Подзвіг земляка

- 16:29Выхаваўчая прастора

У верасні 1964 года Савет Міністраў БССР прысвоіў нашай школе імя Героя Савецкага Саюза А.К.Гараўца. Імя Аляксандра Канстанцінавіча носіць таксама піянерская дружына і адзін з піянерскіх атрадаў школы. І гэта невыпадкова. Аляксандр Гаравец — наш зямляк, выпускнік. Ён нарадзіўся 12 сакавіка 1915 года на хутары Гараўцы каля Машканоў. Хаты зараз няма, памятным знакам служаць бярозкі, якія нагадваюць, што калісьці тут жылі людзі. Кожны год у дзень нараджэння Аляксандра Гараўца ў школе праходзяць памятныя мерапрыемствы.

Свой подзвіг Аляксандр Канстанцінавіч здзейсніў 6 ліпеня 1943 года ў час жорсткіх баёў на Арлоўска-Курскай дузе. Аператыўная зводка Саўінфармбюро за 13 ліпеня паведамляла: “Лётчык гвардыі лейтэнант Гаравец сустрэўся ў паветры з групай нямецкіх самалётаў. Уступіўшы з імі ў бой, таварыш Гаравец збіў 9 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў”. У гэтым баі адважны лётчык загінуў. Яго імя не сыходзіла са старонак тагачаснага савецкага друку. У баявой практыцы падобнага выпадку яшчэ не існавала. Пра Гараўца гаварыла ўся краіна. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Месца гібелі легендарнага лётчыка было ўстаноўлена амаль праз 14 гадоў. На хутары Зорынскія Двары Іўнянскага раёна Белгародскай вобласці ў зямлі знайшлі рэшткі чыр­ваназорнага самалёта-знішчальніка, а ў яго кабіне — астанкі пілота. Па дакументах, баявых узнагародах удалося ўстанавіць асобу загінуўшага лётчыка.

Машканцы ганарацца сваім земляком-героем і ўшаноўваюць яго памяць. 12 сакавіка традыцыйна праводзіцца ўрачыстая лінейка, да бюста ўскладваюцца кветкі, у школьным музеі праходзяць тэматычныя экскурсіі “Бессмяротны подзвіг земляка”, ва ўсіх класах ла­дзяцца тэматычныя класныя гадзіны, прысвечаныя лётчыку-герою. Доўгі час мы падтрымліваем зносіны з музеем А.К.Гараўца ў Вык­се Ніжагародскай вобласці (Расійская Федэрацыя), вядзём перапіску з юнымі экскурсаводамі музея і яго кіраўніком Вольгай Яўгенаўнай Харытонавай. Расійская зямля і яе людзі беражліва ўшаноўваюць памяць пра сына беларускай зямлі.

Жыццёвы шлях А.К.Гараўца вучыць школьнікаў любіць Радзіму, ушаноўваць гераічнае мінулае, паважаць гісторыю свайго краю.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах “Голас юнага краязнаўца” Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.
Фота аўтара.