Плён працы ўбачыць той, хто вельмі любіць сваю справу

“Калі я ўпершыню пазнаёмілася са сваімі выхаванцамі і зазірнула ў іх захопленыя вочкі, адчула непадробную цікавасць да сябе, то зразумела, што падтрымліваць у іх гэтую іскрынку цікавасці змагу толькі тады, калі буду мець уласнае творчае гарэнне і фантазію, атрымліваць радасць і задавальненне ад работы, калі змагу працягнуць руку кожнаму малышу і пайсці побач з ім у вандроўку па краіне музыкі, — гаворыць Ірына Эдуардаўна Семяненка, музычны кіраўнік ясляў-сада № 1 Ельска Гомельскай вобласці. — Неўпрыкмет прайшло 30 гадоў, як я займаюся музычным выхаваннем дашкольнікаў. Але ў душы — той жа творчы запал, тыя ж перакананні і тое ж крэда: плён працы ўбачыць той, хто вельмі любіць сваю справу. Педагог, які рухаецца наперад ва ўласным удасканаленні, будзе заўсёды цікавы дзецям”.

Агульны педагагічны стаж І.Э.Семяненка — 40 гадоў. Пасля заканчэння фартэпіяннага аддзялення Мазырскага музычнага вучылішча 9 гадоў яна працавала ў Ельскай дзіцячай музычнай школе, у якой раней таксама вучылася. Затым атрымала спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў” у Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У розныя часы Ірына Эдуардаўна была ўзнагароджана граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі, ганаровымі граматамі абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прывітальным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. У 2012 годзе імя педагога ўключана ў міжнародную энцыклапедыю “Лепшыя людзі”, у 2018 годзе яна атрымала сертыфікат аб унясенні ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі — 2018”.

“З’яўляюся прадстаўніком педагагічнай дынастыі, ля вытокаў якой была мая бабуля, маміна мама, — адзначае Ірына Эдуардаўна. — Яна працавала ў яслях пры калгасе і часта брала з сабой на работу маму, якой вельмі падабалася гуляць з маленькімі дзецьмі. Мая мама ўсё прафесійнае жыццё прысвяціла рабоце ў ельскім дзіцячым садзе № 1, спачатку — выхавальнікам, затым — метадыстам. Гэтую ўстанову я і мая сястра наведвалі ў дзяцінстве. Як бачыце, мая прафесійная дзейнасць таксама працягваецца ў гэтым яслях-садзе. Мая малодшая сястра стала настаўніцай пачатковых класаў, працуе ў Ельскай раённай гімназіі”.

З дзяцінства Ірына Эдуардаўна марыла займацца выхаваннем дзяцей, вучыць іх любіць і разумець музыку. “Што вы адчуваеце, калі чуеце гэтую музычную кампазіцыю?” — часта цікавіцца педагог у выхаванцаў. Адказы бываюць рознымі. Але па вачах дзяцей Ірына Эдуардаўна заўсёды разумее іх пачуцці, іх радасць ад заняткаў. А некаторыя выказванні малышоў да глыбіні душы кранаюць педагога. Аднойчы шасцігадовы Рома пры праслухоўванні Моцарта сказаў: “Калі я чую гэтую музыку, у мяне сонечныя праменьчыкі гуляюць у сэрцы”.

У музычнага кіраўніка заўсёды шмат новых ідэй, якія яна з поспехам увасабляе ў жыццё. А любімы метад работы — праектны, бо ён спрыяе развіццю самастойнасці выхаванцаў, іх пазнавальных здольнасцей. На працягу года педагог рэалізоўвала праект “Надзеі маленькі аркестрык”, што дазволіла абагульніць вопыт педагагічнай дзейнасці “Фарміраванне элементарнага вопыту ігры на дзіцячых музычных інструментах у выхаванцаў старшай групы ў працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці і ў вольны час”. У ходзе работы над праектам дзеці асвойвалі ігру на простых інструментах (элементарнае музіцыраванне), у іх фарміравалася пачуццё рытму. Натхніліся гэтым праектам і далучыліся да яго бацькі.

“Спачатку мы з дзецьмі вывучалі музычныя гукі, якія зыходзяць ад розных спадручных прадметаў. Выкарыстоўвалі нават кухонныя прылады: апрацоўчыя дошкі, лыжкі, шкляначкі, — расказала Ірына Эдуардаўна. — Паступова пераходзілі да вывучэння шумавых інструментаў Карла Орфа і інструментаў з гукарадам (металафона, ксілафона, званочкаў), некаторыя з якіх бацькі майстравалі са звычайных рэчаў. У рамках праекта выхаванцы вучыліся адрозніваць шумавыя інструменты ад музычных і спрабавалі іграць на іх, пазнаёміліся з цудоўнай казкай “Пеця і воўк” у выкананні сімфанічнага аркестра, даведаліся аб інструментах, на якіх іграюць у аркестры, як трэба іграць на кожным з іх, як яны адрозніваюцца па знешнім выглядзе і па гучанні. Своеасаблівы вынік праекта “Надзеі маленькі аркестрык” у тым, што дзеці аб’ядналіся ў сапраўдны аркестр і пачалі выступаць з канцэртамі як ва ўстанове, так і на раённых мерапрыемствах, іграць творы Моцарта, Баха, Чайкоўскага, Шастаковіча. Галоўная мая задача была ў тым, каб зрабіць аранжыроўку гэтых класічных музычных твораў”.

Для выхаванцаў Ірына Эдуардаўна распрацавала тэматычную прэзентацыю і пашпарты музычных інструментаў, якія ўключаюць звесткі аб пэўных інструментах, гісторыі іх паходжання, інфармацыю аб вялікіх музыкантах, якія ігралі на іх, а таксама загадкі аб інструментах, казкі, у якіх яны сустракаюцца.

Педагог распрацавала перспектыўны план па далучэнні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту да традыцыйнай народнай культуры сродкамі музычнага фальклору, рэалізавала праект “Ад дзіцячага фальклору — да тэатральнага спектакля” і абагульніла адпаведны вопыт педагагічнай дзейнасці. У рамках праекта была падрыхтавана музычная казка на беларускай мове “Калабок спяшаецца на масленіцу” (па матывах вядомай казкі “Калабок”). У беларускай казцы персанажы былі апрануты ў народныя касцюмы, спявалі беларускія песні, гулялі ў нацыянальныя гульні.

Яшчэ адзін удалы творчы набытак музычнага кіраўніка — міні-опера “Хай казка стане музычнай”, аўтарамі якой выступілі дзеці, якія склалі арыгінальны твор у працэсе імправізацыі на занятках з Ірынай Эдуардаўнай. Так быў пакладзены пачатак новаму праекту па развіцці здольнасцей дзяцей да свабоднага творчага ўспрымання навакольнага свету і адлюстравання іх уражанняў і адносін да свету праз творчасць — мастацтва музычнай казкі. Некалькі гадоў назад педагог з’яўлялася кіраўніком тэатральнага гуртка і праводзіла заняткі па ўласнай праграме развіцця дзяцей “Тэатральныя прыступкі”. Зараз Ірына Эдуардаўна вучыць дзяцей харэаграфічнаму мастацтву, але штомесяц прымае ўдзел у падрыхтоўцы тэатральных пастановак у садзе, у якіх абавязкова гучыць класічная або народная музыка.

У 2016 годзе яслі-сад № 1 Ельска перамог у рэспубліканскім этапе конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” ў намінацыі “Тэатральны паказ”, дзе выхаванцы прадставілі казачную пастаноўку “Школа пажарных навук”, аўтар якой — Ірына Эдуардаўна Семяненка. Яе аўтарская міні-опера “Казка пра восень залатую, зайчыка-бялянчыка і яго сяброў” заняла 1-е месца ў абласным конкурсе тэатральнага майстэрства “Маленькі акцёр”. Акрамя таго, у творчай скарбонцы педагога — “Казка пра разумнае медзведзяня і калыханку”, “Магазін цацак”, “Казка пра сон-дрымоту і матуліну пяшчоту”, “Казка пра няпамятлівую маму і пра пажар, які здарыўся”. Выхаванцы Ірыны Эдуардаўны — пастаянныя ўдзельнікі раённага фестывалю творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту “Які выдатны гэты свет!” з тэатралізаванымі паказамі “Я намалюю гэты свет!”, “Нават у сэрцы Снежнай каралевы дружба зможа растапіць лёд”, “Юбілей збірае сяброў!” і інш.

Незвычайны праект педагога — “Дзень нараджэння”, дзякуючы якому ў садзе цяпер адзначаецца дзень нараджэння кожнага выхаванца. У гэты дзень павышаная ўвага ўдзяляецца канкрэтнаму дзіцяці, яму прысвячаюць песні, робяць кампліменты, дораць падарункі. Выхавальнік, які заходзіць у групу, дзе ёсць імяніннік, адразу пытаецца: “У каго сёння вочкі блішчаць па-асабліваму, у каго шчочкі самыя яркія?”, высвятляе, хто ж герой урачыстасці. Імяніннік садзіцца ў цэнтр круга, для яго спяваюць віншавальныя песні, у першую чаргу “Каравай, каравай, каго хочаш, выбірай”. Ушанаваны выбірае сябра, з якім хоча патанцаваць. А педагог працягвае імянінніку шкатулку з сюрпрызам (цацкай, цукеркай, пярсцёнкам), невялікім па памеры, прызначаным менавіта для яго. Пасля падарункі імянінніку дораць дзеці. Усе ідуць частавацца пірагом або цукеркамі, падрыхтаванымі да дня нараджэння клапатлівымі бацькамі.

Другі год яслі-сад № 1 Ельска прымае ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. Мэты супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з царквой па многіх кірунках (дабрачынная дзейнасць, вывучэнне культурнай спадчыны, захаванне помнікаў гісторыі і культуры і г.д.) — далучэнне дзяцей да духоўна-маральных традыцый народа праз арганізацыю і правядзенне праваслаўных свят.

“Адна з маіх задумак, якая ўвасобілася ў жыццё, — арганізацыя духоўна-маральных асветніцкіх сустрэч з бацькамі, дзядулямі і бабулямі выхаванцаў, — паведаміла Ірына Эдуардаўна. — Нагоды для сустрэч заўсёды самыя светлыя і радасныя — гэта нашы традыцыйныя святы, якія мы звычайна адзначаем на занятках з дзецьмі: Каляды, Вялікдзень, Пакровы, Тройца і г.д. Па выніках такіх сустрэч праходзяць выставы, майстар-класы, творчыя конкурсы, фотапрэзентацыі, квест-гульні, пастаноўкі. Прайшла, напрыклад, выстава-прэзентацыя “Гісторыя каляднай паштоўкі”, з дапамогай якой мы паспрабавалі вярнуць цікавасць бацькоў і дзяцей да традыцыйнай віншавальнай паштоўкі, якая запаўняецца ад рукі, тым самым перадаецца душэўная цеплыня ад чалавека да чалавека. Ці можна параўнаць такую паштоўку з электронным віншавальным пасланнем, якое тысячы разоў скапіравана і адным шчаўчком мышкі перадаецца іншаму?

У перадсвяточныя дні ў пакоях груп выстаўляюць паштовыя скрыні для лістоў-пажаданняў, якія пішуць дзеці, бацькі і выхавальнікі. Пасля лісты дастаўляе “паштальён” — пераапрануты ў яго кіраўнік фізвыхавання. У кожнай групе практыкуюцца канверты добрых спраў, у якія за кожную добрую справу кладуцца, напрыклад, фішкі, шарыкі, сняжынкі, кветкі ці лісце (у залежнасці ад пары года). Кожны малыш імкнецца, каб гэтых спраў у яго было як мага больш. У канцы сезона з канверта дастаюць фішкі і прымацоўваюць на сімвалічныя дрэвы добрых спраў. У якой групы самае пышнае і прыгожае дрэва — тая і перамагла!”

Работа над рэалізацыяй інавацыйнага духоўна-асветніцкага праекта перамяжоўваецца з музейнай дзейнасцю. Ва ўстанове ёсць этнаграфічны пакой. У ім прадстаўлены сельскі быт нашых продкаў. Ірына Эдуардаўна падрыхтавала і праводзіць па этнаграфічным пакоі экскурсіі на беларускай мове і вучыць выхаванцаў выступаць у ролі экскурсаводаў. Папярэдне на занятках малышы знаёмяцца з прадметамі, якія ёсць у пакоі, іх гісторыяй, паходжаннем, прымяненнем у побыце. Даведваюцца аб тым, як выкарыстоўвалі пэўныя прадметы нашы продкі, гуляюць з імі, прымаюць удзел у забавах (вячорках). У працэсе знаёмства з экспанатамі этнаграфічнага пакоя дзеці запамінаюць тэкст экскурсіі. Праз 2—3 месяцы падрыхтоўкі выхаванцы з задавальненнем знаёмяць з экспанатамі этнаграфічнага пакоя сваіх сяброў, бацькоў, гасцей. У пакоі таксама праходзяць святы, тэатралізаваныя пастаноўкі.

Ірына Эдуардаўна Семяненка з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання музычных кіраўнікоў Ельскага раёна, пазаштатным лектарам Гомельскага абласнога ІРА. У 2011 годзе педагог стварыла сайт практыкуючага музычнага кіраўніка muzruk.net. Для яе гэта выдатная магчымасць падзяліцца вопытам, стварыць сістэматызаваны архіў уласных матэрыялаў, якія захоўваюцца на серверы. У сайта каля 1000 наведвальнікаў у дзень, больш за 7000 (на сёння) падпісчыкаў. Геаграфічны дыяпазон наведванняў — Беларусь, Расія, Украіна, Казахстан, Амерыка. На https://www.facebook.com/muzruk.net адкрыта старонка ў падтрымку сайта, дзе рэгулярна публікуюцца яго абнаўленні, ёсць і канал сайта на УouТube.

“Інфармацыя, размешчаная на сайце, з’яўляецца цікавай перш за ўсё для музычных кіраўнікоў, асабліва для пачынаючых, — адзначае Ірына Эдуардаўна. — Выхавальнікі таксама змогуць знайсці тут матэрыял, які дапаможа ажывіць заняткі. Бацькі запазычаць звесткі аб неабходнасці і значнасці музыкі ў жыцці дзіцяці. На сайце прадстаўлены разнастайныя кірункі работы музычнага кіраўніка, матэрыялы, якія садзейнічаюць яго супрацоўніцтву з педагогамі і бацькамі: кансультацыі, семінары, выставы, фестывалі, інфармацыйныя старонкі і інш. Большая частка матэрыялаў прысвечана рабоце з выхаванцамі, розным формам арганізацыі адукацыйнага працэсу па музычным развіцці дзяцей. Аўтарская старонка раскажа пра распрацоўкі музычных заняткаў, свят, забаў, вольнага часу, экскурсій, юбілеяў, семінараў, конкурсаў, гульняў, фестываляў творчасці і інш. Інфармацыя аб большасці мерапрыемстваў суправаджаецца фотапрэзентацыямі, відэаматэрыяламі.

Сайт — гэта маё дзецішча, мае думкі, мая душа, мае напрацоўкі, мой настрой… Добра памятаю той цудоўны момант, калі з’явілася жаданне падзяліцца сваімі творамі (напрацоўкамі і думкамі) не толькі з дзецьмі, але і з калегамі, бацькамі. Іншымі словамі, узнікла патрэба ў самавыяўленні. У працэсе работы над сайтам я расту: пачынаю лепш разбірацца ў сабе, задаю пытанні і атрымліваю адказы. Аналізую, якімі справамі хачу заняцца далей, які матэрыял будзе цікавы мне і маім наведвальнікам. Часам не задаволена сабой, але радасць ад вынікаў уласнай дзейнасці ўсё ж пераважае”.

Надзея ЦЕРАХАВА.