Як працуе сістэма, што дазваляе навучэнцам самастойна асвоіць усе тэхнічныя элементы плавання або паўтарыць ужо засвоены матэрыял?
Эксперыменту кампліменты
Старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юлія Уладзіміраўна Мазур упэўнена, што карыснае і цікавае можна і нават трэба сумяшчаць. Галоўнае — ісці ў нагу з часам і не баяцца эксперыментаваць. Яна ўжо распрацавала некалькі інавацыйных методык, якія робяць вучэбны працэс больш камфортным і эфектыўным.
— Мая навуковая дзейнасць пачалася са стварэння аўтаматызаванай вучэбнай методыкі па раздзелах “Асновы тэхнікі плавання” і “Методыка навучання спартыўным спосабам плавання”, — расказала Ю.У.Мазур. — У рамках гэтага комплексу я распрацавала сістэму, якая дазваляе навучэнцам самастойна асвоіць усе тэхнічныя элементы плавання або паўтарыць ужо засвоены матэрыял. Дзякуючы гэтаму, закладваецца магутная тэарэтычная база, якая замацоўваецца на практычных занятках у басейне.
Курс “Асновы тэхнікі плавання” падзелены на тры блокі: “Знаёмства”, “Паглыблены курс” і “Кантроль ведаў”. Гэта неабходна для паўнавартаснага засваення матэрыялу студэнтамі. У раздзеле “Методыкі навучання спартыўным спосабам плавання” маладыя людзі вывучаюць спецыялізаваныя практыкаванні, камбінуюць іх у патрэбнай паслядоўнасці, а потым выкарыстоўваюць на практыцы.
Спачатку аўтаматызаваная вучэбная методыка ўводзілася ў адукацыйны працэс у якасці эксперымента, але вопыт аказаўся настолькі паспяховым, што яна выкарыстоўваецца па сённяшні дзень. На яе аснове падрыхтаваны і лічбавы вучэбна-метадычны комплекс, які цяпер праходзіць сертыфікацыю. У ім можна знайсці ўвесь курс па навучанні спартыўным спосабам плавання, прычым кожныя заняткі прадстаўлены на адукацыйным партале ў выглядзе розных інтэрактыўных заданняў, лекцый, тэсціравання ведаў. Пасля паспяховага заканчэння сертыфікацыі комплекс будзе інтэграваны ў вучэбны працэс.
Прыемнае з карысным
Асвоіўшы сістэму электроннага навучання, Юлія Уладзіміраўна вырашыла пайсці далей — укараніць у адукацыйны працэс новы фармат H5P. Ён адкрывае шырокі спектр магчымасцей і робіць вучобу больш цікавай і займальнай:
— Дзякуючы H5P, кожны выкладчык можа самастойна распрацоўваць інтэрактыўныя заданні. Яны адыходзяць ад класічнага фармату завучвання і чапляюць студэнтаў тым, што нагадваюць гульню. Матэрыял той жа, але спосаб яго засваення мяняецца. Навучэнцы не проста чытаюць тэкст, імкнучыся яго запомніць, а выконваюць разнастайныя заданні па перамяшчэнні ключавых слоў і складанні дакладнай паслядоўнасці практыкаванняў.
Яшчэ адна фішка H5P — тэматычныя відэа і малюнкі, якія не проста “вісяць” без справы, а ўзаемадзейнічаюць са студэнтам. Менавіта дзякуючы гэтаму фармату мне ўдалося зрабіць свой вучэбна-метадычны комплекс такім інтэрактыўным і насычаным. H5P дапамагае арганізаваць эўрыстычную гутарку нават на звычайнай лекцыі, уцягваючы ў адукацыйны працэс усіх навучэнцаў. Гэта і розныя варыянты тэсціравання, і ўпісванне прапушчаных слоў, і заданні на ўважлівасць, і крыжаванкі, і “Хто хоча стаць мільянерам”… Прычым усё гэта падаецца ў строгай адпаведнасці з тэмамі, якія неабходна прайсці ў рамках дысцыпліны.
Цяпер я знаходжуся на стадыі апрабацыі гэтага цуду тэхнікі, але ўжо чула шмат станоўчых водгукаў ад студэнтаў. Яны кажуць, што атрымалі выдатную магчымасць і веды падцягнуць, і добра правесці час.
Хлёрка — снеданне чэмпіёнаў
Аўтаматызаванай вучэбнай методыкай і ўкараненнем фармату H5P інавацыйная дзейнасць Юліі Уладзіміраўны не абмяжоўваецца. Яшчэ адна яе распрацоўка — вэб-квест. Ён быў створаны ў рамках адукацыйнага марафону “Купалаўскія праекты — 2022” і ўяўляе сабой цэлую гісторыю, складзеную на аснове тэм вучэбнай праграмы.
— Не так даўно я была куратарам у студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў творчым конкурсе “Alma mater — каханне з першага позірку”, — падзялілася выкладчыца. — Падрыхтаваўшы цікавы праект па матывах фільма “Сямейка Адамс”, мае падапечныя атрымалі ў ім перамогу. Іх ідэя мне запомнілася, і я вырашыла ўдыхнуць у яе новае жыццё.
Вэб-квест называецца “Хлёрка —снеданне чэмпіёнаў” і расказвае пра афіцыйныя правілы спаборніцтваў па плаванні. Тэма даволі складаная, але, дзякуючы інтэрактыўнай гісторыі, засвоіць матэрыял куды лягчэй. Па сюжэце ўдзельнікам гульні неабходна дапамагчы Пагслі і Уэнздзі падрыхтавацца да здачы заліку. На самай справе, яны дапамагаюць сабе, бо залік чакае і іх. (Усміхаецца.)
Праверана на практыцы
Юлія Уладзіміраўна дапамагае навучэнцам не толькі засвойваць тэорыю плавання як вучэбнай дысцыпліны, але і дасягаць перамог на профільных спаборніцтвах. Яе падапечная Кацярына Андраюк — студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы — стала чэмпіёнкай Рэспубліканскай універсіяды па плаванні сярод студэнтаў.
— Каця ў школьныя гады займалася плаваннем. Потым паступіла ў наш універсітэт і ўзяла перапынак у спартыўнай кар’еры прыкладна на год. Затым прыйшла да мяне на заняткі ў якасці альтэрнатывы звычайным парам па фізкультуры. Праз нейкі час дзяўчына вярнула былую форму і вырашыла прыняць удзел у спаборніцтвах.
З Кацяй вельмі лёгка працаваць, таму што яна дысцыплінаваная. У яе ёсць жаданне трэніравацца і імкненне паказаць максімум. У гэтым і заключаецца сакрэт перамогі. Выдатна, калі твае методыкі і вопыт дапамагаюць студэнтам не толькі трывала засвоіць тэарэтычную базу, але дасягнуць выніку на дарожцы ў басейне, — упэўнена Ю.У.Мазур.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.