Плюшавы свет

- 11:50Прафесіяналы

Свой плюшавы мішка, мабыць, быў некалі ў кожнага з нас і заўсёды будзе атаясамлівацца з цяплом і пяшчотай, з бесклапотным дзяцінствам, з любімай піжамай і маленькім ложкам. Некаторыя з нас таго мішку захоўваюць як напамін пра дзяцінства і сёння. А многія шмат гадоў назад, калі палічылі, што ўжо сталі дарослымі, раздалі свае цацкі меншым сваякам ці знаёмым (потым, канечне, сто разоў пашкадавалі). Але ёсць сярод нас і тыя, хто не хоча мірыцца з думкай, што цацкі могуць жыць толькі ва ўспамінах. Настасся Марозава з Віцебска вярнула і сабе, і ўсім нам той цацачны свет, каб зноў і зноў перажываць эмоцыі ад адчування пяшчоты ў руках, каб зазірнуць у лялечныя вочы, каб хоць на імгненне вярнуцца ў дзяцінства.

Стыль у мініяцюры

Зрэшты, далёка ад сябе дзяцінства Настасся і не адпускала. Пасля Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дзе асвоіла прафесію дызайнера адзення і тканін, яна працавала на прадпрыемстве мастаком-мадэльерам, дзе стварала дзіцячае адзенне. Але калі 10 гадоў назад выпадкова знайшла ў інтэрнэце фота аўтарскіх цацак, не змагла адмовіць сабе ў жаданні стварыць нешта падобнае. За гэты час цацачная справа стала яе прафесіяй, а ў яе руках атрымалі жыццё больш за тысячу мяккіх звяркоў і лялек!

“Спачатку я знаходзіла выкрайкі і па іх з ільну і бавоўны шыла авечак, кароў, тыльд. Але аднойчы адна знаёмая ўгаварыла мяне пашыць цацку з плюшу. Колькі б я не супраціўлялася, усё ж вымушана была саступіць і купіла матэрыял. Цацку для знаёмай пашыла, але падчас шыцця паспела і сама “захварэць”. Справа ў тым, што такія цацкі атрымліваюцца незвычайнымі. Плюш надае ім стыль, натуральнасць. Шкада толькі, што ў нашых магазінах яго не купіш. Яго, старадаўні, 60—80-х гадоў, савецкага часу, купляюць на “блошках” ці ў бабуль, потым яго фарбуюць, абясколерваюць. Ёсць і спецыяльныя магазіны ў Германіі, Іспаніі, Францыі, дзе дзейнічаюць фабрыкі па вытворчасці тканін менавіта для цацак тэдзі. Ёсць анлайн-магазіны, якія купляюць на гэтых фабрыках тканіны і прадаюць па ўсім свеце. Акрамя таго, я палюбіла і віскозу, і махер. У іх складзе толькі натуральныя матэрыялы: бавоўна, шэрсць, валокны альпакі, таму цацкі з іх атрымліваюцца мяккімі, сапраўднымі. Працаваць з такімі матэрыяламі — адно задавальненне. Таму я не магла ад іх адарвацца. Купляла, прыдумвала новыя і новыя цацкі і шыла, шыла…

Два гады яшчэ я мучылася, сумяшчаючы работу на прадпрыемстве і шыццё мяккіх цацак, і ўсё ж выбрала цацкі. Яны настолькі зацягваюць, што варыянтаў для выбару мне не пакінулі. Так я замест стварэння адзення для дзяцей стала ствараць яго мініяцюры для лялек і цацак”, — успамінае Настасся.

Выставачны ваяж

Лясныя звяры, героі казак і мультфільмаў, лялькі — большасць з іх раз’ехаліся не толькі па Беларусі, але і па свеце: Украіне, Канадзе, ЗША, Англіі, Германіі, Эстоніі, Егіпце і інш. У асноўным яны пасяліліся ў прыватных калекцыях. Ёсць і партрэтныя лялькі, знешне падобныя на новых гаспадароў. Цікава, што ў кожнай цацкі ёсць імя, пашпарт — усё як у людзей.

Пацёртае шэрае футра, латкі, блакітны носік і дзіўнае абаянне — галоўныя адметныя рысы сучасных мішак тэдзі. Гэтыя мяккія камячкі ўжо даўно перасталі быць простымі цацкамі. Гэта сімвал дабра і цеплыні. Іх любяць дзеці ўсіх узростаў і дарослыя і дораць самым блізкім. І так больш за 110 гадоў. Менавіта столькі споўнілася знакамітым цацкам.

“Ствараючы новую цацку, я заўсёды адштурхоўваюся ад матэрыялу, тканіны. Круціш у руках кавалачкі футра, падбіраеш іх па колеры, сумяшчаеш з карункамі — і ўзнікае вобраз цацкі. Будучы вобраз зыходзіць і з колеру шэрсткі. Ёсць у продажы у прафесійных магазінах і штучнае футра. Яно імітуе натуральнае: мае розную вышыню ворсу, розныя адценні ад падшэрстку да кончыкаў, як і ў жывёл. І аснова футра праклееная, а таму яно не такое рыхлае. Я не раблю эскізаў. У мяне яны ўсе ў галаве. Мастацкая школа, універсітэт, гады работы сказваюцца, таму мне гэта проста. Калі ўжо гатова мордачка, адразу відаць, хлопчык гэта ці дзяўчынка, так і выбіраеш адпаведнае імя”, — гартае фотаздымкі з ўласнастворанымі цацкамі, якія цяпер жывуць у розных краінах, майстар. Калі героі створаны па матывах англійскіх казак, то, натуральна, яны і імёны маюць тыповыя для англічан — ліс містар Дзілан, які цяпер жыве ў Англіі, вожык Олівер, янот Дамінік… Какетка ў карункавай сукенцы — Жаклін, сабралася на баль Алівія. Мішак з балалайкамі, якія сядзяць на бярвенцы, аўтар назвала старажытнымі рускімі імёнамі. Цяпер яны знаходзяцца ў Пецярбургу ў Музеі плюшавых мядзведзяў.

У кожнай цацкі і свой аксесуар: у каго кубак гарбаты, у каго скрутак, пенснэ і інш. І іх стварэнне, падбор — яшчэ адна прыемная частка працы.

“Аксесуары я раблю ці з палімернай гліны, ці з пластыкі.  Гэта кіёчкі, парасоны, букецікі, карзінкі з кветкамі ці ягадамі, піражкі, бліны — мае лялькі часта добрыя кулінаркі. Плеценыя капялюшыкі раблю сама са скручаных нітак, а шарсцяныя цыліндрыкі магу і купіць: ёсць майстры, якія спецыялізуюцца на вырабе аксесуараў менавіта для лялек. Гэта могуць быць розныя віды чайнікаў, музычныя інструменты, гузікі, кнопкі — усё ў мініяцюры. Часам бываеш на выставе, спадабаўся нейкі аксесуар (ці то карзінка з арэшкамі, ці вядзерца, ці бутэлька з малаком) — купляеш, і ён ляжыць у скрыначцы, чакае моманту, калі спатрэбіцца пэўнай ляльцы”, — расказвае Настасся Марозава.

Майстар амаль з самага пачатку сваёй цацачнай гісторыі прымае ўдзел у розных прафесійных выставах. У асноўным гэта выставы-продажы. Пачынала з кірмашу вырабаў ручной работы на “Славянскім кірмашы”, калі яшчэ былі цацкі простыя, з тканіны. Аб’ездзіла самыя буйныя хэндмэйд-кірмашы — ад Гомеля, Наваполацка і Полацка да расійскага Смаленска. Цяжка ўявіць без лялек майстра Настассі Марозавай штогадовую выставу аўтарскіх вырабаў “Млын” у Мінску. Кожная выстава — гэта новая вяха ў развіцці майстра. Да кожнай з іх яна стварае мінімум 40 цацак, і кожны раз яны становяцца больш дасканалымі.

Сённяшнія яе вырабы ўжо выраслі, яны не для вуліцы, таму прапісаліся на сур’ёзных прафесійных выставах. Гэта і выстава Art Teddy Planet у Таліне, і міжнародная выстава мішак тэдзі і іх сяброў “Тэдзі Свет” у Санкт-Пецярбургу, даўно сярод самых чаканых гасцей яна на штогадовай навагодняй выставе Hello Teddy — прафесійнай міжнароднай выставе калекцыйных мішак тэдзі ў Маскве — і інш.

Апошнім часам Настасся захапілася стварэннем калекцый. Першая, “Героі казак”, была створана па матывах твораў англійскіх пісьменнікаў Браяна і Сінціі Патэрсан “Казкі лісінага лесу”. Літаратурных герояў, выкананых у тэхніцы тэдзі па аўтарскіх выкрайках, і сёння памятаюць віцябляне — выстава ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна. Карысталася попытам там жа і другая выстава, дзе летась была прэзентавана калекцыя “Першы баль”. Цяпер у Настассі Марозавай у самым разгары стварэнне калекцыі “Цырк”. У ёй галоўныя героі — абарыгены з поўдня, з саваны. Аўтар спадзяецца, што зможа прадставіць яе на наступнай выставе Hello Teddy.

У творчай кампаніі

Рабіць цікавую справу прыемна, але калі побач аднадумцы, задавальненне ад стварэння цацак яшчэ большае. Ды і вельмі хацелася Настассі Мікалаеўне падзяліцца тым, што ўмела, з дзецьмі. Таму літаральна праз месяц пасля свайго выбару, 10 гадоў назад, Настасся Марозава вырашыла адкрыць гурток мяккай цацкі і стала з гэтай прапановай тэлефанаваць у цэнтры дзіцячай творчасці. Ва ўстанове дадатковай адукацыі Першамайскага раёна Віцебска, як толькі ўбачылі яе вырабы, адразу ўзялі на работу. Пасля аб’яднання ўстаноў дадатковай адукацыі горада месцам яе працы стаў Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Штогод каля сарака дзяцей пад яе кіраўніцтвам асвойваюць цацачную справу.

Спачатку гэта быў гурток “Мяккая цацка”: простыя сувенірныя цацкі з футра, у асноўным плоскасныя, аздаблялі лямцам. Хоць разлічаны ён быў на сярэдніх школьнікаў, яе дачка стала займацца ў мамы-майстра, ледзь стаўшы школьніцай. Хутка гурток вырас у студыю “Крэатыў”, і праграма ўскладнілася.

“Акрамя стварэння ўласна цацак, мы асвойваем і дэкупаж, і скрапбукінг, і змешаныя работы. Камбінаваныя работы — самае складанае і самае цікавае. За іх бяруцца дзеці 3-га і 4-га года навучання і тыя, якія асвойваюць праграму павышанага ўзроўню. І нават калі нейкая тэхніка па праграме не асвойваецца, але яна “просіцца на цацку”, то мы абавязкова яе асвойваем. Напрыклад, вышыўку, лепку з гліны, валенне лямцу, работу з футрам, стварэнне цацак тэдзі”, — расказвае педагог.

Для шыцця цацак тэдзі выкарыстоўваюць у асноўным махер. Гэта шчыльная баваўняна-папяровая тканіна, скрозь якую працягнуты валокны натуральнай воўны жывёл. Яны могуць быць рознай даўжыні і жорсткасці, мець розную афарбоўку. Гэта і надае знакамітай цаццы натуральнасць, мяккасць і адрознівае яе ад усіх іншых.

І калі цацкі тэдзі дзеці ў асноўным асвойваюць на спрошчаным дзіцячым узроўні, яе дачка Паліна сур’ёзна захапілася менавіта гэтымі цацкамі і робіць іх ужо на даволі высокім узроўні. Пра гэта гаворыць і мноства перамог на розных конкурсах. Напрыклад, у мінулым годзе работа Паліны перамагла ў конкурсе “Маскарад” у Санкт-Пецярбургу. Прызам за перамогу быў бясплатны ўдзел у конкурсе “Лялька года” на выставе “Час лялек” у Санкт-Пецярбургу, адкуль яна ў апошні дзень мінулага года таксама прывезла ўзнагароду. Яшчэ адна яркая зорка студыі — Людміла Сырапятава. За свой поспех у цацачнай творчасці яна запрошана на губернатарскую навагоднюю ёлку. Шмат перамог было ў Веранікі Качан і Элеаноры Міхасёвай, якія займаліся ў студыі 6 гадоў. Яны ўжо выпускніцы, але іх работы высока ацэньваюцца журы розных конкурсаў і сёння.

Ёсць дзеці, якія бачаць узровень работ сваіх калег па студыі і таксама імкнуцца ўдасканальвацца. Разам з Настассяй Мікалаеўнай юныя майстры рэалізуюць і буйныя праекты. Напрыклад, нядаўна быў рэалізаваны праект “Мішка Тэдзі запрашае сяброў”, у аснову якога лягла калекцыя педагога “Першы баль”.

Так, разам Настассяй Мікалаеўнай дзеці разумеюць, што не варта імкнуцца як мага хутчэй вырасці, развітацца з цацкамі, а стараюцца атрымаць асалоду ад іх і ад творчасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Настассі Марозавай.