Поспех саміту ААН-2015 мае важнае значэнне

- 12:04Інфармацыйная гадзіна

“Беларусь вітае той факт, што ўпершыню ў гісторыі існавання ААН пры ўдзеле ўсіх дзяржаў-членаў і на аснове грунтоўных эканамічных разлікаў узгоднена адзінае бачанне шляхоў паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва планеты на доўгатэрміновую перспектыву”, — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку з 25 верасня праходзяць мерапрыемствы высокага ўзроўню 70-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, уключаючы саміт ААН-2015 па пытаннях развіцця.
Як адзначыў Дзмітрый Мірончык, саміт ААН-2015 з’яўляецца найбольш важнай падзеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за апошнія гады ў сувязі з тым, што на ім чакаецца адабрэнне новага парадку дня ўстойлівага развіцця на наступныя 15 гадоў.
Новы парадак дня ААН у галіне развіцця грунтуецца на 17 мэтах устойлівага развіцця — глабальных арыенцірах, а таксама 169 задачах, якія выражаны ў канкрэтных колькасных параметрах.
Дэлегацыя Беларусі прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы падагульняючага дакумента саміту ў якасці члена рабочай групы Генасамблеі ААН па мэтах устойлівага развіцця і ў рамках міжурадавага перагаворнага працэсу па ўзгадненні падагульняючага дакумента саміту. “Мы надаём важнае значэнне поспеху саміту ААН-2015”, — адзначыў Дзмітрый Мірончык.
Удзельнікамі саміту ААН-2015 таксама будуць падведзены вынікі рэалізацыі мэт развіцця Дэкларацыі тысячагоддзя, прынятай кіраўнікамі дзяржаў у 2000 годзе.
Беларусь паспяхова выканала 5 з 8 мэт развіцця тысячагоддзя: у першую чаргу тыя, якія звязаны з выкараненнем абсалютнай беднасці і голаду, забяспечыла ўсеагульную пачатковую адукацыю, знізіла мацярынскую і дзіцячую смяротнасць, дабілася прагрэсу ў забеспячэнні роўнасці мужчын і жанчын. Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, гэты паказчык выканання Беларуссю мэт развіцця тысячагоддзя з’яўляецца высокім у параўнанні з іншымі дзяржавамі свету.
Начальнік упраўлення інфармацыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык таксама адзначыў, што на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Беларусь будзе падтрымліваць праект рэзалюцыі аб прадастаўленні ЕАЭС статусу наглядальніка ў Генасамблеі.
Гэтая ініцыятыва выказана Беларуссю як старшынёй ЕАЭС у 2015 годзе. Паводле слоў Дзмітрыя Мірончыка, адпаведны пункт ужо ўнесены ў парадак дня работы 70-й сесіі Генасамблеі.