Пляцоўка для творчасці настаўніка

Працуючы настаўнікам пачатковых класаў, усё часцей чую, што мы, педагогі, павінны як мага больш у сваёй рабоце звяртацца да тэхнічных сродкаў навучання. Згодны з такім выказваннем, але падыходзіць да гэтага трэба вельмі асцярожна і абдумана, не забываючы пра нарматыўныя дакументы, якіх трэба прытрымлівацца. Неабходна выбраць залатую сярэдзіну, пры якой і вучню цікава, і настаўнік выконвае сваю работу ў поўным аб’ёме.

Фота да матэрыялу: Пляцоўка для творчасці настаўніка.Час не стаіць на месцы. За апошнія гады практычна ўсе педагогі сталі ўладальнікамі сертыфікатаў карыстальніка інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. У нашай краіне ўжо ўсе школы маюць камп’ютарныя класы, абсталяваныя найноўшай тэхнікай, ёсць мультымедыйныя ўстаноўкі, ды і лінгафонным кабінетам у многіх сельскіх школах цяпер не здзівіш. Усё гэта дае велізарную пляцоўку для творчасці настаўніка. Многія калегі мяне зразумеюць, калі я скажу, што асабліва падабаецца выкарыстоўваць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах мультымедыйную ўстаноўку. У такія моманты навучэнцы з вялікай цікавасцю ўспрымаюць інфармацыю. Канечне, існуе праблема, што ў некаторых сельскіх школах такая ўстаноўка толькі адна. У такім выпадку ўстанаўліваць яе трэба стацыянарна ў спецыяльным памяшканні і карыстацца па меры неабходнасці ўсім настаўнікам. Асноўнай жа перашкодай пры выкарыстанні тэхнічных сродкаў лічу не іх адсутнасць ці малую наяўнасць, а банальную ляноту многіх педагогаў, таму што пры такой рабоце неабходна адпусціць час і падрыхтаваць матэрыял, які сапраўды захопіць навучэнцаў і будзе цікавы. А цікавы ўрок для дзіцяці прыносіць у разы больш карысці. Ды і пра наглядна-ўзорнае мысленне не трэба забываць, бо яно з’яўляецца ключавым, асабліва ў малодшых школьнікаў.

Не за гарамі той час, калі мы ўсе пяройдзем на электронныя дзённікі і журналы. Некаторыя ўстановы ўжо выкарыстоўваюць іх. Прызнаюся, што пасля стараннага і падрабязнага разгляду мне ён вельмі спадабаўся. Наша задача — падрыхтавацца да іх выкарыстання, бо знаёміць з імі дзяцей і бацькоў прыйдзецца нам. Трэба будзе правільна і ў даступнай форме паказаць іх неабходнасць.

Нядаўна я вырашыў правесці з дзецьмі невялікі эксперымент. На працягу аднаго ўрока мы займаліся ў камп’ютарным класе. Убок былі адкладзены дзённікі, падручнікі, сшыткі, класны журнал. Уся інфармацыя знаходзілася на электронных носьбітах. Пасля кожнага задання вучню выстаўлялася адзнака ў спецыяльную табліцу на маніторы. Дамашнія заданні мы таксама ўносілі ў камп’ютар. Я быў вельмі прыемна здзіўлены, з якой цікавасцю, азартам і ўпартасцю дзеці пачалі гэты від работы. Працаздольнасць класа вельмі павялічылася. Упэўнены, у гэтым кірунку неабходна рухацца далей.

Анатоль АСКІРКА,
настаўнік пачатковых класаў
Навабыхаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.