Пляцоўка для самарэалізацыі аўтараў

- 9:30Культура

Застаюцца лічаныя дні да старту XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая будзе насычана разнастайнымі мерапрыемствамі, сустрэчамі з аўтарамі і прэзентацыямі навінак айчынных і замежных выдавецтваў. Адной з найбольш важных кніжных падзей стане падвядзенне вынікаў першага ў краіне літаратурнага стартапа LitUp, пераможцы якога ўвойдуць у прыярытэтны выпуск дзяржаўных выдавецтваў.

Першы рэспубліканскі літаратурны конкурс LitUP праводзіцца для пошуку, падтрымкі і папулярызацыі новых перспектыўных беларускіх аўтараў і кніжных праектаў. На сёння арганізатары выставы-кірмашу — Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі — атрымалі больш за 100 заявак.

“Галоўная ідэя гэтага літаратурнага праекта ў тым, каб знайсці як мага больш цікавых і яркіх імёнаў. На сёння мы атрымалі больш за сто заявак па такіх намінацыях, як “паэзія”, “проза”, “дзіцячая літаратура”, “літаратура для падлеткаў”, “нон-фікшн”. І мне прыемна, што сярод іх ёсць як вядомыя імёны, так і зусім незнаёмыя, якія, магчыма, у найбліжэйшай перспектыве стануць пісьменнікамі і змогуць надрукаваць свой твор сумесна з выдавецтвамі або спонсарамі, — сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — З аднаго боку, LitUP — гэта пляцоўка для самарэалізацыі, а з другога — пошук выдавецтвамі сваёй мэтавай аўдыторыі, а таксама новых тэм і праектаў, якія будуць паспяхова прадавацца”.

Арганізатары LitUP вырашылі адысці ад паняцця “журы”. “Не хацелася, каб члены журы выбралі нейкія творы, назвалі іх лепшымі, а далей — цішыня. Праект у першую чаргу павінен зацікавіць патэнцыяльных інвестараў, а імі стануць усе, хто прыйдзе да нас на галоўную пляцоўку нашага кніжнага форуму. Таму і ацэньваць канкурсантаў будуць тыя людзі, якія ў далейшым збіраюцца ўкласціся фінансава і арганізацыйна ў выданне іх твораў. І зараз хочацца звярнуцца да патэнцыяльных інвестараў, прадаўцоў, прадстаўнікоў выдавецтваў і банкаўскай сферы і запрасіць іх прыйсці на прэзентацыю ўдзельнікаў нашага конкурсу. Дарэчы, на сёння вядома, што каля 20 расійскіх выдавецтваў пры­муць удзел у Мінскай кніжнай выставе-кірмашы і мо­гуць таксама стаць партнёрамі ўдзельнікаў стартапа. Мы павінны прырастаць новымі ідэямі, якія стануць “смачнымі” для чытача. Нам неабходна знайсці праекты, якія будуць нарасхват”, — патлумачыў намеснік міністра.

XХVIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе пад дэвізам “Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны” з 18 па 21 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Цэнтральны экспанент форуму — Садружнасць Незалежных Дзяржаў, якая сёлета святкуе сваё 30-годдзе. Галоўная экспазіцыя будзе аформлена як адзіны агульны дом, у якім 11 “пакояў”. Здзівяць наведвальнікаў і арганізатары нацыянальнага стэнда: айчынныя выдавецтвы пакажуць кнігі, якія ўбачылі свет у 2020 годзе. Урачыстае адкрыццё выставы-кірмашу адбудзецца а 12-й гадзіне 18 лютага.

Такі літаратурны конкурс выгадны як для ўдзельнікаў, так і для кнігавыдаўцоў, бо адны атрымаюць магчымасць паказаць свой твор свету, а другія — знайсці сваіх “самародкаў”, выданні якіх будуць запатрабаваны сучаснымі чытачамі.

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася 8 лютага ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы, прадстаўнікі вядучых выдавецтваў расказалі пра свае запыты — пра тую літаратуру, якой ім не хапае. Так, дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна заявіла, што ад конкурсу чакае новых праектаў у энцыклапедычнай і даведачнай тэматыцы. Намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Юлія Дашкевіч адзначыла, што яны зацікаўлены ў краязнаўчай літаратуры, і расказала, што працуюць і з зусім маладымі аўтарамі, напрыклад, са студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ, і даюць ім шанс заявіць пра сябе. Вядучы спецыяліст выдавецтва “Беларусь” Анжэла Садоўская паведаміла, што яны шукаюць маштабныя праекты па гісторыі і культуры Беларусі. А дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Вікторыя Калістратава хацела б бачыць больш адметнай дзіцячай і юнацкай літаратуры: “Выхаванне адукаванага і эрудзіраванага чалавека пачынаецца ў тым ліку з добрай дзіцячай кнігі”.

У сваю чаргу дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак спа­дзяецца ўбачыць сярод прапаноў не толькі першакласную літаратуру для дзяцей, але і якасна напісаныя раманы: “Мы чакаем новыя імёны айчынных раманістаў. Дзіцячай літаратуры прыходзіць шмат, таму што казку на 10 старонак напісаць значна прасцей, чым “Ціхі Дон”. Мы разумеем, што сярод дасланых на конкурс работ, умоўна кажучы, “Ціхага Дона” можа і не быць. Сёння мы святкуем 100-годдзе з дня нараджэння Івана Мележа. Дык вось, да рамана “Лю­дзі на балоце” Мележ напісаў пяць кніг. Магчыма, на гэтым літаратурным конкурсе мы зможам знайсці тых, хто напіша спачатку першую, другую, трэцюю кнігу і толькі потым будзе твор узроўню мележаўскага рамана. Бо талент не заўсёды раскрываецца адразу. Таму задача конкурсу больш шырокая — знайсці аўтараў, якім мы, магчыма, і не дапаможам з выданнем кнігі, але адкрыем дарогу ў нашы літаратурныя часопісы. А праз некаторы час гэтыя аўтары прыйдуць да нас з ужо сучаснымі “Людзьмі на балоце”.

Названы літаратурны стартап дапаможа па-новаму зірнуць і на працэс кнігавыдання, пераканана першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах: “У нашым сучасным рыначным жыцці мяняюцца адносіны паміж выдавецтвамі і аўтарамі. Аўтар павінен ра­зумець, што будзе пасля таго, як яго кніга пабачыць свет, якім жыццём яна бу­дзе жыць, колькі чытачоў захочуць яе прачы­таць, у якіх бібліятэках яна будзе прадстаўлена. Таму конкурс — гэта пэўная вучоба для нашых аўтараў. Ім варта вучыцца бачыць далейшае жыццё сваіх праек­таў, а для гэтага з імі трэба праца­ваць, пашыраць іх светапогляд, тлумачыць, чаму адно выданне сёння больш запатрабаванае, чым другое, што трэба дапрацаваць у творы, каб зацікавіць чытача. І ўсё гэта будзе толькі на карысць нашай літаратуры”.

Нагадаем, што праекты-канкурсанты будуць ацэньваць за мастацкае майстэрства і самабытнасць аўтарскага стылю, актуальнасць і навізну выбранай тэмы, моўнае майстэрства, сучасны падыход да падачы матэрыялу і г.д. Аўтары-пераможцы атрымаюць прыярытэтнае права на публікацыю сваёй кнігі ў адным з дзяржаўных выдавецтваў тыражом да 1 тысячы экзэмпляраў. Спіс фіналістаў абвесцяць 15 лютага. Вынікі конкурсу будуць падведзены і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў час XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 20 лютага.

“Спадзяюся, ініцыятывы нашых удзель­нікаў будуць падтрыманы, — падкрэсліў І.Бузоўскі. — Увогуле, мы падрыхтавалі шмат цікавых падзей і не толькі для тых, хто сочыць за літаратурай. Таму прыходзьце на наш кніжны форум!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара з леташняй кніжнай выставы.