Подзвіг народа не будзе забыты

- 14:50Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Абласная краязнаўчая алімпіяда, прысвечаная 70-годдзю Перамогі, прайшла ў Магілёве.

Як расказала загадчыца аддзела краязнаўства і пошукавай работы абласнога Цэнтра творчасці Святлана Хадоркіна, падобныя інтэлектуальныя спаборніцтвы на веданне гісторыі роднага краю карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў вучняў, таму сталі на Магілёўшчыне традыцыйнымі.
— Сёлетняя алімпіяда, арганізатарамі якой выступае абласны цэнтр творчасці, абласны краязнаўчы музей імя Е.Раманава і абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру”, пятая па ліку. Яе тэмай стаў гераічны подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы пастараліся, каб алімпіяда, нібы нітка памяці, звязала два пакаленні: моладзь і ветэранаў. Вывучаючы гісторыю сваёй малой радзімы, ваенную гісторыю, падлеткі больш выразна пачынаюць разумець, праз якія цяжкасці давялося прайсці іх дзядам і прадзедам, — адзначыла Святлана Анатольеўна.
Удзел у алімпіядзе прынялі 25 каманд, якія сталі лідарамі раённых этапаў спаборніцтва, каля ста навучэнцаў 9—11 класаў з усёй вобласці. Ім, па словах Святланы Хадоркінай, трэба было прайсці нямала конкурсных заданняў. Алімпіяда была разбіта на два туры. У першым удзельнічалі ўсе каманды, а вось у другі былі дапушчаны толькі фіналісты.
— У першым туры мы прапанавалі ўдзельнікам такія заданні, як “Тэсціраванне”, “Краязнаўчая дыктоўка” і “Віктарына”. Тэсціраванне ўключала ў сябе 50 пытанняў па розных тэмах. Гэта падзеі вайны на тэрыторыі СССР і Беларусі, партызанскі рух, вызваленне Магілёва і вобласці, увекавечанне памяці аб вайне. Аб’ём інфармацыі велізарны, а справіцца з заданнем неабходна было ўсяго за трыццаць хвілін. Такі ж час адводзіўся і на рашэнне астатніх заданняў. На этапе “Краязнаўчая дыктоўка” ўдзельнікі павінны былі аператыўна запоўніць пропускі ў тэксце, а ў віктарыне хутчэй за іншых адказаць на пытанне. У другім туры таксама прапаноўвалася краязнаўчая віктарына, а пасля ўдзельнікам трэба было правесці імправізаваную экскурсію. Заданняў было шмат, але ўсе ўдзельнікі паказалі даволі моцныя і глыбокія веды, — падкрэсліла Святлана Хадоркіна.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі маладых людзей адзначыла і член журы старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Раманава Аляксандра Буракова:
— Усе ўдзельнікі проста малайцы і сапраўды правялі каласальную падрыхтоўку да алімпіяды. У гэтым плане мы аказвалі садзейнічанне камандам: прапаноўвалі спецыяльныя туры, падчас якіх яны маглі паспрабаваць сябе ў якасці экскурсаводаў. Падчас правядзення алімпіяды мы былі прыемна здзіўлены: юныя экскурсаводы ўразілі нас змястоўнасцю матэрыялу па тэме, даступнасцю яго выкладання, уменнем аб’яднаць розныя звесткі ў адзінае цэлае, культурай мовы. Асабліва хацелася б адзначыць прадстаўнікоў каманд Асіповіцкага, Быхаўскага раёнаў і Магілёва.
Паводле сведчанняў журы, па выніках кожнага з заданняў у лідарах знаходзілася каманда абласнога цэнтра. Нядзіўна, што прадстаўнікі Магілёва з адрывам больш чым у дваццаць балаў і сталі пераможцамі абласной краязнаўчай алімпіяды.
Па словах кіраўніка каманды настаўніцы гісторыі гарадской гімназіі № 4 Вольгі Міхайлаўны Валадзьковай, на такі вынік яны разлічвалі.
— Мы ўзмоцнена рыхтаваліся да гэтай алімпіяды. Штудзіравалі літаратуру ў бібліятэках, наведвалі музеі. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы аказаў і краязнаўчы гурток, які дзейнічае ў нашай гімназіі. Усе ўдзельнікі каманды актыўна яго наведваюць на працягу некалькіх гадоў. Ім цікавая тэма краязнаўства, ваенная гісторыя. А цікавасць вучняў — галоўны залог поспеху. Вялікі ўплыў падрыхтоўка аказала і на патрыятычнае выхаванне дзяцей. Яны даведаліся шмат новага аб сваяках, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла Вольга Міхайлаўна.
А вось для каманды Быхаўскага раёна, якая заняла ганаровае другое месца, перамога стала поўнай нечаканасцю.
— Выхад у прызёры стаў для нас прыемным сюрпрызам, бо па выніках першага тура мы не былі ў лідарах. Аднак у другім туры змаглі мабілізавацца і выступіць добра. І вось — прызавое месца! Але мы рады нават таму, што паўдзельнічалі ў алімпіядзе. Такія мерапрыемствы дазваляюць нам не забываць пра подзвіг свайго народа, — падзяліліся ўдзельніцы каманды Ганна Дуброўская, Паліна Бяляніна, Лізавета Мельнікава і Кацярына Купрыянава.
Тройку лідараў замкнулі прадстаўнікі Магілёўскага раёна. Каманды-прызёры атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і абласнога краязнаўчага музея, а таксама каштоўныя прызы ад арганізатараў — абласнога Цэнтра творчасці і абласнога краязнаўчага музея. Астатнія фіналісты не пакінулі алімпіяду з пустымі рукамі. Каманды, якія занялі 4, 5 і 6 месца, а гэта прадстаўнікі Касцюковіцкага, Асіповіцкага раёнаў і Кастрычніцкага раёна Магілёва, атрымалі заахвочвальныя дыпломы ад абласнога цэнтра творчасці і памятныя прызы ад абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.