Подых сярэднявечча на тэрыторыі ўніверсітэта

- 11:07Вышэйшая школа

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Белы Крыж”, што дзейнічае на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, вядома нават за межамі Беларусі. Візітоўкай клуба гістарычнай рэканструкцыі з’яўляецца Музей жывой гісторыі, які штогод ладзіцца на адкрытай пляцоўцы ГДУ.

Велічныя шатры і палаткі рыцарскага лагера, выдатныя дамы ў суправа­джэнні куртуазных кавалераў, вогнішча палявой кухні і пах мясных страў, смех, звон бакалаў, трэск коп’яў і лясканне воінскіх даспехаў — так выглядае Музей жывой гісторыі, які арганізуюць удзельнікі СНДЛ “Белы Крыж”.

— Ідэя адкрыць клуб гістарычнай рэканструкцыі з’явілася на пачатку 2000-х, калі я быў яшчэ студэнтам. У той час папулярнай была гісторыя сярэднявечча, і мы разам з іншымі выпускнікамі вырашылі стварыць уласнае аб’яднанне. Крыху пазней прыдумалі назву “Белы Крыж”, а потым, у 2011 годзе, нас афіцыйна аформілі пры ўніверсітэце, — расказвае кіраўнік лабараторыі намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта Антон Шыляеў.

З таго часу найбольш актыўныя сябры клуба працяг­ваюць работу, паступова развіваюцца. Разам са студэнтамі сталыя гісторыкі на чале з Антонам Паўлавічам ездзяць у Літву, Польшчу, Расію. Асабліва падабаецца ім штогадовы міжнародны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, прысвечаны Грунвальдскай бітве, які праходзіць у Польшчы на тым самым месцы, дзе і адбылася вялікая перамога. Сёння маладыя людзі рыхтуюцца да ўдзелу ў беларускім фестывалі культуры сярэднявечча “Гальшанскі замак”.

У фестывалях удзельнічаюць толькі паўналетнія юнакі і дзяўчаты, а яшчэ тыя, хто мае магчымасць на ўласныя сродкі набы­ваць матэрыялы, шыць касцюмы, аплачваць пра езд. Тэарэтычна стаць удзельнікам СНДЛ “Белы Крыж” можа кожны студэнт гістарычнага факультэта, аднак на справе выходзіць так, што застаюцца толькі самыя адданыя, згодныя патраціць паўгода на вывучэнне тэорыі, даследаванне крыніц, стварэнне легенды. Гэта сапраўдная навуковая работа!   

Антон Шыляеў сцвярджае, што ні адзін касцюм не прыдумваецца з галавы, кожны адпавядае эпосе — пачатку XV стагоддзя. Сам даследчык стварае вобраз сярэднявечнага рыцара.

— У адрозненне ад звыклай рамантычнай постаці, паводле крыніц, воіны не былі дужа багатымі людзьмі. Яны мусілі пастаянна наймацца на службу да больш багатых асоб. І жыццё было вельмі хуткаплынным, іх актыў­насць працягвалася да 30—35 гадоў, — тлумачыць Антон Шыляеў.

Шкада, што сёлета на работу Музея жывой гісторыі паўплывала сітуацыя з каранавірусам: музей не адкрыўся ўлетку для гамяльчан. Аднак гэта, кажуць даследчыкі, стымулюе яшчэ дакладней рыхтавацца на наступны раз. Плануецца, что ў рэканструкцыі будуць браць удзел музыканты з адпаведнымі эпосе інструментамі, а сталічныя калегі прывязуць коней з амуніцыяй.

Тыя, хто хоць аднойчы пабываў у Музеі жывой гісторыі ГДУ імя Францыска Скарыны, атрымліваюць уражанні на ўсё жыццё. Сярод гасцей рэканструкцыі можна сустрэць самых розных людзей. Гэта цікава школьнікам, самім студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам універсітэта, звычайным гараджанам і нават замежным гасцям.

Навучэнка сярэдняй школы № 41 Гомеля Вікторыя Манькова ўспамінае, як яны з аднакласнікамі наведвалі музей і што яны там убачылі:

— У двары паміж вучэбнымі карпусамі разгарнулася некалькі тэматычных пляцовак паходнага лагера: палявая кухня, шацёр для адпачынку, месца для харчавання, поле бою. Студэнты-гісторыкі праводзілі экскурсіі, да стала падавалі стравы па арыгінальных рэцэптах The formе of Cury — старажытнай кулінарнай кнігі XIV стагоддзя: вінегрэт і згушчанае малако. Частавалі і іншымі стравамі па рэцэптуры энцыклапедыі сярэднявечнай кухні “Закуска для караля, румяны для каралевы”. Былі тут і хрумсткія пірагі з курыцай і яблыкамі, і духмяныя аладкі з сырам, і яблыкі, пад­румяненыя ў кляры, і свежы хлеб, і хмельны квас. 

Другі наведвальнік музея сёлетні выпускнік філалагічнага факультэта ГДУ Андрэй Вялікі, асабліва быў уражаны рыцарскімі вобразамі. Андрэй расказвае, як побач з кухняй у прасторным шатры адпачывалі рыцары і іх чароўныя спадарожніцы. Масіўны драўляны стол быў застаўлены закускамі — маласольнымі агуркамі, марынаванымі грыбочкамі, агароднінай, селядцом. Там жа пад гучныя тосты і звон бакалаў ішла жывая гульня ў Nine men’s morris — дзевяць спевакоў мужчын.

— Гэтая настольная гульня была шырока распаўсюджана ў сярэднявеччы, хаця з’явілася яшчэ да нашай эры. Яе ілюстрацыі прыводзіліся ў палацавых манускрыптах караля Альфонса X, яе апісваў Шэкспір у сваёй камедыі “Сон у летнюю ноч”, а сёння пагуляць у яе можа любы наведвальнік нашага свята, — тлумачыць кіраўнік праекта Антон Шыляеў.

Госці Музея жывой гісторыі з задавальненнем дэгустуюць рыцарскія стравы, удзельнічаюць у майстар-класах па сталярным рамястве, гуляюць у сярэднявечны крыкет, страляюць з лука, прымяраюць даспехі, робяць фотаздымкі са зброяй, коп’ямі, шчытамі і мячамі.

Будучыя гісторыкі, студэнты спецыяльнасці “Музейная справа”, з энтузіязмам праводзяць экскурсіі. Лепш за ўсё прадметы і аксесуары мужчынскага і жаночага гардэроба дэманструюць самі насельнікі лагера, убраныя ў сярэднявечныя тунікі, сукенкі, кашулі, плашчы, мудрагелістыя галаўныя ўборы, хусткі і акуляры.

— Традыцыйна самы відовішчны момант рэканструкцыі — імправізаваныя рыцарскія баі. І хаця змагаюцца бравыя барадатыя мужчыны не па-сапраўднаму, у гледачоў выклікаюць трапятанне іх гучныя ваяўнічыя крыкі, глухія ўдары вострых коп’яў аб драўляныя шчыты, скрыгат бліскучых мячоў, — завяршае размову Антон Паўлавіч. І гэта той самы выпадак, калі насамрэч лепш ад зін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Рабіць такую маштабную сцэнічную пастаноўку ўдзельнікам студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Белы Крыж” звычайна дапама­гаюць сябры клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі і замежжа. Цікавасць да гістарычнага мінулага  яднае самых розных людзей: малых і сталых, школьнікаў і навукоўцаў, беларусаў і іншаземных гасцей.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.