Абласны рэсурсны цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі” адкрыты ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.
У Гродзенскай вобласці актыўна дзейнічаюць маладзёжныя парламенты пры раённых і абласным Савеце дэпутатаў. За апошні час рэалізавана больш за сто сацыяльных праектаў і звыш пяцісот ініцыятыў. Вялікая колькасць падлеткаў уключана ў антынаркатычны рух “Век”, акцыі “Моладзь супраць наркотыкаў, “Наша місія — жыць”.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Палаца творчасці Дана Рэмша, рэсурсны цэнтр “Прыступкі” задуманы як свабодная прастора, дзе кожны зможа рэалізаваць свае задумы. Ён стане цэнтрам падтрымкі таленавітых і актыўных дзяцей з усіх рэгіёнаў вобласці, дапаможа рэалізаваць сучасныя стандарты развіцця маладзёжнай палітыкі. Тут будуць створаны ўмовы для ўключэння ў актыўнае грамадскае жыццё дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Рэсурсны цэнтр адкрыты пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. На яго адкрыцці прысутнічалі прадстаўнік ЮНІСЕФ у нашай краіне Рашэд Мустафа Сарвар і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Разам з імі ва ўрачыстасці ўдзельнічалі выхаванцы гродзенскіх спецыялізаваных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннямі зроку і слыху, лідары маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
— Мы хочам чуць вашы ідэі, — звярнуўся да дзяцей Рашэд Мустафа Сарвар. — Гродна мае статус горада, дружалюбнага да дзяцей. Вельмі важна, каб дзеці і моладзь прымалі ўдзел у жыцці горада, у прыняцці рашэнняў, якія іх тычацца, генерыравалі ідэі, падказвалі, як вырашаць важныя для іх пытанні.
Першая размова ў новым рэсурсным цэнтры ішла пра Мэты ўстойлівага развіцця. Размясціўшыся на сімвалічных прыступках, госці і дзеці разам гаварылі пра важныя для ўсяго свету задачы.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.