Поспех каледжа — у навучэнцах

- 10:57Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Гэты год прынёс  адразу некалькі прыемных падзей. Літаральна праз 2 месяцы ўстанове споўніцца 150 гадоў. А не так даўно дырэктар каледжа член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Генадзьеўна ПОЛУШКІНА атрымала званне заслужанага работніка адукацыі. 

Педагог — гэта дарадчык у многіх пытаннях

— Таццяна Генадзьеўна, што для вас значыць атрыманая ўзнагарода?

— Гэта высокая ацэнка не толькі маёй работы як кіраўніка навучальнай установы, дырэктара з 24-гадовым стажам, але і ўсяго калектыву каледжа. Я вельмі ўдзячна калегам за сумесную сістэмную работу па падрыхтоўцы спецыялістаў для сістэмы адукацыі. 

Нашы педагогі — гэта высока­прафесійны педагагічны калектыў. З 88 педагагічных работнікаў 78% маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 55% — акадэмічную ступень магістра. Акрамя гэтага, 1 педагогу прысвоена званне кандыдата філалагічных навук, а 6 выкладчыкаў узна­гароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Кіраваць такім калектывам вельмі адказна і ганарова. Я лічу, што дырэктар павінен быць лідарам, шмат працаваць над сабой, каб ісці ў нагу з часам. Сістэма адукацыі пастаянна знаходзіцца ў развіцці: абнаўляецца змест, пашыраецца спектр адукацыйных паслуг за кошт увя­дзення новых спецыяльнасцей і спецыялізацый, укараняюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, удасканальваюцца сістэма выхаваўчай работы, сістэма кіравання развіццём каледжа, матэрыяльная база і г.д. 

З упэўненасцю магу сказаць, што калі кіраўніцтва каледжа, педагагічны калектыў і навучэнцы працуюць як адзіны зладжаны механізм, калі чуюць адно аднаго, то гэта прынясе плён.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваё станаўленне ў педагогіцы і кіраўніцкай справе.  

— Усё маё жыццё непарыўна звязана з педагогікай. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы № 13 Полацка паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава. Пасля вярнулася ў свой родны горад, два гады працавала ў школе № 7 Полацка (сёння гэта Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны), затым была прызначана на пасаду арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы.

Для паспяховай работы каледжа неабходны прафесійныя педагогі, якія пастаянна імкнуцца да ўдасканалення і самаадукацыі, якія смела і творча выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі навучання і выхавання. 

З 1 верасня 1981 года (пасля конкурснага адбору) працавала выкладчыкам філалагічных дысцыплін у Полацкім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга педагагічным вучылішчы імя Ф.Скарыны. Сёння гэта Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Дарэчы, у маёй працоўнай кніжцы толькі два запісы: школа № 7 і педагагічны каледж, у якім пройдзены шлях ад выкладчыка, намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце да дырэктара навучальнай установы.

— Зыходзячы з вопыту: што неабходна для паспяховай работы ўстановы адукацыі?

— Для паспяховай работы каледжа перш за ўсё неабходны маты­ваваныя навучэнцы, якія ўсведамляюць важнасць прафесіі настаўніка. Таксама неабходны прафесійныя педагогі, якія пастаянна імкнуцца да ўдасканалення і самаадукацыі, якія смела і творча выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з трады­цыйнымі метадамі і прыёмамі навучання і выхавання. Упэўнена: кожны выпускнік педагагічнай навучальнай установы — гэта не толькі педагог. У першую чаргу гэта асоба і дарадчык у многіх пытаннях. А першачарговая задача педагога, які любіць сваю краіну, — выхаваць не толькі высокаадукаванага грамадзяніна, але і патрыёта роднага краю. 

Безумоўна, для паспяховай дзейнасці каледжа важным з’яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэнне супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, арганізацыя дзейнасці навукова-даследчых аб’яднанняў навучэнцаў каледжа і Полацкага ўніверсітэта.

— Назавіце дасягненні кале­джа, якімі вы як кіраўнік ганарыцеся больш за ўсё? 

— Перш за ўсё я ганаруся тым, што са мной працуе высокапрафесійны калектыў выкладчыкаў, які актыўна прапагандуе свой педагагічны вопыт, прымаючы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Нашы педагогі друкуюць навукова-метадычныя артыкулы ў профільных газетах, часопісах. На працягу 15 гадоў наш каледж перамагае (дыпломы I, II ступені) на рэспубліканскіх выставах перадавога педагагічнага вопыту.

У нашай установе на высокім узроўні арганізавана ідэалагічная і выхаваўчая работа. Так, за апошнія тры гады Полацкі каледж станавіўся пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Віцебскай вобласці ў намінацыі “Вышэйшая, сярэдняя спецыяльная і прафесійна-тэхнічная адукацыя”. У 2022 годзе наша ўстанова была занесена на Дошку гонару Полацка і Полацкага раёна.

Гордасцю каледжа з’яўляюцца творчыя калектывы, якія маюць званне народных: вакальны ансамбль “Вясна”, эстрадная студыя “Серпанцін”, харавая капэла выкладчыкаў і навучэнцаў. Візітнай карткай нашай установы адукацыі сталі аркестр навучэнцаў і выкладчыкаў “Рэнесанс” і музычны тэатр “Фігара”. Вынікам работы калектываў сталі шматлікія перамогі ў міжнародных і рэспуб­ліканскіх творчых праектах, на фестывалях і конкурсах.

Таксама мы ганарымся зборнай камандай каледжа па валейболе. Каманда дзяўчат у 2021 го­дзе стала бронзавым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе сярод сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.

Прыняцце ініцыятывы педагога і творчага падыходу ў вырашэнні пастаўленай задачы, падтрыманне імі­джу педагога, яго захаванне і трансляцыя навучэнцам каледжа — за ўсё гэта адказны кіраўнік навучальнай установы.

Несумненна, мы вельмі ганарымся ўдзе­лам у эксперыментальным інавацыйным праекце “Распрацоўка і апрабацыя электроннага адукацыйнага рэсурсу для інтэграцыі ў адзіны адукацыйны рэсурс для ўстаноў ПТА і ССА” і міжнародным узаема­дзеяннем з навучальнымі ўстановамі розных краін. Так, у нас заключаны дагаворы і пагадненні аб двухбаковым супрацоўніц­тве з пяццю педагагічнымі каледжамі Расійскай Федэрацыі (Кемераўскім педагагічным каледжам, педагагічным кале­джам № 18 Міціна (Масква), педагагічнымі кале­джамі №№ 4, 8 Санкт-Пецярбурга, Смаленскім педагагічным каледжам).

Індывідуалізацыя навучання — прыярытэт прафесійнай адукацыі

— Якія задачы ставіць перад сабой ваш калектыў на будучыню? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце?

— Самае важнае — гэта якасная пад­рыхтоўка спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Маладыя педагогі павінны быць здольнымі хутка адаптавацца да зменлівага рынку працы і вырашаць шырокае кола прафесійных, сацыяльных і інавацыйных задач. 

Таксама ў нашых планах умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў і развіццё звязанай з каледжам інфраструктуры, забеспячэнне высокага ўзроўню кваліфікацыі і матывацыі выкладчыцкага і дапаможнага персаналу як найважнейшага рэсурсу ўстановы. 

Каледж будзе і надалей прымаць удзел у эксперыментальнай дзейнасці з мэтай стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, выкарыстоўваючы лічбавыя тэхналогіі. 

Без забеспячэння актыўнага ўдзелу каледжа ў міжнародных інтэграцыйных адукацыйных працэсах, без развіцця супрацоўніцтва з адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі рэгіёна, краіны і замежжа, як і без развіцця сістэмы сацыяльнай падтрымкі супрацоўнікаў і навучэнцаў і ўмацавання іх здароўя, паспяховае функцыянаванне адукацыйнай установы таксама немагчыма. 

Што тычыцца прынцыпаў, якімі, упэўнена, павінен кіравацца кожны кіраўнік установы адукацыі — не толькі каледжа, то ў першую чаргу гэта павага да кожнага работніка каледжа і навучэнцаў, а таксама ўважлівае стаўленне да праблем педагогаў і дзяцей, дапамога ў іх вырашэнні. 

Патрабавальнасць і прын­цыпо­васць у выкананні службовых абавязкаў работнікаў і захаванне адзіных патрабаванняў навучэнцамі, прыняцце ініцыятывы педагога і творчага падыходу ў вырашэнні пастаўленай задачы, падтрыманне імі­джу педагога, яго захаванне і трансляцыя навучэнцам каледжа — за ўсё гэта адказны кіраўнік навучальнай установы. Але ён павінен не толькі сачыць, каб гэтыя прынцыпы выконваліся. Дырэктар павінен гэта рэтрансліраваць і вучыць усіх, хто побач.

— Ведаю, што ў Полацкім каледжы ВДУ імя П.М.Машэрава большасць выкладчыкаў — вашы лепшыя выпускнікі.

— Гэта праўда. Мы гэтым ганарымся, і гэта нас адрознівае ад іншых. Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, заўсёды звяртаю ўвагу на ўзровень іх тэарэтычнай падрыхтоўкі, на ўменне кантактаваць, весці дыялог з вучнямі, калегамі, бацькамі, на імкненне і жаданне быць у прафесіі педагога. Таксама звяртаю ўвагу на чалавечыя якасці: адказнасць, любоў да дзяцей, добрасумленнасць, міласэрнасць, памяркоў­насць, на жаданне ўдзельнічаць у грамадскім жыцці каледжа і горада, быць актыўным і ініцыятыўным.

Работа з моладдзю будуецца ў адпаведнасці з планамі выхаваўчай работы каледжа і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Ма­шэрава. Навучэнцы каледжа прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і акцыях, якія праводзяцца ў раёне, вобласці і краіне. Безумоўна, вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню: маладыя спецыялісты прымаюць удзел у маладзёжных форумах, спартыўных мерапрыемствах і інш.

— Таццяна Генадзьеўна, па вашым меркаванні, наколькі эфектыўна сёння працуе сістэма падрыхтоўкі спецыя­лістаў з сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адука­цыяй? 

— Сістэма падрыхтоўкі ПТА і ССА сёння працуе эфектыўна. Дастаткова прывесці ў прыклад нашу навучальную ўстанову. На працягу больш як 20 гадоў каледж на 100% выконвае кантрольныя лічбы прыёму па ўсіх спецыяльнасцях. Таксама на 100% прахо­дзіць размеркаванне навучэнцаў па розных рэгіёнах нашай краіны. Гэта з’яўляецца доказам запатрабаванасці спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыяй.

Увогуле, прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў павінна пастаянна ўдасканальвацца. Маладыя спецыялісты павінны ўмець хутка адаптавацца ва ўмовах прафесійнай канкурэнцыі. Акрамя гэтага, вялікая роля павінна адводзіцца пераемнасці і бесперапыннасці прафесійнай адукацыі, гнуткасці і дынамічнасці сістэмы прафесійнай адукацыі. Актуалізацыя адукацыйных і выхаваўчых праграм, планаў згодна з патрабаваннямі грамадства, пастаяннае ўзаема­дзеянне з заказчыкамі кадраў, забеспячэнне апераджальнага характару прафесійнай адукацыі і індывідуалізацыя навучання — вось што павінна знаходзіцца ў прыярытэце прафесійнай адукацыі. 

Гутарыла Наталля САХНО.