Подзвігі равеснікаў

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адкрылася рэспубліканская інтэрактыўная выстава “Партызаны Беларусі”. У аснове выставы — дакументы сумеснага праекта Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь par tizany. by, а таксама матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Унікальны праект рэалізуецца з красавіка гэтага года пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і накіраваны на азнаямленне студэнцкай моладзі і прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі з гісторыяй партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны арганізатары выставы невыпадкова вырашылі данесці менавіта студэнцкай аўдыторыі. Калі пагля­дзець на чорна-белыя фотаздымкі ваеннага часу, то нельга не заўважыць, што на іх адлюстраваны ў асноўным равеснікі сённяшніх студэнтаў. А ўзнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі 18—20-гадовых юнакоў і дзяўчат — выдатны матэрыял для патрыятычнага выхавання сучаснай моладзі.

“Мы з гонарам прымаем эстафету памяці ў сценах нашага ўніверсітэта. Для любога грамадства гістарычная памяць, патрыя­тызм з’яўляюцца фундаментальнымі каштоўнасцямі. Для нашага народа гэта асабліва значна. Прадстаўленыя на выставе дакументы сведчаць пра тое, што партызанскі рух быў масавым. Сёння кожны з нашых студэнтаў і выкладчыкаў можа дакрануцца да гісторыі. Нават я, калі разгортвалася выстава, знайшоў дакументальнае пацвярджэнне таго, што ў ваколіцах той вёскі, дзе нарадзілася мая бабуля, праходзілі актыўныя партызанскія дзеянні”, — падзяліўся прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Макоўчык.

Выставачны праект з’яўляецца данінай памяці героям Вялікай Айчыннай вайны і пабываў ужо ў многіх кутках нашай краіны. З унікальнымі матэрыяламі азнаёміліся студэнты і выкладчыкі многіх рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. Цяпер настала чарга і сталіцы. “Адна з мэт выставы — папулярызацыя нашага асноўнага з Выдавецкім домам “Беларусь сегодня” праекта — інтэрнэт-партала “Партызаны Беларусі”. Гэта своеасаблівая электронная энцыклапедыя па гісторыі партызанскага руху, электронная персаніфікаваная база даных аб партызанах і падпольшчыках Вялікай Айчыннай вайны, — паведаміў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк (дарэчы, выпускнік гістфака БДПУ). — На партале прадстаўлена больш за 184 тысячы партызан і падпольшчыкаў. Штодзень база папаўняецца новымі імёнамі герояў. У найбліжэйшыя гады нам неабходна размясціць на партале больш за 450 тысяч дакументаў. Рэалізацыя праекта стала магчымай толькі дзякуючы таму, што былі аб’яднаны намаганні і гісторыкаў, і журналістаў, і архівістаў, быў прыцягнуты значны кадравы навуковы патэнцыял, фінансавыя сродкі”.

Аказаць дапамогу ў напаўненні электроннага праекта новымі раздзеламі можа кожны з нас. У сямейных архівах беларусаў захоўваецца шмат ваенных дакументаў і фотаздымкаў. Арганізатары праекта заўсёды рады размясціць іх на партале разам з дакументамі, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве. Так, дарэчы, і адбываецца напаўненне сайта partizany.by. Як паведаміў намеснік дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Іван Сінічкін, на партал загружана вялікая колькасць унікальных картак пра канкрэтных партызан, што дазваляе і гісторыкам, і журналістам знаходзіць новыя факты пра партызанскі рух. У асобным раздзеле сабраны даследаванні, праве­дзеныя ў апошні час, успаміны сведак, якія маўчалі доўгія гады і па пэўных прычынах не расказвалі свае гісторыі.

Да 18 лістапада ў галоўным корпусе БДПУ з дапамогай інтэрактыўнага стэнда можна азнаёміцца з інфармацыяй пра байцоў партызанскіх атрадаў і брыгад, узнагароднымі лістамі і характарыстыкамі. Баец-кулямётчык У.Ц.Печань, узнагароджаны медалём “Партызан Айчыннай вайны ІІ ступені”… А.І.Антончык, кулямётчык-мінёр аднаго з партызанскіх атрадаў Брэсцкага злучэння пасля задання, 1944 год… Магчыма, на выставе або ў электроннай базе даных і вы знойдзеце аднаго з вашых гераічных продкаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.