Плённая сустрэча

- 10:34Актуально, Апошнія запісы

Рабочая сустрэча міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі і міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Міхаіла Кацюкова прайшла надоечы ў Магілёве.

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў дзвюх краін падрабязна азнаёміліся з адукацыйным патэнцыялам, навукова-даследчымі і інавацыйнымі распрацоўкамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Сёння гэтая ВНУ — сапраўдны навукова-адукацыйны цэнтр Магілёўскай вобласці і прыклад стварэння адзінай адукацыйнай прасторы дзвюх дзяржаў. Тут па беларускіх і расійскіх адукацыйных стандартах вучацца звыш 5 тысяч студэнтаў. Ва ўніверсітэце рыхтуюць кадры для IT-сферы, прадпрыемстваў машынабудавання, энергетыкаў, мехатронікаў, будаўнікоў, спецыялістаў у галіне робататэхнікі, будаўніцтва АЭС і іншых.

У БРУ ажыццяўляецца інтэграцыя адукацыі з навукай. Нядаўна дзякуючы рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій” тут з’явіліся новыя вучэбныя і навуковыя лабараторыі з самым сучасным абсталяваннем. Ва ўрачыстай атмасферы ў ВНУ была адкрыта памятная шыльда, прысвечаная гэтай падзеі.

Магчымасці новых лабараторый плазменных, тэрмамеханічных, зварачных і адытыўных тэхналогій маглі ўбачыць усе ганаровыя госці. Як адзначыў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Міхаіл Кацюкоў, такое дынамічнае развіццё ўніверсітэта — вынік агульнай плённай працы.

— У рамках магчымасцей Саюзнай дзяржавы сёння мы знаходзім рэсурсы для ўдасканалення прыборнай базы БРУ, якая ў далейшым стане імпульсам у развіцці ўніверсітэта ў цэлым, а таксама тых кампетэнцый, якія павінны набыц­ь яго выпускнікі. Калі ў працэсе навучання мы забяспечым ВНУ прыборамі, на якіх працуюць сучасныя індустрыяльныя кампаніі, гэта дасць студэнтам неабходныя веды, дазволіць фарміраваць практыка-арыентаваныя адукацыйныя праграмы. Выходзячы на рынак працы, выпускнік будзе гатовы да патрабаванняў, якія да яго прад’яўляюцца, — расказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Падчас наведвання ўніверсітэта адбылася сустрэча міністраў са студэнцкай моладдзю БРУ. У дыялогу з моладдзю таксама прымалі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Салаўёў і іншыя. Гутарка прайшла ў нязмушанай атмасферы, кожны студэнт мог задаць гасцям любое пытанне. Маладых людзей цікавіла развіццё студэнцкага спорту і студатрадаўскага руху. Расійскую моладзь хвалявала пытанне працаўладкавання пасля атрымання вышэйшай адукацыі. Як было падкрэслена міністрамі, у найбліжэйшы час будуць разгледжаны магчымасці ажыццяўлення мэтавага набору для расійскіх абітурыентаў.

У Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расіі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава студэнты пацікавіліся, якія ў яго склаліся ўражанні ад знаходжання ў нашай краіне.

— У супрацоўнікаў пасольства, гандлёвага прадстаўніцтва і глабальных расійскіх кампаній, якія маюць прадстаўніцтвы ў Беларусі, заўсёды ўзнікаюць аднолькавыя пачуцці. Пачуццё, што мы сярод блізкіх і родных людзей. Пачуццё, што мы пра­цуем у сістэме ўзаемаразумення і сяброў­­ства. Хоць часам і ўзнікаюць прафесійныя спрэчкі ў рамках шэрага напрамкаў і па саюз­най інтэграцыі. Мы заўсёды знахо­дзім баланс інтарэсаў і выхад на вынік. У Беларусі я бываў і раней. Гэта камфортны, цёплы і надзейны дом, дзе табе гатовы працягнуць руку, прапанаваць дапамогу, калі яна патрэбна. Тут жывуць прафесійныя і адукаваныя людзі, якія ведаюць цану сабе і сваёй краіне, — адзначыў Дзмітрый Фёдаравіч.

Падчас дыялогу ўзнімалася пытанне аб магчымасці ўдзелу Магілёва ў сумесным патрыятычным праекце “Цягнік памяці і славы”, прымеркаваным да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчын­най вайне, дамоўленасць аб стварэнні якога была дасягнута на папярэдняй суст­рэчы міністраў у Казані.

— Гэтай акцыяй мы ўспомнім першы цягнік пераможцаў, які прыбыў 21 ліпеня 1945 года на Беларускі вакзал у Маскву. Але праект будзе не проста прымеркаваны да гэтай знакавай падзеі. Мы хочам, каб памяць аб тых пераможцах, іх гераічным подзвігу была жывая ў сэрцах сучаснай моладзі і ўсіх наступных пакаленняў. Гэта галоўная мэта. А варыянты маршруту і мерапрыемстваў яшчэ ёсць час абмеркаваць, — заўважыў міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка.

Дарэчы, у гарадской ратушы адбылося першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы рэалізацыі праекта. Плануецца, што агітцягнік праедзе шлях, якім рухаўся легендарны эшалон пераможцаў. Каля 200 маладых людзей з Беларусі і Расіі праедуць па маршруце ад Брэста да Уладзівастока. Усяго прадугледжаны прыпынкі ў 14 гарадах, але магчымы і змяненні. Так, на пасяджэнні было вырашана дадаць у маршрут руху Магілёў. На працягу ўсяго шляху для маладых людзей прадугледзяць розныя актыўныя тэматычныя мерапрыемствы. Акрамя таго, яны будуць займацца фарміраваннем грамадска патрэбных сацыяльных праектаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.