Побач са Свіцяззю

Мы жывём, працуем і вучымся побач з адным з запаведных месцаў краіны — Рэспубліканскім ландшафтным заказнікам “Свіцязянскі”. Кожны год у нашай мясцовасці сутыкаемся з вялікай колькасцю турыстаў. Яны прыязджаюць адпачыць на возера Свіцязь, якое ўваходзіць у склад заказніка “Свіцязянскі”. І нам як мясцовым жыхарам відаць уплыў антрапагенных фактараў на навакольнае асяроддзе і змены ў прыродзе.

Некаторыя прадстаўнікі мясцовай флоры і фаўны занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Мы з настаўнікам біялогіі штогод праводзім розныя даследаванні навакольнага асяроддзя. Так, у 2019 годзе вывучылі відавы склад прыбярэжнай тэрыторыі возера, распаўсюджанне і сучасны стан папуляцый ахоўных відаў раслін, вызначылі асноўныя фактары пагрозы для вырастання гэтых відаў на тэрыторыі заказніка. З 2017 года вывучалі стан забруджвання паветра навакольнага асяроддзя. У выніку даследаванняў прыйшлі да высновы, што найбольш чыстым доследным участкам нашага аграгарадка Валеўка з’яўляецца парк-дэндрарый, які знаходзіцца на тэрыторыі нашай установы адукацыі.

Для абароны флоры і фаўны заказніка “Свіцязянскі”, фарміравання экалагічна дасведчаных паводзін і культуры ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе ў 2018 годзе створаны Клуб захавальнікаў прыродных ландшафтаў, у склад якога ўваходзяць актыўныя вучні 7—10 класаў і дарослыя, у бягучым годзе да нас далучыліся вучні малодшых класаў.

Па выніках экспертнага апытання навучэнцаў школ і выхаванцаў дашкольных груп Навагрудскага раёна, якое правялі члены клуба, высветлілася, што ўзровень экалагічнай дасведчанасці і культуры дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту недастатковы. Для вырашэння гэтай праблемы ў нас ёсць пэўныя ідэі і задумы.

Прыемна ўсведамляць, што ў нашай вёсцы Валеўцы ёсць асобны помнік прыроды — парк-дэндрарый, які закладзены ў 1960 годзе. У парку было высаджана больш за 180 відаў дрэў і кустоў. Не ўсе прыжыліся, але большасць з іх радуюць нас і сёння. Тут сабраны дрэвы і кусты з розных краін зямнога шара, якія дапамагаюць навучэнцам знаёміцца з расліннасцю аддаленых раёнаў.

Летась наш клуб развіў бурную дзейнасць: у красавіку 2019 года арганізавалі і правялі Дзень птушак, вырабілі вялікую колькасць шпакоўняў і сінічнікаў для заказніка “Свіцязянскі” і для парку-дэндрарыя, адкрылі першую ў парку тэматычную паляну — “Паляну птушак”.

У парку-дэндрарыі побач з кожным відам дрэў і кустоў у мінулым годзе ўстанавілі інфармацыйныя таблічкі, дзе падпісалі від на рускай мове і латыні, апісалі яго якасці, узрост, працягласць жыцця, суправадзілі таблічкі фотаздымкамі і QR-кодам, каб у наведвальнікаў была магчымасць пазнаёміцца больш падрабязна з кожным відам.

У маі мінулага года спраек­тавалі і арганізавалі першую эксперыментальную пляцоўку “Смецце — бяда ўсёй планеты”, прэзентацыя якой адбылася 31 мая пасля апошняга школьнага званка. Колькі цікавасці гэта выклікала ва ўдзельнікаў пазнавальнай экскурсіі, асабліва ў малодшых школьнікаў!

Узімку мы таксама не адпачываем, а думаем. Мы распрацавалі праект мадэрнізацыі парку-дэндрарыя. Напрыклад, спраектавана яшчэ адна батанічная пляцоўка, у якую нам хочацца ўкласці шмат сіл, энергіі і душы, — батанічная пляцоўка лекавых раслін “Лясная аптэка”, дзе мы плануем выса­дзіць каля 100 відаў лекавых дрэў, кустоў і травяністых раслін.

Ва ўстанове ёсць ідэальная база для рэалізацыі інтэрактыўных адукацыйных эколага-біялагічных праграм: народны гісторыка-краязнаўчы музей (заснаваны ў 1955 годзе) і яго віртуальная версія, парк-дэндрарый. У нас функцыянуе сайт Клуба захавальнікаў прыродных ландшафтаў. У парку штогод абсталёўваюцца новыя батанічныя і эксперыментальныя пляцоўкі, распрацоў­ваюцца інтэрактыўныя адукацыйныя праграмы і тэатралізаваныя паказы. У народным гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць раздзел прыроды, які знаёміць з флорай і фаўнай нашай мясцовасці.

Плануем праводзіць інтэрактыўныя вучэбныя заняткі эколага-біялагічнай накіраванасці для навучэнцаў і выхаванцаў устаноў адукацыі Навагрудскага, Ка­рэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў, а таксама стварыць відэа-блог Клуба захавальнікаў прыродных ландшафтаў і праводзіць інтэрактыўныя экскурсіі анлайн.

Педагогі і навучэнцы ўстановы творчыя, актыўныя, ініцыятыўныя. І мы падумалі, калі гэта цікава, пазнавальна, карысна нашым дзецям, то чаму б не падзяліцца гэтым з іншымі. Мы гатовы вучыць дзяцей і дарослых экалагічна дасведчанаму абыходжанню з прыродай, прывіваць экалагічную культуру ў актыўнай форме, трансліраваць свой вопыт у межах і за межамі Навагрудскага раёна і Гродзенскай вобласці.

Кацярына ШАПЕЛЬ,
кіраўнік Клуба захавальнікаў прыродных ландшафтаў;
Ганна ХОМІЧ,
член Клуба захавальнікаў прыродных ландшафтаў, вучаніца 10 класа Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.