Помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду

Кальцавая дарога вакол Віцебска будзе пабудавана на працягу новай пяцігодкі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай паездкі ў Віцебск.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці транспартнай інфраструктуры Віцебска, будаўніцтве кальцавой дарогі вакол абласнога цэнтра, выніках рэканструкцыі пуцеправода “Полацкі”.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця развязкі. На ўрачыстасц­ь запрасілі работнікаў будаўнічых арганізацый, якія рэканструявалі мост, і мясцовых жыхароў.

“Самы цяжкі час блукання па пакутах у Віцебску завершаны. Я ўяўляю, якая была бяда ў горадзе, калі гэтага пуцеправода не было, а быў стары. Але якая была праблема і бяда, калі гэты стары пуцеправод закрылі на паўтара года, можа, крыху больш, і пачалі будаўніцтва гэтай развязкі. Пага­дзіцеся, што без гэтага цуду-збудавання Віцебск існаваць не мог. І далей было б горш і горш”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, яму нават не верыцца, што пуцеправод быў рэканструяваны за такі кароткі прамежак часу. “Дзякуючы вам абнаўленне Полацкага пуцеправода завершана на некалькі месяцаў раней. Вельмі важна, што мы гэта здаём да нашага “Славянскага базару”: прыедуць госці і ўбачаць сучасны прыгожы горад, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Атрымалася вельмі сучасная зручная развязка. Гэта помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду. Гэта найважнейшая дарога, і мы яе зрабілі”.

Паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, на рэканструкцыю моста першапачаткова адводзілася 4 гады, аднак будаўнікі справіліся крыху больш як за паўтара года. Вялікія плошчы пад транспартнай развязкай плануюць выкарыстоўваць пад аўтастаянкі, разгрузіўшы такім чынам цэнтральную частку горада: пляцоўкі каля аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў і рынку.

Прэзідэнта таксама папрасілі пасадзейнічаць у завяршэнні будаўніцтва кальцавой вакол Віцебска. На ўчастку працягласцю 10 км неабходна пракласці дарогу, на работы патрэбна Br120 млн.

“Гэта трэба рабіць. Я лічу, што ўсе гарады трэба абыходзіць, не толькі вялікія, але і малыя”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размова пра будаўніцтва Паўночна-заходняга абходу Віцеб­ска прадоўжылася ў час сустрэчы кіраўніка дзяржавы з мясцовымі жыхарамі і будаўнікамі пуцеправода “Полацкі”. Гэтую тэму закранулі прадстаўнікі працоўных калектываў.

“Я вельмі рады, калі моладзь не толькі хайпуе і посціць у інтэрнэце, але і непакоіцца аб нейкім Паўночна-заходнім абходзе, пуцеправодах і гэтак далей. Значыц­ь, у нашай нацыі ёсць будучыня, — адказаў прэзідэнт. — Я згодны, што гэта трэба зрабіць. Мы павінны падумаць, як прафінансавац­ь гэты ўчастак. Але праекта яшчэ няма. Зробіце праект — я падстаўлю плячо. Грошай на гэта мы пазычым, адназначна. Вакол усіх гарадоў (у Магілёве таксама маленькі ўчастак застаўся) мы зрабілі гэтыя абходы, трэба, каб і вакол галоўнага славянскага горада быў гэты абход. Тое, што ў гэтай пяцігодцы зробім, я вам абяцаю, і нават калі прэзідэнтам не буду, грошы знойдзем”.


У Віцебску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Віцебскай вобласці.

“Ключавая задача ў маштабах вобласці і краіны — развіццё рэгіёнаў. Гэта будзе галоўны напрамак. Трэба развіваць рэгіёны!” — падкрэсліў на сустрэчы беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праграмы і планы па вялікіх і малых гарадах, сельскіх паселішчах, паскораным развіцці гарадоў і раёнаў з насельніцтвам амаль 80 тысяч чалавек. І работа гэтая пачалася менавіта з Оршы і Віцебскай вобласці. “Тут вырашана было зрабіць узор, прыклад, па якім павінны развівацца такія рэгіёны. У нас, па-мойму, 11 такіх гарадоў, як Орша, і кожны мае сваю праграму развіцця па прыкладзе Оршы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Але прашу мець на ўвазе, што патрабаванне за выкананне гэтых праграм будзе вельмі сур’ёзнае”, — папярэдзіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што абазначаны ўсе напрамкі рэгіянальнага развіцця, пачынаючы ад неперспектыўных вёсак, хутароў, аграгарадкоў, да раённых і абласных цэнтраў. “Мы абазначылі, у якім напрамку будзем развівацца. І будучая пяцігодка будзе прысвечана гэтай малой радзіме. Нам трэба падняць рэгіёны, зрабіць так, каб людзі адчувалі сябе ў аграгарадку гэтак жа, як у Мінску, і каб у іх было больш жадання жыць у аграгарадку, чым у Мінску”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што вынікі работы прамысловага сектара вобласці па-ранейшаму знаходзяцца ў прамой залежнасці ад умоў атрымання расійскай нафты і рэалізацыі прадукцыі з яе, а таксама ад палітыкі ў галіне энергетыкі.

“Сёння відавочна: без новых пунктаў росту праблемы ў эканоміцы вобласці не вырашыць. У сувязі з гэтым перспектыўным бачыцца далейшае развіццё наф­тахімічнай, лёгкай прамысловасці, вытвор­часць кампазітных матэрыялаў. Станкабудаванне ў Віцебскай вобласці неабходна развіваць у цеснай кааперацыі з вялікімі рэспубліканскімі прадпрыемствамі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў краіне не будуць “педаліраваць” пашырэнне свабодных эканамічных зон, бо краіна ад прадпрыемстваў у СЭЗ атрымлівае менш падатковых паступленняў. “Той перыяд, калі нам трэба было кроў з носа стварыць рабочыя месцы, завяршыўся. Нам патрэбны рабочыя месцы, прадпрыем­ствы, якія будуць працаваць у нармальных умовах і вырабляць на аднолькавых правах з іншымі прадукцыю, гандляваць ёй”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на многіх прадпрыемст­вах у вобласці апошнія гады былі рэалізаваны праекты па мадэрнізацыі, развіцці вытворчасцей. Гэта не толькі нафтахімічны комплекс, але і, напрыклад, сур’ёзна абноўлены Аршанскі льнокамбінат. “Я не раз гаварыў: лёну ў Беларусі быць. Гэта наш нацыянальны здабытак, частка іміджу і культуры краіны, самы перспектыўны экспартны сегмент лёгкай прамысловасці. Экалагічна чысты, прыгожы матэрыял. І ён будзе заўсёды запатрабаваны, асабліва калі мы крыху паварушымся ў плане продажу, маркетынгу гэтай прадукцыі. Пакуль мы яшчэ недастаткова працуем у гэтым плане. Гэта не толькі прадаць, але прадаць за добрыя грошы”, — адзначыў прэзідэнт.

Прыкладам паспяховага су­працоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка назваў холдынг “Марка”, дзе, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей, будзе выпускацца да 5 млн пар абутку.

“Своечасова сарыентаваўся і “Віцязь”. Яны стварылі сучасную вытворчасць зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Але гэтага мала. Я ўважліва назіраю за развіццём гэтага прад­прыемства”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Акрамя таго, у Аршанскім раёне пачаўся паэтапны ўвод у эксплуатацыю аднаго з найбуйнейшых у краіне лагістычных цэнтраў, завершана рэалізацыя знакавых інвестыцыйных праектаў у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, уведзены ў эксплуатацыю самыя магутныя ў краіне Віцебская і Полацкая гідраэлектрастанцыі. Рэалізаваны і шэраг іншых праектаў, важных для эканомікі не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны ў цэлым.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні выбарчай кампаніі ў краіне.

Прэзідэнт адзначыў, што часам у заходніх суседзяў і партнёраў у ацэнцы таго, што адбываецца ў Беларусі, прысутнічаюць двайныя стандарты, асабліва ў перыяд выбараў. “Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненняў…” — заўважыў прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб падыходах праваахоўнікаў у час дэманстрацый “жоўтых камізэлек” у Францыі і апошніх народных хваляванняў у ЗША. “Бачыце, што там адбываецца. Там без слёзатачывага газу не абыходзіцца. Пакрытыкуйце Трампа, ЗША за адсутнасць дэмакратыі. На Расію паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, напэўна, вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Хочаце назіраць за выбарамі — калі ласка, заўтра прыяз­джайце. Мы не супраць. Мы не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, не трэба. Мы ведаем, як жыць. У сябе трэба разабрацца. Там праблем больш за ўсё. Але, ведаеце, свае праблемы хочацца схаваць за шырмай суседніх нейкіх праблем. Трэба пальцам паказаць на суседзяў і на іншых. Таксама не атрымаецца. Не той час”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі. Сваю краіну мы нікому не аддадзім”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў заходніх партнёраў ёсць чаму павучыцца, у прыватнасці развіццю бізнесу, выкарыстанню новых тэхналогій. “Гэты вопыт трэба вывучаць і ўкараняць у сябе, што мы паспяхова робім”, — сказаў ён.