Поспех падуладны камандзе

- 12:58Навіны рэгіёнаў

Як выявіць адоранасць навучэнца? Як развіць талент дзіцяці? Правільна матываваць яго на дасягненне поспеху? На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі семінара-нарады па стварэнні эфектыўнай рэгіянальнай сістэмы работы з адоранымі дзецьмі.

Удзел у мерапрыемстве прынялі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, работнікі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Галоўным пытаннем, якое абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара, стала выніковасць выступленняў навучэнцаў вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Як адзначыла ў сваім выступленні рэктар МДАІРА Ірына Старавойтава, у вобласці склалася свая сістэма работы з адоранымі дзецьмі: у рэгіёне арганізоўваюцца вучэбныя зборы па падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды, праводзяцца “малышковыя” алімпіяды, разнастайныя конкурсы, дзейнічае вучэбна-аздараўленчы лагер “Алімпіец”, функцыянуюць абласная вочна-завочная школа і школа юных пры МДАІРА, аказваецца сацыяльная падтрымка таленавітых навучэнцаў і педагогаў. І гэта далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, уключаных у сістэму падрыхтоўкі. Аднак, нягледзячы на такую аб’ёмную работу, павысіць выніковасць удзелу навучэнцаў Магілёўшчыны ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах не ўдаецца.
Па выніках сёлетняй алімпіяды, удзельнікамі каманд вобласці заваявана 75 дыпломаў і 12 пахвальных водзываў. Амаль такі ж вынік быў і ў мінулым годзе.
— Па асобных прадметах вынікі палепшыліся. Так, павялічылася колькасць дыпломаў па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, інфарматыцы, хіміі, біялогіі. Але, разам з тым, знізіліся паказчыкі па гісторыі, грамадазнаўстве, матэматыцы, замежных мовах, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна.
На думку начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзіміра Рыжкова, праблема хаваецца ў адсутнасці скаардынаванасці працы ўсіх зацікаўленых бакоў. Бо ў адных раёнах і ўстановах вынікі ёсць і яны стабільна высокія з году ў год, а ў іншых — гэты вынік адсутнічае зусім. А ўмовы працы ўсюды аднолькавыя, і дзеці таленавітыя ёсць у кожным раёне, ды што казаць — у кожнай школе, неабходна толькі разглядзець і раскрыць іх талент.
Будзе ў навучальнай установе належным чынам наладжана гэтая работа — будзе і адпаведны вынік. Напрыклад, як ва ўстановах адукацыі Бабруйска. У гэтым горадзе сістэма работы з адоранымі навучэнцамі сапраўды працуе. Пацвярджэнне гэтага той факт, што, нягледзячы на значную перавагу ў колькасці навучэнцаў і педагогаў, прадстаўніцтва ўдзельнікаў на заключным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах ад Магілёва і Бабруйска практычна аднолькавае, а яшчэ некалькі гадоў назад розніца была істотнай. Добра прадстаўнікі Бабруйска паказалі сябе і на “рэспубліцы” — яны заваявалі 16 прызавых дыпломаў.
Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірыны Рынейскай, такі паказчык — вынік штодзённай карпатлівай працы.
— Сваю работу мы ажыццяўляем пакрокава. Першы крок — выяўленне і падтрымка таленавітых дзетак. Педагагічныя калектывы ўсіх устаноў імкнуцца заўважыць дзіця яшчэ ў пачатковых класах, падтрымаць яго ў імкненні да ведаў, пасля чаго накіраваць у Цэнтр па рабоце з таленавітымі дзецьмі. На цяперашні момант у горадзе функцыянуе 12 такіх цэнтраў, у якіх вучыцца больш за 800 дзяцей, — расказала Ірына Мікалаеўна.
Як адзначыла Ірына Рынейская, задача цэнтраў — дасягненне навучэнцамі поспеху ў гарадскіх алімпіядах і конкурсах, пасля чаго дзеці працягваюць паглыбленую падрыхтоўку ўжо ў гарадскіх трэнерскіх клубах. Клубы накіраваны на дасягненне дзецьмі больш высокіх вынікаў. У горадзе іх 15 — па кожным вучэбным прадмеце, акрамя працоўнага навучання. А задзейнічаны ў клубах больш за 100 лепшых педагогаў-прадметнікаў з усяго Бабруйска.
У сукупнасці з арганізацыяй профільных летніх лагераў, метадычнай падтрымкай педагогаў, а таксама належным псіхолага-педагагічным суправаджэннем дзяцей, дзейнасць трэнерскіх клубаў вельмі эфектыўная. Але, на думку Ірыны Рынейскай, галоўнае, што дазваляе дасягнуць поспеху — гэта цэнтралізацыя.
— Наша сістэма работы з адоранымі дзецьмі аб’ядноўвае ўсе зацікаўленыя бакі ў адзіную каманду, у кожнага звяна якой агульныя задачы. Гэта і дазваляе дасягаць бліскучых вынікаў, — адзначыла Ірына Мікалаеўна.
Словы начальніка ўпраўлення адукацыі горада пацвердзілі выступленні дырэктара гімназіі № 2 Таццяны Казловай, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 27 Наталлі Вінакур, намесніка дырэктара гімназіі № 3 Святланы Севярын. Убачылі ўдзельнікі семінара і канкрэтныя метады павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння школьных вучэбных дысцыплін, бо бабруйскія педагогі правялі для калег шэраг прадметных майстар-класаў. Падчас семінара было вырашана вопыт работы з таленавітымі навучэнцамі бабруйскіх педагогаў распаўсюдзіць у астатніх раёнах вобласці.
У ходзе семінара былі таксама разгледжаны і абмеркаваны метады падтрымкі спартыўных і творчых талентаў навучэнцаў. Паколькі мерапрыемства праходзіла на базе гімназіі № 1 Бабруйска, сваім вопытам па гэтых напрамках работы з педагагічнай грамадскасцю вобласці зноў падзяліліся прадстаўнікі Бабруйшчыны. Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Міхаіл Свістуноў расказаў, як у горадзе вядзецца работа па развіцці спартыўных здольнасцей дзяцей, а дырэктар Бабруйскай сярэдняй школы-каледжа мастацтваў Вадзім Шчэрбіч адзначыў станоўчыя моманты ў частцы падтрымкі творчых талентаў юных бабруйчан.
— Арыенціры для паспяховай работы мы ўбачылі. Таму давайце аб’яднаем нашы намаганні для дасягнення высокіх вынікаў, — падкрэсліў, завяршаючы мерапрыемства, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.