Аб нарматыўным планаванні расходаў устаноў адукацыі ў 2023 годзе расказвае начальнік Галоўнага ўпраўлення эканомікі адукацыі галіновага міністэрства Ірына БЕБЕХ.
— Ірына Аляксандраўна, напэўна, трэба пачаць размову з перадгісторыі пераходу з каштарыснага на нарматыўнае планаванне расходаў устаноў адукацыі. Наша газета шмат разоў пісала пра эксперымент падушнага фінансавання.
— Сапраўды, каб перайсці на новы від фінансавання нашых устаноў адукацыі, мы 4 гады рэалізоўвалі пілотыя праекты па ўкараненні нарматыўнага планавання расходаў ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі і 3 гады — ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У праектах удзельнічалі сельскія і гарадскія школы, дашкольныя ўстановы, установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па сутнасці, эксперымент разгарнуўся ва ўсіх рэгіёнах краіны. З кожным годам колькасць эксперыментальных пляцовак расла. У ходзе пілотных праектаў мы вывучалі новыя падыходы да фінансавання, шукалі шляхі іх удасканалення, рабілі высновы. Урэшце выйшлі на той алгарытм дзеянняў, згодна з якім з 1 студзеня 2019 года ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, з 1 студзеня 2021 года ўстановы дашкольнай адукацыі, а з 1 студзеня 2022 года ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія падпарадкаваны структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, перайшлі з каштарыснага на нарматыўнае фінансаванне
— А якое галоўнае адрозненне каштарыснага фінансавання ад нарматыўнага?
— Калі гаварыць коратка, то раней, каб запланаваць суму фінансавых расходаў, якая прадугледжвалася на ўтрыманне той ці іншай установы адукацыі на наступны год, праводзілася індэксацыя тых расходаў, якія былі выдаткаваны ў папярэднім годзе. А пры нарматыўным фінансаванні выдзяленне сродкаў адбываецца згодна з нарматывам з разліку на аднаго навучэнца.
Чытайце ў дадатку “Школа кіравання” ў нумары ад 17 студзеня 2023 года.