Плячо сябра ў псіхалагічнай адаптацыі

Дзяржаўныя структуры, дабрачынныя арганізацыі, валанцёры дастаткова плённа працуюць сёння з выхаванцамі дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, дамоў-інтэрнатаў для інвалідаў і састарэлых асоб. Але вучні надомнай формы навучання, можна сказаць, застаюцца па-за іх увагай. Студэнты-валанцёры медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта разам з педагагічным калектывам сярэдняй школы № 31 Гродна распачалі сацыяльны праект “Плячо сябра”, мэта якога — садзейнічанне псіхалагічнай адаптацыі і паляпшэнню эмацыянальнага стану дзяцей надомнай формы навучання, фарміраванне і падтрымка вучэбнай і прафесійнай матывацыі.

Дзеці, якія вучацца дома, адчуваюць даволі вялікі дыскамфорт адносна сваёй сацыяльнай адаптацыі ў грамадстве. Бацькі не заўсёды здольныя стварыць для іх умовы, якія дазвалялі б ім нармальна развівацца, вучыцца, шукаць шляхі да самарэалізацыі. Псіхалагічна замкнёныя толькі на сваёй сям’і і настаўніках, якія прыходзяць дадому даваць урокі, вучні-надомнікі паступова губляюць цікавасць да ведаў і самаўдасканалення і пачынаюць моўчкі і адзінока перажываць свае праблемы. Ім не хапае разнастайнасці і падзей у жыцці, сяброўскіх зносін з равеснікамі.

Асаблівую ўвагу студэнты-валанцёры медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта разам з педагагічным калектывам сярэдняй школы № 31 Гродна ў межах сацыяльнага праекта “Плячо сябра” ўдзяляюць павышэнню ўзроўню самаацэнкі дзяцей і папярэджанню ўзнікнення ў іх пачуцця ўласнай непаўнацэннасці. Аказваюць дапамогу і ў прафесійным самавызначэнні дзяцей у рамках праекта “Роўны навучае роўнага”. Да праекта таксама былі далучаны выпускнікі-надомнікі 31-й школы, якія ўжо рэалізавалі сябе ў грамадстве, а таксама супрацоўнікі кафедры педагогікі і псіхалогіі медыцынскага ўніверсітэта. Ёсць ужо і пэўныя пазітыўныя вынікі. Напрыклад, вучань 10 класа надомнай формы навучання Уладзіслаў Крот стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу творчых работ школьнікаў “Людзі і словы”.

Прайшло арганізацыйнае пасяджэнне клуба вучняў-надомнікаў, падчас якога дзеці пазнаёміліся адно з адным, абмяняліся карыснай інфармацыяй і наведалі сваіх аднагодкаў, якія не маюць магчымасці самастойна выходзіць з кватэры. Студэнты-валанцёры выпрацавалі план работы з вучнямі, склалі сацыяльна-псіхалагічныя карты для іх, пазнаёміліся з іх бацькамі. У бліжэйшы час плануецца павялічыць колькасць вучняў-надомнікаў, з якімі будзе праводзіцца работа. Да гэтага будуць далучаны новыя студэнты-валанцёры, якія будуць улічваць папярэдні вопыт. Плануецца часцей наведваць дзяцей дома і ахопліваць візітамі большую колькасць вучняў, штогод праводзіць выпускны баль і вечар сустрэчы выпускнікоў для надомнікаў у рамках школьных мерапрыемстваў, арганізоўваць педагагічныя семінары для бацькоў такіх дзяцей, а таксама рыхтаваць дабрачынныя акцыі з мэтай прыцягнення афіцыйных і дабрачынных арганізацый да праблем вучняў-надомнікаў.

Дзеці надомнай формы навучання вельмі розныя па характары, захворваннях, ступені адаптаванасці ў грамадстве, але яны — нашы грамадзяне, і ім патрэбна наша дапамога. Таму хочацца верыць, што гэты праект хаця б крышачку сагрэе і іх сэрцы.

 

Валянціна ВАРАНЕЦ,
педагог сярэдняй школы № 31 Гродна,
Віктар ВАРАНЕЦ,
намеснік дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта ГрДМУ.