Погляд настаўніка фізікі на праблемы школьнага выхавання

- 17:11Рознае, Якасць адукацыі

У пачатку маёй педагагічнай кар’еры (а гэта быў пачатак 80-х) адбыўся невялікі канфлікт з дырэктарам школы — прыгожай і разумнай жанчынай. Каб паставіць на месца свавольнага настаўніка, яна стала наведваць мае ўрокі. Пры абмеркаванні гэтых урокаў дырэктар паспрабавала паказаць мой сапраўдны прафесійны ўзровень, а ў першы год работы ён не мог быць высокім.

— Ітут у вас не так, і там не лепш! — дабівала яна мяне. Я, як малады, яшчэ не біты жыццём пеўнік, спрабаваў адбівацца, даказваў сваю невінаватасць. Тады дырэктар пусціла ў ход цяжкую артылерыю.
— А ў вас на ўроках не выкарыстоўваліся матэрыялы 25- га з’езда КПСС! — папракнула яна. Вось на гэта ў мяне не знайшлося годнага адказу.
Ішлі гады. Успамінаючы сваю педагагічную маладосць, я часта смяяўся з гэтага выпадку. А вось у апошнія гады ўжо не да смеху. Разам з распадам Вялікай краіны распаўся і магутны ідэалагічны падмурак выхаваўчага працэсу. Грамадства стала прагматычным. Прагматычнай стала і школа. Сёння ў пагоні за месцамі і дыпломамі алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў мы забыліся пра галоўнае прызначэнне школы. А гэта нават не навучанне. Гэта стварэнне Чалавека, з яго самымі лепшымі рысамі і якасцямі.
Законы педагогікі і метады выхавання ўжо даўно адкрыты. І нічога новага, нягледзячы на свой 30-гадовы педагагічны вопыт, я пакуль не прыдумаю. Але выказаць свае думкі па гэтай праблеме маю права. На мой погляд, выхаванне ў школе трымаецца на некалькіх ісцінах.

Ісціна першая: “Героі жывуць побач!”

Агульнавядома, што выкладанне любога прадмета павінна насіць нацыянальны характар. На жаль, сучасныя беларускія падручнікі ў гэтым плане далёкія ад ідэалу. Прывяду некалькі прыкладаў.
Пры вывучэнні тэмы “Рэактыўны рух” аўтарамі вучэбнага дапаможніка для 9 класа ўспамінаюцца імёны Цыялкоўскага, Каралёва і іх заслугі перад навукай. А чаму сюды не дадаць імя нашага земляка Казіміра Семяновіча, які ў ХVІІ стагоддзі, задоўга да Цыялкоўскага, у сваёй кнізе “Мастацтва артылерыі” распрацаваў асновы балістыкі і зрабіў тэарэтычныя перадумовы для стварэння шматступеньчатай ракеты.
Другі прыклад. Тэма “Умовы плавання цел” у 7 класе. Разам з імёнамі братоў Мангальф’е, якія стварылі першы паветраны шар, я знаёмлю вучняў і з выхадцам з Віцебскай губерні Карлам Шыльдэрам, які пабудаваў адну з першых металічных падводных лодак.
Чую голас сваіх апанентаў: “Якія ж яны беларусы? Першы — генерал Рэчы Паспалітай, другі — генерал-інжынер Расійскай імперыі. Паважаныя калегі! А чаму ж мы ганарымся акадэмікам Ж.Алфёравым? Ён таксама жыве і працуе ў іншай краіне.
Як мы бачым, поле для патрыятычнага выхавання ў настаўніка фізікі вялікае. Не трэба адмаўляцца і ад сучасных дасягненняў. Пры выкладанні многіх тэм да месца на экране могуць быць фатаграфіі нашых аўтамабіляў БелАЗ, МАЗ; трактароў, з іх тэхнічнымі характарыстыкамі. Можна ўзяць для рашэння задачу са зборніка Рымкевіча, з абстрактным трактарам ці аўтобусам, а можна весці гаворку пра канкрэтную марку тэхнікі, выпушчанай у Беларусі.
Выхаваць сапраўднага грамадзяніна, сапраўднага патрыёта можна толькі тады, калі мы навучым падлетка любіць і ганарыцца ўсім, што дала і дае беларуская зямля, і ў першую чаргу людзьмі, якія на ёй нарадзіліся, дзе б яны сёння ні былі.

Ісціна другая: “Малы што і стары!”

Што аб’ядноўвае людзей старых і дзяцей? Гэта дэфіцыт увагі з боку аднаго і таго ж аб’екта. Для першых — гэта іх дарослыя дзеці, а для другіх — іх бацькі. У кругавароце жыццёвых праблем сучасным мамам і татам не хапае часу для паўнацэнных зносін як са сваімі састарэлымі бацькамі, так і з дзецьмі, якія падрастаюць.
Настаўнік з’яўляецца амаль адным з дарослых, хто гатовы да зносін з дзецьмі і гэта ўваходзіць у сферу яго прафесійных абавязкаў. З вучнямі трэба размаўляць, выслухоўваць іх праблемы, дзяліцца сваімі поглядамі на жыццё. І рабіць гэта не толькі падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Як мы памыляемся, калі кожную хвіліну ўрока аддаём толькі законам Ома, Ньютана ці Кулона. І якімі сухімі, нецікавымі па гэтай прычыне мы выглядаем у вачах дзяцей. А калі часам ахвяраваць пяццю хвілінамі ўрока і пагаварыць пра нешта далёкае ад фізікі, расказаць нешта цікавае са свайго жыцця?
Ёсць у мяне адзін вучань. Маленькі, непрыкметны, да вучобы абыякавы, ды і не здольны. На ўроках звычайна спаў. Пасля ўрокаў або на перапынках пастаянна парушаў дысцыпліну, за што быў частым госцем у кабінеце дырэктара, а то і ў ІСН. Аднойчы на перапынку заўважыў на хлопчыку новы касцюм, паклікаў да сябе.
— Максім, які ты сёння салідны мужчына! Прыгожы касцюм, гальштук. Малайчына! — хвалю вучня.
Вы б бачылі, як загарэліся ў хлопчыка вочы. Якім сапраўды прыгожым ён стаў у гэты момант. Пасля гэтага Максім пачаў вітацца яшчэ здалёк і абавязкова, дадаючы да слоў прывітання імя і імя па бацьку настаўніка. На ўроках стаў слухаць і першым бегчы, каб раздаць дапаможнікі або прынесці прыборы з лабаранцкай. Як, аказваецца, мала трэба было дзіцяці! Проста, каб яго заўважылі, вылучылі з агульнай масы падлеткаў.

Ісціна трэцяя: “Слова настаўніка — гэта скальпель хірурга!”

Канец 60-х. У школу прыехаў фатограф. Зайшоў і ў 2 “Б” клас. А праз некалькі тыдняў настаўніца Вольга Іванаўна прынесла перад урокам цэлы стос вучнёўскіх партрэтаў.
— Пасля ўрока раздам! — паабяцала яна. — А пакуль самастойна выканайце практыкаванне.
Вучні схіліліся над сшыткамі, а настаўніца стала браць у рукі дзіцячыя партрэты і выстаўляць на падаконнік.
— Ой, які прыгожы ў нас Толік! — спынілася Вольга Пятроўна на адным з партрэтаў. Паставіла яго перад сабой, а астатнія сабрала і вярнула на ранейшае месца.
— Які прыгожы хлопчык! — яшчэ раз дадала яна.
На нейкае імгненне ў класе перасталі рыпець пёры ручак аб паперу. Дзеці яшчэ ніжэй схілілі галоўкі. Схіліў галаву і Толік, сын аднаго з мясцовых начальнікаў, але пры гэтым чамусьці пачырванеў.
Прайшлі гады. Былыя аднакласнікі (цяпер ужо дарослыя людзі) часта збіраюцца на вечары сустрэчы ў родную школу. Успамінаюць сваё дзяцінства, сваіх настаўнікаў. А вось назваць сваю першую настаўніцу другой мамай чамусьці ні ў кога язык не паварочваецца.

Ісціна чацвёртая: “І мазалі выхоўваюць!”

Дзесьці ў пачатку 2000-х установы адукацыі пачалі актыўна займацца ландшафтным дызайнам. У той школе, дзе я працаваў, таксама вырашылі стварыць перад вокнамі газоннае пакрыццё. Спачатку сярод настаўнікаў знайшлося нямала скептыкаў.
— Вытапчуць усё ў першы дзень! Нічога з гэтай задумы не атрымаецца, — сцвярджалі яны.
У суботу ўсе прыйшлі з рыдлёўкамі. Высякалі стары дзірван, ускопвалі глебу. Працавалі ўсе: вучні, настаўнікі, тэхперсанал. На ганак школы паставілі музычную апаратуру, і па ўсёй акрузе загучала бадзёрая мелодыя. Сюды ж работнікі сталовай выставілі велізарныя бакі з гарачым чаем, прынеслі смачныя бутэрброды. Дзеці групкамі падыходзілі і ласаваліся пачастункам. Апоўдні работу завяршылі. Стомленыя, але з добрым настроем, разыходзіліся па дамах. Вось толькі адна старшакласніца прылегла на лаўку ў цені клёну.
— Юлька, што адбылося? — пытаюся ў дзяўчыны.
— Рукі, ногі не слухаюцца! — паказвае ў крывавых мазалях далоні.
Я з гонарам паказваю ў такім жа стане свае, і мы весела смяёмся.
Прайшоў час. Зялёны газон і сёння радуе вока. Беражлівыя адносіны да яго перадаюцца ад аднаго пакалення навучэнцаў да другога. Толькі вар’ят будзе разбураць тое, што стварыў сваімі рукамі.

Ісціна пятая: “Прыгожыя кветкі могуць вырасці толькі на прыгожай клумбе!”

Часта ад людзей, якія пабывалі ў пушкінскім Міхайлаўскім або коласаўскай Вязынцы, можна пачуць: “Калі б тут давялося жыць, я і сам бы пачаў пісаць вершы!” Школьная тэрыторыя, знешні і ўнутраны выгляд памяшканняў, вучэбных кабінетаў, рэкрэацыі гэтак жа выхоўваюць. Калі яны цёмныя, непрыгожыя, то і дзеці ў іх будуць расці цёмнымі. А калі хлопчыка ці дзяўчынку на працягу 6–8 гадзін у суткі акружаюць добрыя, прыгожыя душой людзі, калі яны знаходзяцца ва ўтульных класных памяшканнях, то і самі яны будуць расці добрымі і спагадлівымі. Па гэтай прычыне права на існаванне ў кабінеце фізікі маюць як кветкі, так і падабраныя з густам рэпрадукцыі.
Мы плануем урок фізікі і часцей за ўсё не задумваемся аб яго эстэтычнай каштоўнасці. А прыгожы ўрок таксама выхоўвае.
Урок мы смела можам назваць прыгожым, калі ён метадычна правільна пабудаваны, калі на ім праглядаюцца ўсе неабходныя для гэтага тыпу ўрокаў этапы, калі паміж гэтымі этапамі існуюць плаўныя лагічныя пераходы, калі выкананы ўсе мэты і задачы, пастаўленыя настаўнікам перад сабой і навучэнцамі. А галоўнае, урок павінен быць камфортным для ўсіх яго ўдзельнікаў: і навучэнцаў, і настаўнікаў.
Выканаць усе пералічаныя вышэй патрабаванні да ўрока прасцей, калі ў школе ёсць інфармацыйна-камп’ютарныя сродкі і настаўнік знаёмы з інфармацыйнымі тэхналогіямі, мае навыкі работы з імі.
У настаўніка адказная работа. Але прыцягвае ў ёй тое, што кожны дзень не падобны да папярэдняга, кожны новы вучань — гэта неадкрытая зорачка. І калі я сцвярджаў вышэй, што законы педагогікі ўсе даўно адкрыты, то крыху казаў няпраўду. Гэтыя законы настаўніку даводзіцца адкрываць зноў і зноў, калі ён сустракаецца са сваімі выхаванцамі.

 

Сяргей БЯЛАШ,
настаўнік фізікі клецкай сярэдняй школы № 1, выдатнік народнай адукацыі.