Поспех любіць працавітых

71 вучань-пераможца заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды стаў лаўрэатам прэміі Брэсцкага аблвыканкама. Школьнікі і педагогі, якія займаліся іх падрыхтоўкай, атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук намесніка старшыні аблвыканкама А.І.Вялічкі падчас урачыстай цырымоніі на сцэне Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.

— Адукацыя з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі, паколькі ад развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу краіны залежыць яе будучыня, — адзначыў А.І.Вялічка. — У Беларусі створаны належныя ўмовы для выяўлення, развіцця і сацыяльнай падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі. Летась 101 школьнік Брэстчыны быў адзначаны грашовай прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Поспехі ў алімпіядным руху пацвярджаюць, што ў нас разумная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная і творчая моладзь. Брэсцкі аблвыканкам уручае прэміі таленавітым юнакам і дзяўчатам, а таксама настаўнікам, якія эфектыўна працуюць, з 2006 года. За гэты час яе лаўрэатамі сталі больш за 1,3 тысячы вучняў і педагогаў. Абласная ўлада вельмі цэніць і паважае іх працу.
У заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ўдзельнічалі 188 прадстаўнікоў Брэстчыны. 71 з іх вярнуўся з дыпломамі рознай вартасці. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць павялічылася на 2.

Лепш за ўсё выступілі каманды па геаграфіі (12 дыпломаў і 1-е агульнакаманднае месца), рускай (10 дыпломаў і 1-е агульнакаманднае месца) і беларускай (8 дыпломаў) мовах, фізіцы і інфарматыцы (па 7 дыпломаў). Найбольшая колькасць дыпломаў на рахунку вучняў Баранавіч — 28, сярод сельскіх раёнаў трэба адзначыць Лунінеччыну (5). Гэтыя рэгіёны з году ў год рыхтуюць шмат пераможцаў алімпіяднага руху.

Сярод устаноў адукацыі варта вылучыць гімназію № 1 Брэста (8 дыпломаў), гімназію № 4 Баранавіч (4), Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава, сярэднюю школу № 7 і гімназіі №№ 1, 3 і 5 Баранавіч, ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста і сярэднюю школу № 2 Лунінца (па 3).

Радуе, што многія вучні Брэстчыны з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на працягу некалькіх гадоў запар: Антон Засімук з гімназіі № 1 Брэста (геаграфія), Андрэй Некрашэвіч і Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца (інфарматыка), Дзмітрый Кісліцын з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (геаграфія), Кірыл Шырма з гімназіі № 1 Брэста (матэматыка, інфарматыка), Марыя Пятрэнка з гімназіі № 1 Брэста (беларуская мова) і Вікторыя Цярлецкая з Фядорскай сярэдняй школы Столінскага раёна (беларуская мова). 5 прадстаўнікоў вобласці ўваходзяць у склад каманды Беларусі для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах.

Поспехі алімпіяднікаў — заслуга педагогаў-прафесіяналаў. На працягу многіх гадоў вельмі эфектыўна працуюць з адоранымі вучнямі настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца геаграфіі Алена Арнольдаўна Сакалоўская і настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста, настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца, настаўніца геаграфіі Алена Пятроўна Шымчык з гімназіі № 3 Баранавіч і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *