Плітачная мазаіка

- 11:27World Skills

На Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Kazan — 2019 у прафесійнай кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай” нацыянальную зборную нашай краіны будзе прадстаўляць Канстанцін Беразенка з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, які ўзначальвае А.М.Ласякін. На чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018 Канстанцін заняў 2-е месца. За год, які прайшоў з апошняга чэмпіянату, Канстанцін паспяхова скончыў каледж па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, і кіраўніцтва ўстановы запрасіла яго працаваць у каледжы ў якасці майстра вытворчага навучання. Дырэктар каледжа ні разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Цяпер калектыў кліча маладога майстра Канстанцінам Віктаравічам, характарызуе яго з самага лепшага боку, лічыць вельмі адказным, старанным, працаздольным чалавекам, які творча падыходзіць да сваёй справы і ставіцца да яе з натхненнем.

Малады майстар праяўляе вялікую цікавасц­ь да сваёй прафесіі, не любіць стаяц­ь на адным месцы, пастаянна імкнецца ўдасканальваць свае веды і прафесійныя навыкі, укараняць сучасныя тэхналогіі будаўнічай галіны, засвойвае новыя прыёмы і метады апрацоўчых работ. У прафесійным росце Канстанцін Беразенка ў многім абавязаны свайму майстру В.В.Рэйнгольду, які развіў у ім творчы запал, кемлівасць, самастойнасць і мэтанакіраванасць. К.Беразенка, як і ў час вучобы, праяўляе актыўнасць у жыцці каледжа, удзельнічае ў спартыўных, выхаваўча-забаўляльных мерапрыемствах і інш.

Нацыянальны эксперт WorldSkills І.Р.Удавенка паведаміў, што на сённяшні дзень Канстанцін Беразенка праходзіць трэніроўкі па ўдасканаленні прафесійнага майстэрства ў абліцоўцы пліткай. Як адзначыў эксперт, заданне, якое чакаецца на міжнародным чэмпіянаце (па ўмовах конкурсу яно даводзіцца да канкурсантаў перад чэмпіянатам у адпаведнай працэнтнай колькасці), істотна змянілася ў параўнанні з папярэднімі чэмпіянатамі. А гэта, безумоўна, патрабуе дадатковых заняткаў, трэніровак, каб адшліфоўваць прафесійныя навыкі яшчэ больш. Так, у прыватнасці, у адрозненне ад ранейшых заданняў, калі ў асноўным  трэба было абліцоўваць пліткай падлогу і сцены, у сёлетнім спаборніцтве ў Казані заданне будзе ўскладнена. Пры абліцоўцы сцяны звычайнай пліткай трэба будзе пакласці плітку памерам 5х5 см у выглядзе мазаікі зададзенага ўзору. Гэта, бясспрэчна, ускладніць работу, спатрэбіцца яшчэ больш дакладна вывяраць кожны рух і пры гэтым не забываць, што трэба ўкласціся ў адве­дзены час. Як ужо адзначалася многімі экспертамі, нашы канкурсанты пакуль цяжка спраўляюцца з хваляваннем на конкурсах сусветнага маштабу і псуюць свае вынікі менавіта маруднасцю пры выкананні задання. Каб перасіліць гэтую загану, трэба шмат трэніравацца ў выкананні тых ці іншых дзеянняў, прычым мяняць пляцоўкі, каб прывыкаць да дзелавой атмасферы ў розных умовах. З гэтай мэтай, а таксама з мэтай пазнаёміцца з  падрыхтоўкай іншай нацыянальнай каманды да міжнароднага чэмпіянату ў найбліжэйшы час К.Беразенка разам з экспертам І.Р.Удавенкам наведаюць Данію. Трэба сказаць, што Ігар Рыгоравіч Удавенка — вопытны эксперт. Свой працоўны шлях ён пачынаў майстрам вытворчага навучання ў Мінскім дзяржаўным  прафесійным ліцэі № 12 будаўніцтва, потым працаваў выкладчыкам, а цяпер — намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні ліцэя. Ігар Рыгоравіч удзельнічаў у нацыянальных спаборніцтвах WorldSkills, выязджаў на міжнародныя, і ўсюды яго выхаванцы паказвалі добрыя вынікі. Спадзяёмся, што і ў Казані Канстанцін Беразенка не падвядзе.

Ала КЛЮЙКО.