Адным з актуальных спосабаў фарміравання здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў і моладзі сёння з’яўляецца прынцып “роўны вучыць роўнага”. У асобных навучальных установах Магілёўскай вобласці такая форма работы зараз актыўна ўкараняецца і ўжо мае пэўную эфектыўнасць. З мэтай вывучэння і распаўсюджвання станоўчага вопыту ў абласным інстытуце развіцця адукацыі днямі адбыўся тэматычны круглы стол.
— Укараненне прынцыпу “роўны вучыць роўнага” ў выхаваўчы працэс не з’яўляецца альтэрнатывай існуючым педагагічным формам і метадам, а ўяўляе сабой дадатак традыцыйных асноў адукацыі. Сацыяльная значнасць падобнага навучання заключаецца ў тым, што яно спрыяе фарміраванню ў падрастаючага пакалення талерантных паводзін, здаровага ладу жыцця, садзейнічае прафілактыцы шкодных звычак, захворванняў падлеткаў, таму так важна яго далейшае развіццё і распаўсюджванне, — адзначыла, пачынаючы гутарку, метадыст аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій МДАІРА Алена Дземянкова.Як аказалася, у Прыдняпроўскім краі ўжо ў многіх школах ёсць падрыхтаваныя валанцёры-інструктары з ліку навучэнцаў. Асаблівых поспехаў у гэтым кірунку дасягнулі ў сярэдняй школе № 8 Магілёва, Мяжысецкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна. Пад кіраўніцтвам педагогаў-кансультантаў вучні гэтых школ пастаянна ажыццяўляюць прафілактычную работу ў асяроддзі сваіх аднагодкаў. Асобныя такія заняткі-трэнінгі былі праведзены з удзельнікамі круглага стала.
Прысутных вучылі паводзінскай устойлівасці, прывівалі ім навыкі бяспечных паводзін у рызыкоўнай сітуацыі. Перавагі падобнай работы ацанілі ўсе. Такая прафілактыка арганізоўваецца ў малых групах, яна інтэрактыўная і праходзіць у фармаце дыялогу. Дзякуючы гэтаму, кожны адчувае значнасць свайго ўдзелу ў працэсе і матывуецца на змяненне сваіх перакананняў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.