў дырэктар вучылішча Андрэй Мар’янавіч Дубаневіч. — Мы — адна сям’я, разам сустракаем святы. І гэты Новы год таксама су­стрэнем разам. Але хачу пажадаць сваім выхаванцам, каб усе далейшыя святы яны сустракалі са сваёй сям’ёй і сябрамі”.

Пра тое, што сустрэчы ў вучылішчы напярэдадні навагодніх свят ужо сталі заканамернасцю, адзначыў і міністр адукацыі.

“Стала добрай традыцыяй прыязджаць да вас перад Новым годам, — сказаў Ігар Васілье­віч Карпенка. — Сёння з намі прыехаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук, і гэта невыпадкова. Гэтая УВА вядзе мяне па жыцці. У вашай установе існуе шэраг спецыяльнасцей, і вучылішча стварае якасныя ўмовы, каб і вы таксама атрымалі якасную адукацыю. Сёння вы далёка ад сваіх родных, але дзяржава робіць усё магчымае, каб, нават спатыкнуўшыся, вы маг­лі падняцца, атрымаць пуцёўку ў жыццё і стаць канкурэнтаздольнымі”.

Ігар Карпенка пажадаў, каб Новы год выхаванцы вучылі­шча су­стрэлі з добрымі мэтамі і выйшлі з установы іншымі
лю­дзь­мі.

Не абышлося і без падарункаў: Міністэрства адукацыі прывезла выхаванцам вучылішча 20 планшэтаў, тэлевізар, а таксама спортінвентар, сярод якога мячы, шахматы, тэнісныя ракеткі. Безумоўна, салодкія падарункі і самы смачны сімвал Новага года — мандарыны — таксама паклалі пад ёлку.

“Заўсёды прыемна сустракацца і дарыць падарункі дзецям, — сказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Мікалаевіч Галубоўскі. — Новы год — гэта заўсёды новы пункт адліку для кожнага чалавека. Жадаю, каб вы не толькі ставілі мэты, але і дабіліся іх. Педагогі робяць усё магчымае, каб вы сябе адчувалі камфортна”.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук таксама далучыўся да віншаванняў і, размаўляючы з выхаванцамі вучылішча, прывёў цікавы і матывуючы прыклад.

“Уінстан Чэрчыль 3 гады не мог скончыць 8-ы клас, але ў выніку ён стаў прэм’ер-міністрам. Выступаючы ў Оксфардскім універсітэце перад студэнтамі, Чэрчыль зайшоў на трыбуну, паставіў палку і паглядзеў на аўдыторыю. Ён доўга глядзеў на студэнтаў і маўчаў, а пасля нахіліўся да мікрафона і сказаў тры словы: “Ніколі не здавайцеся”. Усе чакалі далейшых слоў ад прэм’ер-міністра, але ён вытрымаў паўзу і зноў паўтарыў: “Ніколі не здавайцеся”. Прыводзячы гэты прыклад, хачу сказаць, што ўсе людзі могуць рабіць памылкі, але ва ўсіх ёсць шанс выправіцца. І вы таксама ніколі не здавайцеся. На жаль, здарылася так, што вы апынуліся тут. Але ў вас ёсць магчымасць расці над сабой, займацца спортам і верыць, што ўсё будзе добра”.

Дарэчы, у 2017 годзе БДПУ атрымаў прэмію прэзідэнта “За духоўнае адра­джэнне”: ва ўніверсітэце створана эфектыўная сістэма сацыяльна значнай валанцёрскай дзейнасці.

“Усю суму, якую мы атрымалі, перадалі вашай установе, каб вы маглі вучыцца, займацца спортам і атрымліваць рабочую прафесію”, — адзначыў А.І.Жук.

Святочны дзень не абышоўся і без казкі: у госці да выхаванцаў прыйшлі Дзед Мароз і Снягурка, якія разам з падлеткамі праспявалі навагоднія песні, а пасля загадалі ім загадкі і ўручылі падарункі. Навагодні настрой стварылі творчыя калектывы БДПУ: з канцэртнай праграмай выступілі танцавальны праект “Арт-Юніці”, народны ансамбль “Ярыца” і Алеся Сівохіна, якая прадставіла народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.