Планы на цёплае лета

- 12:41Нам пішуць

Чым заняцца летам падлетку? На гэта пытанне адказалі педагогі і вучні Воранаўскага раёна на першай раённай выставе-кірмашы “Лета — 2018”.

З прапановамі летняга адпачынку спярша пазнаёміліся ў фае Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і дасуга, дзе была арганізавана творчая выстава-прэзентацыя з летніх аздараўленчых лагераў дзённага і кругласутачнага знаходжання з усяго раёна.

Прысутных на выставе-кірмашы было шмат: і прадстаўнікі службаў і ведамстваў раёна, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, дырэктары дзіцячых аздараўленчых лагераў, прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў школ раёна, а таксама даўнія сябры — дацэнты кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Р.Казлоўскі і А.Сабуць.

Прывітальнай прамовай адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Ганевіч: пазнаёміла з работай па аздараўленні дзяцей у Воранаўскім раёне, расказала аб поспехах і дасягненнях у пытаннях летняй занятасці.

Затым — прэзентацыя летнікаў, якая прайшла ярка і цікава. Прадстаўнікі летніх пляцовак рэкламавалі сваю дзейнасць і запрашалі школьнікаў правесці летнія вакацыі 2018.

Самы папулярны ў дзяцей лагер — “Рамонак”. Штогод за чатыры змены тут аздараўляецца каля трохсот хлопчыкаў і дзяўчынак. Для камфортнага адпачынку створаны ўсе ўмовы, а галоўнае — правільнаее і рацыянальнае харчаванне. У 2016 годзе “Рамонак” быў прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Здаровае харчаванне — здаровыя мы”, а ў 2017 годзе — у намінацыі “Лепшы загарадны лагер”.

Юныя ўдзельнікі лагера “Брыганціна” дзённага знаходжання Паляцкішскай СШ распавялі, як добра ім адпачываецца, колькі цікавага і карыснага даведаюцца за час канікул і якія цудоўныя там выхавальнікі.

Прэзентацыя лагера Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі была музычнай і прапанавала не менш насычаны адпачынак: экскурсіі, паездкі, канцэрты і пленэры. Кожны дзень тут “размаляваны” яркімі фарбамі “каляровых алоўкаў”.

Дзевяць дзён лета ў зялёных берэтах можна правесці ў палатачным ваенна-патрыятычным лагеры з кругласутачным знаходжаннем “ДОТ_Патрыёт” Доцішскай сярэдняй школы, які арганізоўваецца сумесна з пагранічнікамі заставы “Доцішкі”.

Праект рэалізоўваецца ўжо два гады. Унікальнасць яго ў тым, што ўдзельнікі лагера паглыбляюцца ў рэальныя будні пагранічнай заставы: жывуць па рэжыме дня, максімальна набліжаным да рэжыму вайскоўцаў, удзельнічаюць у баявым разліку, ахове граніцы, праходзяць страявую, баявую і спецыяльную пагранічную падрыхтоўку. Тут усё, як на пагранзаставе: паходы, затрыманні парушальнікаў граніцы, навучальныя трывогі, а яшчэ — вечары каля вогнішча, гарачая юшка і песні пад гітару.

А галоўнае, што ўвесь гэты час — 9 дзён і 8 начэй — хлопчыкі і дзяўчынкі падлеткавага ўзросту не бадзяюцца без справы па вуліцах, не праседжваюць гадзінамі ў віртуальнай зносінах, а цікава, весела, з карысцю адпачываюць, набіраюцца здароўя, развіваюцца фізічна і інтэлектуальна.

Тых, хто любіць не толькі адпачываць, але і працаваць, запрашае дзіцячы аздараўленчы лагер “Вось яно якое, наша лета працоўнае” Радунскай сярэдняй школы. Дарэчы, у мінулым сезоне ён стаў прызёрам абласнога агляду-конкурсу ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй”.

Было што прапанаваць на кірмашы і тым, хто любіць спорт. Іх вольны час пад сваё крыло ўзяла спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву.

Ёсць вучні, якім цікавей вывучаць культурную спадчыну, збіраць фальклор і адпачываць разам. Для іх у Канвелішскім ВПК ужо не першы год дзейнічае сумесны з выкладчыкамі і студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы лагер кругласутачнага знаходжання “Канвалія”.

А вось разумнікаў і разумніц — пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый — запрашае раённы лагер “Навука”.

За лепшую арганізацыю летняга адпачынку начальнікам лагераў былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Завяршэннем форуму стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці школ раёна.

Валянціна ЛЮЛЕНКА,
дырэктар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.