Пляцоўкі для развіцця спрытнасці

У кожным з чатырох раёнаў Гомеля адкрыты паўнавартасныя спартыўныя комплексы для дзяцей і падлеткаў. У Савецкім раёне месца для дзіцячага гарадка вызначылі ў Любенскім мікрараёне. У Цэнтральным — недалёка ад каскаду азёр у межах вуліц Каменшчыкава і Барадзіна. У Навабеліцкім раёне такая пляцоўка знаходзіцца ля скрыжавання вуліц Крысталаўская і Беліцкая. На перасячэнні вуліц Яфрэмава і Народнага апалчэння размешчаны аналагічны спартыўны комплекс Чыгуначнага раёна.

На адкрытым паветры створана прастора для гульні, заняткаў і трэніровак. Для самых маленькіх — арэлі, замкавыя комплексы, палосы перашкод, вясёлыя горкі. Для падлеткаў — варкаўт-зона. Абсталяваны футбольныя ці баскетбольныя пляцоўкі для будучых чэмпіёнаў двара. Для бяспекі гульнявыя палі агароджаны. Прадугледжана і зона з трэнажорамі. Гэта больш за дзясятак комплексаў для практыкаванняў і ўмацавання розных груп мышцаў.

Адразу ж пасля адкрыцця знайшліся ах­вотнікі патрэніравацца. Дарэчы, такой магчымасцю карыстаюцца і бацькі. На ўсёй плошчы комплексаў — супрацьтраўматычнае пакрыццё. Для дарослых усталяваны лаўкі, а вакол спартыўных комплексаў высаджаны дрэвы.

Нагадаем, што ў 878-мы Дзень горада старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей перадаў кіраўніцтву Гомеля сертыфікат на Br1 млн для будаўніцтва чатырох спартыўна-гульнявых пляцовак. Цяпер задача па іх уладкаванні цалкам выканана.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.