Поле мужнасці

- 11:00Родная земля

Буйніцкае поле — адзін з сімвалаў мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут, пад Магілёвам, у 1941-м амаль на месяц было спынена наступленне танкавых і пяхотных часцей Вермахта на ўсход. Толькі за адзін дзень баёў (12 ліпеня) чырвонаармейцы і байцы народнага апалчэння падбілі 39 варожых танкаў. Там, дзе 80 гадоў назад былі варонкі ад снарадаў, сёння красуюць рознакаляровыя кветкі, дзе гучалі крыкі салдат — чуецца дзіцячы смех, а замест дыму ад выстралаў і ўзрываў — аблокі, якія павольна плывуць на фоне блакітнага летняга неба.

Ніколі не забыць

Сваю славу Буйніцкае поле набыло не толькі дзякуючы подз­вігам салдат 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра М.Ц.Раманава, а таксама байцоў батальёна народнага апалчэння. Невядома, ці гаварылі б і пісалі так актыўна ў Савецкім Саюзе пра муж­насць і стойкасць чырвонаармейцаў на гэтым кавалку зямлі ў ваколіцах Магілёва, калі б 13 і 14 ліпеня Буйніцкае поле не наведаў ка­рэспандэнт Канстанцін Сіманаў і фатограф Павел Трошкін. Гэта ён зрабіў знакаміты здымак разбітай нямецкай тэхнікі на подступах да Магілёва, а Канстанцін Сіманаў расказаў у “Известиях” пра баі пад Магілёвам у нарысе “Гарачы дзень”, а таксама ў сваім дзённіку і трылогіі “Жывыя і мёртвыя”. Хоць сам Сіманаў і не быў сведкам баёў, якія адбыліся 12 ліпеня, аднак яго настолькі ўразілі аповеды салдат і выгляд знішчанай варожай тэхнікі, што пісьменнік завяшчаў развеяць свой прах над Буйніцкім полем. “Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, — поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашы на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў…”, — пісаў Канстанцін Сіманаў.

Знайсці імя

Менавіта К.Сіманаў першым паведаміў пра мужнасць чырвонаармейцаў пры абароне Магілёва. Сёння пра гэтыя подзвігі расказваюць юныя краязнаўцы, удзельнікі пошукавых атрадаў. Адзін з іх працуе ўжо 25 гадоў у Раманавіцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Алега Уладзіміравіча Пускова. Чаму з усіх напрамкаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання асноўным у раманавіцкай школе быў выбраны менавіта пошукавы рух? Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны Голахавай, ­удзел у пошукавым руху носіць выключна практычны характар: падчас работы з архіўнымі матэрыяламі, перапіскі з роднымі байцоў, якія ваявалі пад Магілёвам, вучні аднаўляюць імёны загінуўшых воінаў. Удзельнікі атрада “Памяць” таксама цесна ўзаемадзейнічаюць з грамадскімі арганізацыямі, у першую чаргу Магілёўскім абласным гістарычна-патрыятычным пошукавым клубам “Віккру”, а з 2009 года школьны атрад з’яўляецца структурным пад­раздзяленнем гэтага грамадскага аб’яднання.

Яшчэ адна з адметных па­дзей у гісторыі клуба адбылася ў 2004 го­дзе, калі жыхарамі вёскі Васькавічы Чавускага раёна быў зной­дзены сейф са штабнымі дакументамі ­20-га механізаванага корпуса. Сейф быў закапаны чырвонаармейцамі ў ліпені ­1941-га пры спробе прарыву з нямецкага акружэння. “Дакументы праляжалі ў зямлі больш за 60 гадоў, таму былі моцна пашкоджаны. Гэта былі наскрозь прамоклыя, часткова сапсаваныя спісы: прадстаўленні да ўзнагароджання, данясенні аб захаванасці матэрыяльнай часткі і стратах, атэстацыйныя характарыстыкі і спісы беззваротных страт радавога і каманднага складу. Звесткі вельмі каштоўныя, паколькі дакументы былі схаваны пры выхадзе з акружэння і ёсць усе падставы меркаваць, што салдаты і афіцэры, названыя ў гэтых спісах, да сённяшняга часу лічацца зніклымі без вестак. Акрамя таго, былі выяўлены рэляцыі да ўзнагароджання чырвонаармейцаў, якія здзейснілі подзвігі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі”, — паведаміў Алег Уладзіміравіч.

Хоць дакументы і былі знойдзены на тэрыторыі Чавускага раёна, аднак, безумоўна, байцы, імёны якіх пазначаны ў дакументах, змагаліся і на тэрыторыі Магілёўскага раёна. На жаль, баявы шлях корпуса быў нядоўгі, аднак імёны яго байцоў, іх лёс, безумоўна, вартыя даследавання. Работа са спісамі працягваецца, вывучэнне лёсу байцоў 20-га механізаванага корпуса з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці пошукавага атрада “Памяць”. Напрыклад, у студзені гэтага года да кіраўніка атрада звярнуліся сваякі Мікалая Іванавіча Іотчанкі, 1921 г.н., з просьбай дапамагчы ім занесці імя сваяка, які загінуў 1 ліпеня 1941 года, у электронную базу даных.

“Пошук часам прыносіць самыя нечаканыя вынікі. У сакавіку мінулага года на маю электронную пошту прыйшоў такі ліст: “Звяртаюся да вас з вялікай просьбай аб дапамозе, я шукаю месца пахавання майго дзеда, — зачытвае Алег Уладзіміравіч. — Усё, што мне вядома з аповедаў старэйшай сястры, што ён загінуў у 1942 го­дзе, як мяркуецца, пад Магілёвам. Са слоў сястры, якая памятае аповеды бабулі, пахавальны ліст тая атрымала на 40 дзень пасля нараджэння свайго сына — майго бацькі. Здаецца, дзядуля быў танкістам. Ён пахаваны ў брацкай магіле. Я была зусім маленькай, калі бацьку прыйшоў ліст з Беларусі ад пошукавага атрада, пісалі школьнікі, і іх з бабуляй запрасілі наведаць месца пахавання. Тата з бабуляй наведалі гэтае месца, ёсць некалькі фатаграфій. Наша сям’я перажыла два пажары і, на жаль, ні лістоў, нічога больш не засталося, а я не магу знайсці сабе месца. Сама займаюся патрыятычнай работай, працую з ветэранамі, а вось аб сваім родным чалавеку нічога не ведаю”.

Даць станоўчы адказ на гэты запыт Алегу Уладзіміравічу дапамог яго шматгадовы пошукавы вопыт. Ён успомніў, што на помніку над брацкай магілай у вёсцы Ух­лясць Быхаўскага раёна ён сустракаў названае ў лісце прозвішча. Калі разам з юнымі пошукавікамі настаўнік вы­ехаў у вёску, то пераканаўся, што прозвішча Магафураў сапраўды ёсць на помніку. Фота помніка было выслана родным салдата. Неўзабаве прыйшоў і адказ. “Добры дзень! Алег Уладзіміравіч! Я зараз толькі праверыла пошту і маё сэрца разрываецца ад радасці і болю адначасова. Гэта велізарны цуд!!! Я бязмерна вам ўдзячная!!! Цяпер няма, напэўна, тых слоў, каб выказаць падзяку. Нізкі паклон ад нашай сям’і. Вы для нас цяпер сябар, мы заўсёды рады будзем вам. Пастараемся ў гэтым годзе летам прыехаць да месца пахавання дзядулі”, — з хваляваннем зачытаў ліст педагог.

Пасля такіх момантаў разумееш, наколькі важнай работай займаюцца ўдзельнікі пошукавых атрадаў. Улюбёны ў сваю справу чалавек абавязкова перадасць гэтую любоў іншым людзям. Да пошукавага руху Алег Уладзіміравіч далучыў не толькі вучняў, але і калег. “Я памятаю, як мой дзядуля расказваў пра вайну, паказваў свае ўзнагароды, — падзялілася Таццяна Мікалаеўна. — А ўявіце, калі ты заходзіш на тэматычны сайт і знаходзіш там яго імя, апісанні подзвігаў дзядулі, за якія ён атрымаў узнагароды. Такія моманты вельмі ўзрушваюць”. Удзельнікі пошукавага атрада “Памяць” абавязкова перадаюць свае веды малодшым школьнікам. У першую чаргу рыхтуюць музейны ўрок “Магілёўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. На ўроку гучаць паведамленні на тэму “Ордэн у тваім доме”, “Героі жывуць побач”, “Вайна вачыма яе ўдзельнікаў”, “Сівыя дзеці вайны”. Пры падрыхтоўцы да ўрока школьнікі вывучаюць шмат дакументаў, газетныя матэрыялы. Дэвізам пошукавага атрада раманавіцкай школы з’яўляюцца наступныя словы: “Назаві маё імя, і я буду жыць вечна”. Яны і жывуць вечна (тыя, хто загінуў пад Магілёвам у 1941-м), у памяці сучасных пакаленняў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў.

Эмацыянальны аповед

Пра подзвіг герояў абароны Магілёва заўсёды будуць памя­таць і ў Буйніцкай сярэдняй школе. Па-іншаму і быць не можа. Школа размешчана недалёка ад знакамітага мемарыяльнага комплексу, з супрацоўнікамі якога наладжана цеснае ўзаемадзеянне ў плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. “Наша школа знаходзіцца на святой зямлі. Непадалёк размяшчаецца мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. І мы з асаблівым пачуццём шануем памяць воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аказваем шэфскую дапамогу ветэранам і дзецям вайны, ажыццяўляем догляд брацкіх магіл, размешчаных на тэрыторыі Буйніцкага сельскага Савета. У плане патрыятычнага выхавання мы актыўна супрацоўнічаем з пошукавым клубам “Віккру”. Яго ўдзельнікі, а таксама супрацоўнікі Музея гісторыі Магілёва аказваюць нашаму школьнаму музею метадычную дапамогу і дапаўняюць фонды каштоўным матэрыялам. Мы рэгулярна наведваем мемарыяльны комплекс. Сяброўскія адносіны склаліся з Пятром Іванавічам Хаванскім, які падрабязна расказвае нам пра абарону Магілёва, а таксама пра асаблівасці ваеннай тэхнікі, размешчанай на тэрыторыі комплексу”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Карына Мікалаеўна Чаўдар.

Гісторыя гераічнай абароны Магілёва, у прыватнасці, баі на Буйніцкім полі, з’яўляюцца адной з галоўных тэм даследчых работ, якія пад кіраўніцтвам загадчыка школьнага музея Людмілы Васільеўны Алтынавай пішуць вучні Буйніцкай сярэдняй школы. Па словах Людмілы Васільеўны, Буйніцкае поле вядомае ў першую чаргу як месца, дзе прайшлі жорсткія баі з танкавымі і пяхотнымі часцямі Вермахта. 3-ю танкавую дывізію і пяхотныя часці падтрымлівала артылерыя і авіяцыя. Супраць іх выступілі байцы 388-га стралковага і 340-га артылерыйскіх палкоў пад камандаваннем палкоўнікаў С.Ф.Куцепава і І.С.Мазалава.

“Раніцай 11 ліпеня зямля літаральна ўздрыгнула ад узрываў. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі хваля за хваляй заходзілі ў тыл нашых войск. Пасля бамбардзіроўкі пачаўся артылерыйскі абстрэл. Потым пайшлі нямецкія танкі. Вораг быў настолькі ўпэўнены ў сваёй непераможнасці, што танкісты ехалі з адчыненымі люкамі, чырвонаармейцы маглі нават разгледзець твары салдат. Аднак пасля шчыльнага агню, адкрытага савец­кімі артылерыстамі, люкі былі зачынены. Падчас першага бою вораг страціў каля 300 чалавек забітымі, таксама было знішчана 20 танкаў. Раніцай 12 ліпеня ўвесь абарончы рубеж Чырвонай Арміі на подступах да Магілёва быў падвергнуты артылерыйскаму абстрэлу і бамбардзіроўцы.

К.М.Чаўдар каля брацкай магілы на тэрыторыі Буйніцкай сярэдняй школы.

Прыйшло паведамленне, што ў бярозавым гаі сканцэнтравалася група нямецкіх танкаў. Камандзір 340-га артылерыйскага палка палкоўнік Мазалаў даў каманду адкрыць агонь. Было падбіта 10 машын, аднак больш за 70 пачалі наступленне. Не вытрымаўшы агню артылерыі, нямецкія танкісты павярнулі да чыгуначнай станцыі. Там непадалёк знаходзілася батарэя савецкіх супрацьтанкавых гармат. Аднак варожым танкам удалося прабіцца ў глыб абароны 388-га стралковага палка і наблізіцца да танкавага рва. Тут яны трапілі пад агонь савецкай батарэі. Некалькім танкам усё ж удалося прарвацца праз савецкія абарончыя пазіцыі. Пехацінцы пачалі закідваць танкі бутэлькамі з гаручай сумессю. У бой уступіла нямецкая пяхота. Супраць яе выступіла 8-я стралковая рота. Баі ў гэты дзень цягнуліся 14 га­дзін. Было знішчана 39 нямецкіх танкаў, а таксама 350 салдат Вермахта”, — паведаміла Людміла Васільеўна.

Дзякуючы свайму эмацыянальнаму аповеду педагог з лёгкасцю пагружае экскурсантаў у атмасферу ваеннага часу. Здаецца, што ты, жыхар ХХІ стагоддзя, пераносішся на 80 гадоў назад, у ліпень ­1941-га. Ці змаглі б мы, прадстаўнікі пакалення гаджэтаў, інфармацыйных тэхналогій, гэтак жа мужна абараняць свой родны край? Ці змаглі б пайсці ў штыкавую? Ці хапіла б у нас мужнасці, як у тых 18-гадовых хлопцаў, якія загінулі на подступах да Магілёва, падысці да танка і кінуць у яго звязак гранат? Падобныя пытанні задаеш сабе кожны раз, калі слухаеш эмацыянальныя аповеды пра баі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Ваююць умела

Калі нас, прадстаўнікоў пакалення, якое не бачыла жахаў вайны, настолькі ўражваюць такія аповеды, то можна ўявіць, наколькі быў уражаны Канстанцін Сіманаў, калі ўбачыў вынікі баёў і паслухаў аповеды іх удзельнікаў. “З назіральнага пункта добра праглядваецца поле бою. Прымяўшы жыта, групамі ляжаць мёртвыя нямецкія салдаты. Чырвонаармейцы прыносяць кінутыя немцамі крыжы і медалі, разведчыкі падвозяць да штаба ўзятыя матацыклы і самакаты. Расце куча трафеяў. Палкоўнік Куцепаў падвёў вынікі дня: 39 разбітых варожых танкаў, да дзвюх рот знішчанай пяхоты, 2 грузавікі, штабная машына”. Тлумачыць франтавы карэспандэнт і тое, чаму чырвонаармейцы паспяхова адбіваюць атакі ворага: ­

“…Адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць… Тут ваю­юць не толькі мужна, тут ваююць умела. Полк зарыўся ў зямлю. Дарэмна намагаліся выкалупаць яго нямецкая авіяцыя, артылерыя і танкі. Глыбокія поўнага профілю акопы забяспечаны трывалымі бліндажамі і моцнымі перакрыццямі. На-

дзейна абсталяваны назіральныя пункты. Многія кіламетры хадоў злучэння забяспечваюць бесперабойную сувязь. І полк адбівае адну за другой усе атакі немцаў…”.

Нягледзячы на мужнасць, страты Чырвонай Арміі ў баях пад Магілёвам былі вялікімі. Напрыклад, легендарны 388-ы стралковы полк, які налічваў 3183 чалавекі, амаль цалкам загінуў на Буйніцкім полі. Хаваць забітых таварышаў у байцоў проста не было фізічнай магчымасці, асабліва перад прарывам з акружэння, якое адбылося ў ноч на 26 ліпеня, таму іх закопвалі ў акопах або варонках ад узрываў снарадаў. На жаль, сярод салдат было такое павер’е, маўляў, калі запоўніш фармуляр медальёна, то абавязкова загінеш. Гэтым і ўскладняецца работа пошукавікоў. Добра, калі ў знойдзеных брацкіх магілах з астанкаў 10 чырвонаармейцаў імя толькі аднаго-двух удаецца высветліць.

Подзвіг герояў Буйніцкага поля не быў дарэмным. Сваёй адвагай яны затрымалі наступленне танкавых і пяхотных часцей Вермахта, што дазволіла вялікай колькасці нашых войскаў выйсці з акружэння. Гераічная абарона Магілёва садзейнічала таксама развіццю партызанскага руху ў Беларусі. Подзвіг абаронцаў Магілёва потым неаднаразова быў паўтораны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны жыхарамі іншых савецкіх гарадоў.

У пасляваенны час Буйніцкаму полю былі прысвечаны шматлікія творы. “О поле бою, Буйніцкае поле // Вясною, летам, восенню сырой // Выносіш ты ў разгорнутым прыполе // Мінулае з каменнем і жарствой”, — пісаў у сваёй “Баладзе пра Буйніцкае поле” Аляксей Пысін. Велічным помнікам у гонар абаронцаў Магілёва стаў мемарыяльны комплекс, створаны па праекце архітэктара Уладзіміра Чаленкі. Дамінантай комплексу з’яўляецца 27-метровая капліца, пад якой знаходзяцца астанкі чырвонаармейцаў, якія загінулі пад Магілёвам. Сёння мемарыяльны комплекс увахо­дзіць у многія турыстычныя маршруты.

Колеры мірнага жыцця

80 гадоў мінула з таго часу, як над Буйніцкім полем грукацелі выстралы, а зямля літаральна дры­жэла ад узрываў снарадаў і бомб. Сёння тут усё па-іншаму, сотні адценняў шэрага змяніла рознакаляровая палітра мірнага жыцця: красуюць кветкі, гучаць дзіцячыя галасы, а над полем мужнасці і воінскай славы павольна праплываюць аблокі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва ўстаноў адукацыі.