Плённа працуюць на развіццё адукацыі

Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі сёння займае выключную ролю ў рэгіянальнай адукацыйнай галіне. Гэта своеасаблівы вядучы вучэбна-метадычны цэнтр, дзе захоўваюць і прымнажаюць лепшыя нацыянальныя педагагічныя традыцыі.

З першых дзён існавання інстытут выконваў каардынуючую ролю ў пытаннях методык і тэхналогій выкладання, арганізацыі дзейнасці навучальных устаноў, падрыхтоўкі настаўнікаў да ўкаранення новых вучэбных праграм. Супрацоўнікі інстытута заўсёды былі ў першых радах па выкананні задач, якія спрыяюць развіццю сістэмы адукацыі вобласці. Сучасны МДАІРА не толькі не страціў тых традыцый, але і прымнажае іх новымі дасягненнямі.

— Сёння інстытут не проста вядучы рэгіянальны цэнтр павышэння кваліфікацыі педагогаў. Мы дынамічна развіваемся ў розных напрамках. У нашай структуры — шматлікія цэнтры, кафедры і аддзелы, функцыянаванне якіх скіравана на ўсебаковае павышэнне якасці і забеспячэнне даступнасці адукацыі. Нашы спецыялісты паспяхова ажыццяў­ляюць інфармацыйна-аналітычную, вучэбна-метадычную, навуковую, рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасць. Шырокая практычная, інавацыйная накірава­насць, сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам цалкам забяспечваць сферу адукацыі Магілёўшчыны прафесійнымі кадрамі патрэбнага кваліфікацыйнага ўзроўню, — паведаміў рэктар МДАІРА М.М.Жудро.

Паводле яго слоў, у інстытуце штогод павы­шаюць свой прафесійны ўзровень звыш 11 тысяч педагогаў. Толькі летась было праведзена 497 розных вучэбных мерапрыемстваў, што ў поўнай меры задавальняе патрэбы настаўнікаў у прафесійным удасканаленні.

— Асаблівы ўпор мы робім на прафесійную падрыхтоўку педагогаў, якія працу­юць у профільных класах. З гэтай мэтай упершыню ў краіне ў МДАІРА была распрацавана вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі педагогаў, што выкладаюць у класах аграрнай накіраванасці. Навучанне арганізуецца сумесна з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Акрамя таго, мы праводзім тэматычныя семінары-практыкумы ў гэтым кірунку. Прычым не толькі для магілёўскіх настаўнікаў, а і для прадстаўнікоў устаноў адукацыі з іншых рэгіёнаў, — расказаў М.М.Жудро.

Належная ўвага ў інстытуце ўдзяляецца падтрымцы маладых спецыялістаў. Усюды прымаецца шэраг пэўных мер, каб пачынаючыя педагогі заставаліся ў прафесіі. Каб матываваць іх на прафесійны рост, супрацоўнікі інстытута рэгулярна арганізуюць адпаведныя фестывалі, конкурсы. На працягу некалькіх апошніх гадоў МДАІРА праводзіць абласны фестываль для маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог”. Напрыканцы мінулага года ён аб’яднаў 75 маладых настаўнікаў.

Каб пачынаючыя педагогі маглі сустрэцца ў нефармальнай атмасферы, улетку для іх арганізуецца абласны фестываль на базе аздараўленчага летніка “Ольса” Клічаўскага раёна.

— Важна таксама, што сістэма адукацыі дарослых у нас сфарміравана на аснове міжнародных стандартаў. МДАІРА вядзе актыўнае супрацоўніцтва з разнастайнымі замежнымі ўстановамі адукацыі. Штогод на нашай базе арганізуюцца дзве міжнародныя канферэнцыі. Летась прайшоў I Форум кіраўнікоў гімназій з міжнародным удзелам “Гімназічная адукацыя: гісторыя, сучаснасць, тэндэнцыі развіцця”. Форум аб’яднаў кіраўнікоў сістэмы гімназічнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі і гасцей з Расіі. Упор мы робім таксама на ўсталяванне партнёрскіх узаемаадносін паміж установамі адукацыі. Сучасная адукацыя не павінна абмяжоўвацца толькі сценамі навучальных устаноў, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Упершыню спецыялістамі інстытута была праведзена міжнародная стажыроўка для педагогаў устаноў адукацыі Арлоўскай вобласці Расіі, а настаўнікі Магілёўшчыны прайшлі стажыроўку ў Інстытуце развіцця адукацыі гэтага расійскага рэгіёна. У студзені дэлегацыя кіраўнікоў магілёўскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прыняла ўдзел у міжнародным семінары ў венгерскім горадзе Фельшожольца. У хо­дзе сустрэчы было падпісана некалькі дамоў аб супрацоўніцтве.

На базе МДАІРА дзейнічае музей народнай адукацыі Магілёўскай вобласці.

Стараннямі калектыву МДАІРА ў рэгіёне многае зроблена для арганізацыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У рамках дзейнасці адпаведнага рэгіянальнага кластара падпісаны план сумесных тэматычных мерапрыемстваў з МДУ імя А.А.Куляшова на бягучы навучальны год. Для павышэння эфектыўнасці арганізацыі алімпіяднага руху і даследчай дзейнасці навучэнцаў ажыццяўляецца мэтанакіраванае ўзаема­дзеянне з Беларуска-Расійскім універсітэтам. Інстытутам падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам імя Максіма Танка і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам.

Яшчэ адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці інстытута — комплексная падтрымка адукацыйных практык, заснаваных на рэалізацыі новых педагагічных і кіраўніцкіх ініцыятыў. Гэта спрыяе росту колькасці ўстаноў адукацыі, якія маюць статус рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных пляцовак.

— За апошнія гады ў Магілёўскай вобласці вызначылася тэндэнцыя ўстой­лівага росту колькасці рэалізаваных рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Зараз актыўная інавацыйная дзей­насць ажыццяўляецца на базе 121 установы дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Усе пачынанні асобных настаўнікаў і педагагічных калектываў метадычна падтрымлі­ваюць супрацоўнікі інстытута. Акрамя гэтага, толькі ў мінулым го­дзе па ініцыятыве МДАІРА было створана 14 рэсурсных інавацыйных цэнтраў, якія дапама­гаюць забяспечваць адзін­ства рэгіянальнай навукова-педагагічнай прасторы і распаўсюджанне эфектыўнага інавацыйнага вопыту, —  падкрэсліў рэктар.

Па словах Міхаіла Міхайлавіча, значным з’яўляецца і тое, што МДАІРА прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці.

— Стратэгію ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці плануецца распрацаваць да канца бягучага года. Але пераход да ўстойлівага развіцця немагчымы без станаўлення адукацыі. Таму ўжо сёння неабходна забяспечыць прафесійнае павышэнне кваліфікацыі ўдзель­нікаў практык устойлівага развіцця, ствараць адпаведныя адукацыйныя рэсурсы, падтрымліваць дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы, выкарыстоўваць розныя механізмы па ўключэнні навучальных устаноў у рэалізацыю прынцыпаў устойлівага развіцця праз даследчую, праектную, сацыяльна значную дзейнасць. Гэтым мэтанакіравана займаюцца нашы супрацоўнікі, — адзначыў М.М.Жудро.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.