Пошукі працягваюцца

- 10:23Актуальна

У вёсцы Заронава Віцебскага раёна завяршыўся летні сезон міжнароднай Вахты Памяці. 

У ёй прынялі ўдзел юныя палачане з клубаў “Пошук” і “Следапыт” сярэдняй школы № 1, а таксама навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча. У Заронаве знаходзіцца ­адзін з найбуйнейшых у раёне воінскіх мемарыялаў, дзе знайшлі апошні спакой 10 564 савецкія воіны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каля сямі месяцаў у гэтых мясцінах стаяў фронт на подступах да Віцебска, ішлі жорсткія баі. Вахту Памяці арганізу­юць тут кожны год у жніўні. На працягу 10 дзён удзельнікі пошукавага атрада “Разведчыкі баявой славы”, які аб’ядноўвае энтузіястаў Віцебшчыны і Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі “Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб “Памяць і прымірэнне”, пад кіраўніцтвам Валерыя Загрэкава разам з навучэнцамі і кадэтамі праводзілі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы на тэрыторыі сельсавета. Работа ажыццяўлялася сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

“У выніку ўзнялі астанкі 50 воінаў, — расказала краязнавец і захавальніца народнага комплексу-музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. — Адшукалі медальён, але ўстанавіць імя загінуўшага немагчыма. Яшчэ адна знаходка — салдацкі сцізорык. На жаль, на ім толькі ініцыялы… Перапахаванне адбудзецца ў верасні.”

Масквічы прывезлі з сабой фотавыставу, з якой усе жадаючыя маглі азнаёміцца ў музеі. На здымках — найбольш значныя моманты і палявыя будні сумесных расійска-беларускіх пошукавых экспедыцый. Між тым названыя вышэй полацкія ўстановы адукацыі выступілі з ініцыятывай стварэння сумеснага пошукавага атрада. Новаму праекту дадзена “зялёнае святло” з боку кіраўніц­тва раёна, падрыхтоўчы этап стартаваў. 

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена
Людмілай НІКІЦІНАЙ.