Пляцоўка для крэатыву

- 10:48Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Чым бы цікавым і карысным заняцца пасля ўрокаў ці ў выхадныя дні? Адказ на гэтае пытанне шукаюць і дзеці, і бацькі. На іх выбар — заняткі ў розных аб’яднаннях па інтарэсах як у анлайн-­, так і афлайн­-фармаце.

Адкрыццё абласнога тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі прайшло ў Салігорску. Удзель­нікаў і гасцей свята чакалі творчыя прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах, тэматычныя пляцоўкі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, інтэрактыўныя пляцоўкі “Гонка, хут­касць, драйв, адрэналін”, “Юны рыбалоў”. Маштабна і святочна была прадстаўлена дзіцячая творчасць падчас флэш-мобу Dancestreet, Rock Battle і на тэатральным перформансе Shahta.by.

Не пакінулі абыякавымі ўдзель­нікаў свята наведванне міні-заапарка, удзел у піяр-­акцыі “Актыўная субота. Музей для ўсіх”, этнапляцоўцы “Беларускі каляндар”, прэзентацыі Modern Art Proekta “Будучыня цяпер”. Таксама гледачы змаглі наведаць выставы і фотазоны “Летапіс майго горада” і “Крокі ў навуку”.

— У прыярытэце работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці — стварэнне адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу кожнага дзіцяці. Заняткі любой творчасцю развіваюць крэатыўны погляд на штодзённыя рэчы, а гэта ў будучыні спатрэбіцца пры выбары прафесіі, — упэўнена начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Цвірко.

З 3 па 5 верасня хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі самых розных сацыяльна значных мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўсіх раёнах Міншчыны. Так, у Мала­дзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Мала­дзік” ты­дзень адкрыўся пад дэвізам “Стартуем разам!”. Навучэнцы паў­дзельнічалі ў танцавальным флэш-мобе “Сярэбраная дыс­катэка”, майстар-класах па розных напрамках дзейнасці “Арт без перашкод!”.

Музейны перформанс чакаў гасцей Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Смілавіч Чэрвеньскага раёна. Адкрыла яго выстава “Вайна і любоў”, прысвечаная творчасці заслужанага архітэктара Беларусі аўтара вядомых мемарыяльных комплексаў у нашай краіне Леаніда Левіна.

Падчас тыдня ў Цэнтры творчасці, турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна прайшла канцэртна-забаўляльная праграма “Першакласны паход”. Ярка і крэатыўна прайшлі сустрэчы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна: адбыліся флэш-моб “У рытме творчасці”, крэатыў-фэст “Творчасці — так!”, хэпенінг Arthouse, майстар-класы, шахматна-шашачны турнір.

Наведвальнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна знаёміліся з аб’яднаннямі па інтарэсах падчас квест-гульні, удзелу ў майстар-класах, спартыўных гульнях, флэш-мобе “Мы разам!”. На маштабным свяце “Мой вольны час у свеце творчасці” ў Барысаўскім раёне прайшлі гульнявыя праграмы, майстар-класы, адбылася прэзентацыя клуба “Змешаныя адзінаборствы”.

У дзень адкрытых дзвярэй навучэнцы Дзяржынска наведалі экспрэс-заняткі “Цуды сваімі рукамі”, пазлRaise “Свет дзіцячай творчасці”, творчую майстэрню “Адкрываем цуды”, арт-віктарыну “Палітра крэатыву”, пленэр юных мастакоў, а яшчэ гульнявыя праграмы, конкурсы, майстар-класы, фотазоны і выставы.

Свежыя ідэі

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна адкрываюцца студыя “Дызайн”, школа маладога вядучага і клуб “Зносіны”. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна дзеці з гэтага года змогуць займацца тэхнічным мадэляваннем, праграмаваннем, а таксама наведваць ваенна-патрыятычныя клубы “Патрыёт” і “Спадчыннікі”.

Новыя аб’яднанні тэхнічнага профілю ў Мінскім раёне — “Электроніка для пачаткоўцаў”, “Асновы радыёкіруемых і кордавых аўтамадэляў”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Робататэхніка”. Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці ў гэтым годзе набірае дзетак у аб’яднанні па інтарэсах “Жывое слова”, “Журналістыка”, “Хачу ўсё ведаць”, “На шляху да ведаў”, “Знаўцы”, “Эрудыт”, “Разумнікі і разумніцы”. У Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будуць вучыць працаваць з квадракоптарамі і LEGO-канструктарамі.

У Мінскай вобласці на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі плануецца пашы­рыць сетку аб’яднанняў па інтарэсах, клубаў, STEM-класаў тэхнічнага профілю, у тым ліку і па новых профілях: мастацка-маўленчым, сацыяльна-камунікатыўным, інтэлектуальна-пазнавальным.

Марына КУНЯЎСКАЯ.