Пошук работы — гэта асобная работа

- 11:03Якасць адукацыі

У Мінску на пляцоўцы атэля “Пекін” прайшоў Адкрыты рэспубліканскі кар’ерны форум, які наведалі звыш 1200 студэнтаў з усіх універсітэтаў краіны. Яны пазнаёміліся з рэаліямі сучаснага рынку працы, атрымалі каштоўныя рэкамендацыі наконт пошуку работы, набылі карысныя прафесійныя кантакты.

Арганізатарамі гэтага маштабнага мерапрыемства выступілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі. І калі для БДУ форум стаў ужо трэцім па ліку, то ў маштабах краіны ён праводзіўся ўпершыню.

Па задумцы арганізатараў, форум павінен аказаць садзейнічанне студэнцкай моладзі ў працаўладкаванні і пошуку месца для праходжання практык і стажыровак, а таксама развіццю асабістых камунікатыўных навыкаў студэнтаў. На працягу дня тры залы гасцініцы “Пекін” працавалі ў рэжыме нон-стоп. Праграма ўключала шырокі спектр тэматычных акцый: майстар-класы, выступленні экспертаў, а таксама троххвілінныя субяседаванні з работадаўцамі, а гэта звыш 35 айчынных арганізацый і кампаній.


“Студэнты праявілі небывалую цікавасць да форуму, — расказвае начальнік аддзела кадраў БДУ Наталля Томашаўна Няпеўная. — І гэта пры тым, што мы працавалі толькі ў сацыяльных сетках і ніякіх адміністрацыйных рэсурсаў для таго, каб прыцягнуць студэнтаў на мерапрыемства, не задзейнічалі. Быў распрацаваны сайт форуму, і ўсе, хто там рэгістраваўся, пісалі сваю матывацыю, чаму яны хочуць удзельнічаць. Сёння пра гэта можна было б выдаць цэлую кнігу, атрымаўся б шырокі зрэз настрояў і чаканняў выпускнікоў універсітэтаў на парозе дарослага жыцця.”

Дарэчы, сёлета ў БДУ і шэрага іншых універсітэтаў адбудзецца падвоены выпуск спецыялістаў. Наталля Томашаўна прызнаецца, што ўсім службам, якія займаюцца размеркаваннем выпускнікоў, даводзіцца прыкладваць намаганні на парадак большыя, чым у папярэднія гады. З кожным работадаўцам вядзецца амаль персанальная работа. “Пакуль што прагназаваць складана, але разлічваем на добры вынік”, — заўважыла спецыяліст.

“Маладое пакаленне вельмі амбіцыйнае, многія лічаць, што калі ў іх руках дыплом універсітэта, то іх павінны ўзяць на працу туды, куды яны хочуць, даць такую зар-плату, якую яны хочуць, — гаворыць Наталля Томашаўна. — Аднак трэба разумець, што сёння знайсці цікавую высокааплатную работу — гэта асобная работа. І мы павінны паказаць студэнтам, што, каб выбудаваць кар’еру па сваім жаданні, гэтым трэба займацца не за два месяцы да выпуску, а пачынаючы з 2—3 курса. Акрамя таго, неабходна вучыцца сябе правільна прэзентаваць. Сучасныя кампаніі не возьмуць саіскальніка на працу, пакуль той не пройдзе некалькі этапаў адбору, у тым ліку псіхалагічнае, прафесійнае тэсціраванне. Да гэтага трэба быць гатовымі”.

Удзельнікі форуму актыўна наведвалі розныя мерапрыемствы, стараючыся атрымаць як мага больш карыснай для сябе інфармацыі. Напрыклад, пра тое, чаго рынак працы чакае ад маладых спецыялістаў, дзе і як шукаць працу, расказалі супрацоўнікі партала РАБОТА.TUT.BY. Пра канкрэтныя патрабаванні да саіскальнікаў гаварылі прадстаўнікі бізнесу. І падчас троххвілінных размоў з работадаўцамі можна было праверыць, як усё гэта працуе на практыцы.

Аляксандр Мялешчанка, кіраўнік IT House (БДУ), расказаў пра тое, як знайсці першае месца працы ў IT, і назваў тыповыя памылкі, якія дапускаюць студэнты на гэтым шляху. Так, многія здзівіліся, што галоўнай перашкодай на шляху да поспеху з’яўляюцца шкодныя звычкі — камп’ютарныя гульні і дэпрэсіўныя думкі. “Калі гэта ёсць, то ісці далей немагчыма”, — заўважыў Аляксандр.

Аказваецца, што 90% саіскальнікаў пры напісанні рэзюмэ робяць аднолькавую памылку: называюць файл не сваім імем, што лагічна, а пішуць проста — “Рэзюмэ”. Ці трэба казаць, што ўсе гэтыя безаблічныя рэзюмэ па прычыне загружанасці спецыяліста па кадрах могуць апынуцца ў адной папцы і да іх ужо ніколі не дойдуць рукі?

“Калі ласка, ніколі не пішыце: “Ішоў побач, выпадкова заўважыў, што ў вас вакансія…”, — раіць Аляксандр Мялешчанка. — Многія чамусьці саромеюцца, што шукаюць працу, і пішуць, што звяртаюцца ў кампанію выпадкова. Зразумела, работадаўца глядзіць на гэта пад сваім вуглом”.

Некаторыя дапускаюць, здавалася б, мізэрныя, але прыкрыя памылкі ў напісанні сваіх кантактаў, напрыклад, не пазначаюць фізічны адрас — толькі скайп і мабільны тэлефон. Але гэта робіць чалавека нейкім віртуальным. Таму фізічны адрас патрэбен.

Абавязкова патрэбен і фотаздымак — строгі, як на пашпарт, але пры гэтым лепш, каб саіскальнік усміхаўся.
“Хлопцы, усміхайцеся — гэта ў вашых інтарэсах, бо першай, хто ўбачыць ваша рэзюмэ, будзе маладая дзяўчына, спецыяліст па кадрах, — звярнуў увагу студэнтаў Аляксандр Мялешчанка. — У прыязных, сімпатычных людзей больш шансаў атрымаць пасаду. І гэта не жарты, а рэальнасць. Зрэшты, дзяўчатам па згаданай вышэй прычыне лепш зрабіць строгае, дзелавое фота”.

Адукацыю трэба апісаць падрабязна, уключаючы ўсе дасягненні. Аляксандр раіць, што, калі школьнікам (10—11 класы) саіскальнік выйграў алімпіяду на абласным туры і вышэй, пра гэта абавязкова варта напісаць. Адначасова не трэба засяроджвацца на асабістых дасягненнях.

“Многія пішуць штосьці тыпу “я кіраўнік мастацкай групы, іграю на трох інструментах, у нас гастролі ў Польшчы, Расіі, Літве…”. Работадаўца думае: “І што, мне падстройвацца пад твае гастролі?”, — гаворыць Аляксандр. — Дастаткова ўказаць два-тры свае захапленні, лепш актыўныя. Не варта пісаць, што вы любіце глядзець матчы Лігі чэмпіёнаў. Лепш указаць спартыўны турызм, валейбол і г.д.”.

Калі вы спазняецеся на субяседаванне, то варта загадзя папярэдзіць пра гэта работадаўца.

“Знешні выгляд таксама вельмі важны, бо вы будзеце працаваць не ў псіхалагічным вакууме, а ў камандзе маладых айцішнікаў, — заўважыў Аляксандр Мялешчанка. — На субяседаванні заўсёды ацэньваюць тэхнічныя навыкі і тое, ці зможаце вы ўліцца ў каманду. Таму пажадана выглядаць, як айцішнік: не трэба апранаць касцюм з гальштукам, лепш, калі на вас будуць джынсы і кеды”.

Дрэнна, калі пытанні саіскальніка тычацца найперш зарплаты, сацыяльнага пакета, замежных камандзіровак. Гэта можа пацягнуць за сабой непрыемныя высновы. Чалавек павінен цікавіцца ў першую чаргу работай, узаемадзеяннем з іншымі супрацоўнікамі, перспектывамі росту, а потым ужо ўзнагароджаннем за сваю працу. Калі ёсць шчырая зацікаўленасць у рабоце і яе выніку, нармальны работадаўца сам прапануе больш высокую зарплату.

Галіна СІДАРОВІЧ.