Подзвіг партызан у дакументах і фотаздымках

Інтэрактыўная выстава “Партызаны Беларусі” адкрылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта першымі азнаёміліся з унікальнымі экспанатамі. Пасля выстава адправіцца ў гродзенскія медыцынскі і аграрны ўніверсітэты, а затым прадоўжыць свой шлях па ўстановах вышэйшай адукацыі краіны.

Выстава ўключае ў сябе больш за 70 экспанатаў: гістарычныя фатаграфіі ваенных часоў, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзеншчыны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яна заснавана на дакументах унікальнага інтэрнэт-праекта Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь “Партызаны Беларусі” (partizany.by), матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

— Праект “Партызаны Беларусі” быў створаны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказаў намеснік дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Іван Сінічкін. — На сённняшні дзень ён уключае ў сябе больш за 130 тысяч унікальных электронных картак на партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Мы разлічваем на загрузку каля паўмільёна дакументаў, якія раскажуць пра подзвіг, здзейснены беларускімі партызанамі. Гэтую выставу мы праводзілі і ў мінулы, юбілейны год Перамогі, аднак эпідэмічная сітуацыя не дазволіла прадставіць яе ў поўным маштабе. Сёлета пачынаем праект у Гродне ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

На выставе прадстаўлены не толькі фотаэкспанаты. Тут знахо­дзіцца інтэрактыўны стэнд, з дапамогай якога кожны жадаючы можа пашукаць сваіх родных, землякоў, паглядзець узнагародныя лісты. Гэта своеасаблівая копія партала partizany.by, папаўненне якога працягваецца.

Іван Сінічкін дадаў, што над папаўненнем архіва працуе шмат людзей, створана спецыяльная група. На сайце ёсць своеасаблівы лічыльнік, які ў рэжыме рэальнага часу паказвае, колькі дакументаў у цяперашні момант загружаецца. Плануецца, што ў гэтым годзе выстава пабывае ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі краіны.

— Для мяне гэтая выстава вельмі важная, бо мой прадзед Васіль Дазорцаў прайшоў усю вайну да Берліна, — расказала студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Лізавета Дазорцава. — Спадзяюся, што студэнты нашага ўніверсітэта выкарыстаюць унікальную магчымасць азнаёміцца з экспанатамі выставы, вельмі хацелася б, каб яе наведалі як мага больш людзей. Ганаруся тым, што праект стартуе менавіта ў нашым універсітэце.

Адкрываючы выставу, пра­рэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько падкрэсліў:

— Глыбока сімвалічна, што напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі падрыхтавана выстава пра герояў-партызан, якія ўнеслі значны ўклад у тое, як гэтая перамога адбылася, актыўна змагаліся ў тыле з фашыстамі. Нашы студэнты могуць азнаёміцца з іх геройскімі ўчынкамі, убачыць узнагародныя лісты. Можа так атрымацца, што наведвальнікі выставы знойдуць тут фотаздымкі сваіх блізкіх. Асабліва важная выстава ў сучасных умовах, калі не так многа засталося герояў, а яшчэ не так даўно ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, партызаны сустракаліся з моладдзю і самі расказвалі пра цяжкія выпрабаванні і радасць перамогі.

Арганізатарамі выставы выступілі Выдавецкі дом “Беларусь сегодня” і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Афіцыйны парт­нёр праекта — ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.