Поспех “Джэнтльменаў удачы”

Каманда знаўцаў “Джэнтльмены ўдачы” з Маларыцкай раённай гімназіі прадстаўляла Брэстчыну на ХІІІ чэмпіянаце Беларусі па інтэлектуальных гульнях сярод вучняў 7—9 класаў “БусЛІК”, які нядаўна прайшоў у Мазыры Гомельскай вобласці. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 32 каманды з усёй краіны, выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі, Беларуская ліга інтэлектуальных каманд і Мазырскі райвыканкам.

Васьмікласнік Уладзіслаў Шульжык і дзевяцікласнікі Яўген Карпук, Іван Буглак, Антон Надзяжук, Раман Завадскі і Вадзім Дзяніс паказалі ў турніры па гульні “Брэйн-рынг” выдатныя веды і былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені і сярэбраным медалём. Педагог гімназіі Л.К.Лук’янчук штогод трэніруе 5—6 каманд, якія паспяхова выступаюць у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. З 2009 года каманды юных інтэлектуалаў пад кіраўніцтвам Леаніда Ксенафонтавіча заваявалі амаль 60 узнагарод рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага.

— У дзіцячыя інтэлектуальныя гульні я прыйшоў 30 гадоў назад, — расказвае Л.К.Лук’янчук. — Спачатку глядзеў на тэлевізары перадачы на інтэлектуальную тэматыку, спрабаваў адказваць на пытанні, прычым правільныя адказы даваў вельмі часта. Таму вырашыў арганізаваць гурток у сярэдняй школе № 3 Маларыты. Кіраўніцтва гэтую ідэю падтрымала. Адразу з’явіліся вучні, якія хацелі памерацца інтэлектам. Праўда, іх спачатку было няшмат. Заняткі гуртка “Што? Дзе? Калі?” сталі для мяне своеасаблівым хобі. Сур’ёзна інтэлектуальнымі гульнямі займаюся 15 гадоў. Вопыт работы ў гэтым кірунку паказвае, што дзеці, якія пастаянна наведваюць заняткі, атрымліваюць лепшыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні і экзаменах, лягчэй адаптуюцца да розных жыццёвых сітуацый. Гэта дазваляе лепш падрыхтавацца да самастойнага дарослага жыцця і сацыялізавацца. Многія былыя гурткоўцы — студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія і цяпер працягваюць гуляць за свае ўніверсітэты.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *