Почырк Сонгіна

Калі б давялося пагартаць старонкі працоўнай кніжкі Аляксандра Генрыхавіча Сонгіна, то адразу заўважыў бы, як трывала, непарыўна пераплецена яго жыццё з педагагічнай дзейнасцю. Прайшоўшы шлях ад настаўніка да дырэктара школы, Аляксандр Генрыхавіч выйшаў на новы віток кіраўніцкай дзейнасці і ўзначаліў сістэму адукацыі Лідскага раёна, а потым цэлай вобласці. Кожная яго пасада — гэта не толькі новая прыступка працоўнай кар’еры, але і свой след, свой почырк, які прыносіць свежы падыход у развіццё адукацыі рэгіёна. Сёння Аляксандр Генрыхавіч Сонгін сустракаецца з чытачамі нашай газеты і расказвае аб тым, як развіваецца адукацыйная галіна Гродзеншчыны, што клапоціць настаўнікаў і кіраўнікоў, якія напрамкі дзейнасці патрабуюць найбольшай увагі.

— Аляксандр Генрыхавіч, як імкліва бяжыць наша жыццё. Амаль імгненна прайшоў цэлы год з таго моманту, як вас прызначылі начальнікам упраўлення адукацыі вобласці. Канечне, гэта невялікі адрэзак часу, каб рабіць істотныя высновы аб тым, як змянілася за гэты час сістэма адукацыі рэгіёна. Але ўсё ж думаю, што ў вобласці ўжо адчуваецца почырк Сонгіна.
— На пачатку кіраўніцкай дзейнасці ва ўпраўленні адукацыі вобласці я ставіў перад сабой задачу захаваць усё лепшае, што назапашана за папярэднія гады, і, безумоўна, прымнажаць багаты здабытак, ставіць новыя задачы па ўдасканаленні адукацыйнай сферы і імкнуцца іх выконваць.
Скажу шчыра, што, мяркуючы па выніках (і даволі высокіх), нам удаецца забяспечваць пазітыўную дынаміку развіцця сістэмы адукацыі вобласці. Узяць, напрыклад, дашкольны ўзровень. Дзейнасць устаноў дашкольнай адукацыі накіравана на ўкараненне новых форм яе арганізацыі, на задавальненне запытаў нашых бацькоў, у тым ліку па арганізацыі падвозу дзяцей, па зместавым насычэнні дашкольнай адукацыі. Усе гэтыя фактары спрыяюць захаванню паказчыка ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў вышэй за рэспубліканскі.
Акрамя таго, сістэмная работа па стварэнні здароўезберагальных умоў знаходжання дзяцей у дашкольных установах дазволіла забяспечыць дастаткова нізкі паказчык пропуску дзён па хваробе сярод выхаванцаў дашкольных устаноў.
Паспяхова рэалізуецца комплекс арганізацыйна-педагагічных мерапрыемстваў, скіраваных на ўкараненне новай вучэбна-праграмнай дакументацыі дашкольнай адукацыі. Пацвярджэннем гэтага стаў нядаўна праведзены рэспубліканскі семінар у Слоніме, дзе ўвагу яго ўдзельнікаў прыцягнулі цікавыя і змястоўныя распрацоўкі калектываў устаноў дашкольнай адукацыі Гродзеншчыны.
На асаблівым кантролі знаходзіцца пытанне стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей. Так, у прыватнасці, акцэнт зроблены на прыняцце мер па асфальтаванні пад’язных шляхоў, рамонце траўманебяспечнага асфальтавага пакрыцця, асвятлення надворных тэрыторый дашкольных устаноў, аднаўлення функцыянавання басейнаў. Дзякуючы прынятым дзейсным мерам, удалося запусціць практычна ўсе басейны. Усе гэтыя захады дазволілі знізіць выпадкі дзіцячага траўматызму.

— А што наконт месцаў у дашкольных установах? Ці існуе ў рэгіёне іх дэфіцыт?
— На жаль, існуе. Найбольш востра гэтае пытанне стаіць у мікрараёнах-новабудоўлях такіх гарадоў, як Гродна, Ліда. Але мы імкнёмся змяніць сітуацыю. Каб у нейкай меры ліквідаваць недахоп месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі і забеспячыць так званую крокавую даступнасць, у мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 2 яслі-сада ў мікрараёне-новабудоўлі Гродна (на 230 месцаў), у Ашмянах (на 190 месцаў). Адкрыты сямейны дзіцячы сад у Сасноўцы Смаргонскага раёна. Такі ж сад працягвае функцыянаваць у Шчучыне. Вядзецца будаўніцтва яшчэ 2 дзіцячых садоў у Лідзе і аграгарадку Копцеўка. Калі аналізаваць гэты ж кірунак па іншых узроўнях адукацыі, то нядаўна ў эксплуатацыю ўведзена Доцішская сярэдняя школа Воранаўскага раёна на 216 месцаў, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Гродзенскім і Слонімскім раёнах, іншыя аб’екты. Усяго па вобласці ў мінулым годзе вяліся будаўніцтва і рэканструкцыя 26 аб’ектаў, на якіх асвоена больш за 200 млрд рублёў. Увод у эксплуатацыю новых устаноў дасць магчымасць у значнай меры вырашыць праблему перагружанасці і забяспечыць умовы для якаснай адукацыі.
У двух будынках у Гродне, дзе раней знаходзіліся ўстановы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і якія былі закрыты з мэтай аптымізацыі, цяпер размясціліся два яслі-сада. Акрамя таго, з некаторых устаноў вобласці выведзена 7 першых класаў, і такім чынам было вызвалена 140 месцаў. Па-ранейшаму ў Гродне функцыянуюць тры бацькоўскія маршруты пад назвай “Дашкалёнак” для падвозу выхаванцаў рэйсавым гарадскім транспартам у ранішні і вячэрні час да аддаленых дашкольных устаноў.
Аднак трэба прызнаць, што ў сістэме дашкольнай адукацыі застаецца і шэраг праблемных напрамкаў. Сярод іх, напрыклад, укамплектаванне дашкольных устаноў медыцынскімі кадрамі. Пакуль мы змаглі яе выканаць толькі на 84,2%. Востра стаіць пытанне недахопу памочнікаў выхавальнікаў, кухараў. Прычына вядомая — нізкая заработная плата. У якасці дадатковай меры матэрыяльнага стымулявання работнікаў дашкольных устаноў Гродзенскім гарвыканкамам прынята рашэнне аб павышэнні тарыфных ставак (акладаў) з 1 студзеня 2014 года ў памеры 30 працэнтаў кладаўшчыкам, кухонным рабочым, кухарам, шэф-кухарам, памочнікам выхавальнікаў.
Існуе і такая праблема, як наяўнасць у дашкольных установах педагогаў, якія маюць вышэйшую педагагічную адукацыю, але не па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. З улікам гэтага ўзнікае патрэбнасць перападрыхтоўкі такіх педагагічных кадраў. У нас з’явілася магчымасць займацца гэтым на базе інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Застаецца недастатковым працэнт забеспячэння дашкольных устаноў сучасным гульнявым і надворным абсталяваннем, а таксама сродкамі навучання. У сувязі з пашырэннем інфармацыйнай прасторы большасць дашкольных устаноў маюць патрэбу ў сучаснай камп’ютарнай тэхніцы. Таму гэтае пытанне стаіць на кантролі нашага ўпраўлення адукацыі, і па магчымасці мы будзем яго вырашаць. Як, дарэчы, і пытанне па адкрыцці прыватных дзіцячых садоў. Іх пакуль няма ў вобласці, але мы працуем над гэтай тэмай.

— Аляксандр Генрыхавіч, усім вядомы факт, што Гродзеншчына многа гадоў запар з’яўляецца бясспрэчным лідарам па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Выпускнікі вобласці дэманструюць вельмі высокі ўзровень ведаў. У апошні час значна палепшылася выніковасць школьнікаў рэгіёна на прадметных алімпіядах. Што спрыяе поспеху?
— За добрымі вынікамі стаіць у першую чаргу высокі прафесіяналізм педагога і, безумоўна, напружаная праца самога навучэнца. Калі гаварыць пра кіраўніцкія дзеянні, то ў рэгіёне выбудавана выразная сістэма ў гэтым напрамку, у аснове якой — работа з кадрамі.
Перш за ўсё гэта якасць работы настаўніка-прадметніка, павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагога ў частцы падрыхтоўкі да тэсціравання, у тым ліку на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі, сумесная плённая работа з Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, рацыянальнае, заснаванае на запыце навучэнцаў, размеркаванне факультатыўных заняткаў на 3-й ступені школы.
Сёння паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ўпраўлення адукацыі і рэгіянальных УВА. Мы выйшлі на новы віток узаемадзеяння ў супрацоўніцтве з універсітэтам імя Янкі Купалы. Паспяхова працуе каардынацыйны савет па рабоце з адоранымі дзецьмі. У яго структуры дзейнічаюць творчыя групы з ліку педагогаў і выкладчыкаў УВА. У 2013 годзе на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродна адкрыты 24 філіялы кафедраў факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Сумесна з аграрным універсітэтам арганізавана навукова-даследчая і доследная дзейнасць. Пры падтрымцы медыцынскага ўніверсітэта ва ўстановах адукацыі ствараецца здароўезберагальнае асяроддзе, рэалізуюцца новыя падыходы да арганізацыі харчавання, суправаджаецца работа санаторных школ.
Безумоўна, істотны ўплыў на ўдалы вынік аказвае створаная сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання таленавітых навучэнцаў і педагогаў, якія дасягнулі пэўных вынікаў у рабоце. У сувязі з гэтым хацелася б назваць прозвішчы некаторых з іх. Так, напрыклад, у мінулым годзе званне “Чалавек года Гродзеншчыны” прысвоена дэкану факультэта біялогіі і экалогіі, доктару хімічных навук, дацэнту ГрДУ імя Янкі Купалы В.М.Бурдзю; старшаму выкладчыку кафедры рускай і беларускай моў ГрДМУ В.І.Варанцу; настаўніку фізічнай культуры і здароўя вучэбна-педагагічнага комплексу “Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа” Смаргонскага раёна І.Э.Грыцкевічу; дырэктару Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі І.Я.Куроўскай і іншым педагогам вобласці. Дырэктар гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Б.А.Сяброўскі стаў пераможцам штогадовага конкурсу “Лепшы кіраўнік года”.
Аднак у рабоце са здольнымі дзецьмі мы бачым і праблему. На сённяшні дзень нас не задавальняе выніковасць выступлення нашых навучэнцаў на рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ, розных прадметных турнірах. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы выправім гэтую праблему, што дазволіць палепшыць вынікі.
Праблемай не аднаго года з’яўляецца недахоп у школах настаўнікаў фізікі, матэматыкі, замежных моў. Асаблівую трывогу выклікае той факт, што на педагагічныя спецыяльнасці падаюць дакументы абітурыенты з нізкімі баламі. Таму сёлета і ў наступныя гады мы будзем весці мэтанакіраваную і сістэмную работу па прафесійнай арыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці лепшых выпускнікоў школ. Разам з ГрДУ імя Янкі Купалы мы аб’явілі гэты год годам павышэння прэстыжу педагагічнай спецыяльнасці. З улікам гэтага ўжо склалі план арганізацыі і правядзення адпаведных мерапрыемстваў і пачалі іх рэалізоўваць.

— Не сакрэт, што з улікам узрастаючых патрэб галін эканомікі ў рабочых кадрах сёння актуалізавалася работа па арыентацыі выпускнікоў школ на выбар рабочай прафесіі. Якая сітуацыя ў гэтым кірунку назіраецца ў вобласці?
— Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці з’яўляецца забеспячэнне якасці адукацыі, выкананне заказу на падрыхтоўку кадраў, у тым ліку для інавацыйных сектараў эканомікі, аптымізацыя тэрмінаў навучання на ўсіх ступенях адукацыі.
У мэтах павышэння эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў прафесійнай адукацыі, а таксама ў сувязі з аптымізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж і Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж перададзены з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць Гродзенскай вобласці. Гродзенскі ПТК лёгкай прамысловасці з гэтага навучальнага года функцыянуе як установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі і мае назву Гродзенскі каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Падрыхтоўка кадраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці ажыццяўляецца па 84 прафесіях. У некаторых вучыцца 120 замежных грамадзян з сямі краін.
Лепшага спосабу адточвання прафесійных навыкаў як на вырабе прадукцыі пакуль не прыдумалі, таму ў гэтым кірунку імкнёмся ствараць самыя спрыяльныя ўмовы. Так, для фарміравання прафесійных уменняў і навыкаў ва ўсіх установах прафтэхадукацыі арганізавана дзейнасць падраздзяленняў па вытворчасці прадукцыі і аказанні паслуг, у якіх задзейнічана каля 3 тысяч навучэнцаў і работнікаў. У гэтых структурах выконваюцца рамонтна-будаўнічыя работы, выпускаецца неабходная прадукцыя, насельніцтву аказваюцца платныя адукацыйныя, бытавыя і іншыя паслугі. Павышэнне якасці адукацыі дасягаецца і праз паспяховую работу вучэбных гаспадарак сельскагаспадарчай вытворчасці.
Каб нашых выпускнікоў своечасова скіраваць на выбар рабочай прафесіі, усімі ўстановамі адукацыі праводзіцца неабходная інфармацыйная, арганізацыйная і прафарыентацыйная работа па павелічэнні колькасці выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, якія імкнуцца паступаць у навучальныя ўстановы прафтэхадукацыі. Дзякуючы намаганням іх калектываў, выкарыстанню новых форм і кірункаў прафарыентацыі, удалося ўкамплектаваць усе ўстановы прафесійнай адукацыі. З мэтай больш аператыўнага рэагавання на патрэбы рэгіянальнага рынку працы ў гэтым годзе плануецца выключыць з пераліку 18 незапатрабаваных прафесій і адкрыць падрыхтоўку па 22 новых.
На забеспячэнні нашага рэгіёна працоўнымі кадрамі сёння адмоўна адбіваецца нізкі працэнт замацавання выпускнікоў на першым працоўным месцы пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. Напрыклад, замацаванне выпускнікоў устаноў сельскагаспадарчага профілю складае толькі 40% ад прыбыўшых.
Каб вырашыць праблему замацавання маладых рабочых, па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі ў аблвыканкаме было разгледжана пытанне аб стане і асноўных напрамках узаемадзеяння сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі з заказчыкамі кадраў і непасрэдна з будаўнічымі арганізацыямі. У выніку гэтага істотна актывізавалася супрацоўніцтва паміж установамі і вытворчасцю. З боку будаўнічых арганізацый установам прафесійнай адукацыі паступіла фінансавая падтрымка, якая дазволіла значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў. Мы і далей збіраемся наладжваць эфектыўныя партнёрскія адносіны з заказчыкамі кадраў, каб працаваць ва ўнісон і своечасова забяспечыць рынак працы неабходнымі кадрамі.

— Як вядома, Гродзеншчына ўдзельнічае ў пілотным праекце па фінансаванні навучальных устаноў.
— Так, мы ўжо завяршылі падрыхтоўчы перыяд удзелу ў пілотным праекце па фінансаванні на падставе нарматываў бюджэтнай забяспечанасці на аднаго навучэнца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці. Для гэтага эксперымента вызначылі адну гімназію і тры сярэднія школы. За час падрыхтоўчага перыяду мы дасягнулі некаторых станоўчых вынікаў, у тым ліку з’явілася магчымасць зрабіць больш “празрыстымі” прэміраванне, падлік эканоміі фонду аплаты працы, выдаткаў на ўтрыманне ўстановы. Чакаем выхаду заканадаўчага акта па пачатку дзеяння пілотнага праекта ў адукацыі для апрабацыі адной з самых галоўных яго ўмоў: накіравання сэканомленых па каштарысе расходаў бюджэту сродкаў на матэрыяльнае стымуляванне членаў працоўнага калектыву.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.