Поспех у каардынацыі дзеянняў

Работа з адоранымі дзецьмі — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы нашай гімназіі. Яе асноўная мэта — спрыяць развіццю прыроднага таленту, самарэалізацыі і самапазнанню здольных і адораных навучэнцаў. У гімназіі створаны і пастаянна абнаўляецца банк даных адораных навучэнцаў, існуе сістэма ўрочнай і пазаўрочнай, індывідуальнай і калектыўнай форм работы з адоранымі дзецьмі.

У 2017/2018 навучальным годзе была прадоўжана работа па рэалізацыі праграмы “Адораныя дзеці”, мэтай якой з’яўлялася фарміраванне сістэмнага падыходу да пошуку, захавання і падтрымкі адораных навучэнцаў гімназіі. Згодна з праграмай, асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю адоранага дзіцяці, раскрыццю яго індывідуальнасці, здольнасцей.

У гімназіі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця таленавітых вучняў. Сфарміравана сістэма дыягностыкі і псіхалагічнай падтрымкі адораных навучэнцаў. Праводзіцца выяўленне адораных дзяцей у гімназіі ўжо з пачатковых класаў на аснове назірання, вывучэння псіхалагічных асаблівасцей, маўлення, памяці, лагічнага мыслення. Створана аптымальная структура гімназічнай і дадатковай адукацыі. Каардынуецца дзейнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу па забеспячэнні падтрымкі адораных навучэнцаў. Ажыццяўляецца метадычная падрыхтоўка педагогаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі.

Не сакрэт, што кожны вучань хоча быць паспяховым. Узнікае пытанне: “Поспех на алімпіядзе — гэта выпадак ці заканамернасць?” Каб адказаць на гэтае пытанне, прааналізую сакрэт поспеху вучаніцы нашай гімназіі Жанны Казанда, якая ў 2017 годзе была ўзнагароджана дыпломам I ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове. Яе настаўніца Святлана Уладзіміраўна Жаваранкава адзначыла: “Каб быць паспяховым на алімпіядзе, трэба шмат працаваць. Акрамя ўрокаў, Жанна займалася ў рэсурсным цэнтры, летам была ў профільным лагеры, удзельнічала ў шматлікіх лінгвістычных конкурсах, анлайн-алімпіядах па французскай мове, прымала ўдзел у семінарах з прадстаўнікамі асацыяцыі “Францыя — Расія — краіны СНД”, якія штогод праходзяць у нашай гімназіі”.

З мэтай удасканалення камунікатыўных кампетэнцый, развіцця пазнавальнай цікавасці ў навучэнцаў і падрыхтоўкі да алімпіяды на базе гімназіі № 3 Віцебска быў створаны раённы рэсурсны цэнтр французскай мовы. У рамках работы цэнтра праводзяцца бесперапынныя алімпіяды па французскай мове, арганізаваны лінгвістычны і дыстанцыйны камунікатыўны практыкум для навучэнцаў і настаўнікаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва з выкладчыкамі з Францыі. Дасягнуць высокіх вынікаў падрыхтоўкі вучняў па французскай мове дапамагае разнапланавы дыдактычны матэрыял, папаўненне банка электронных метадычных дапаможнікаў, выкарыстанне спецыялізаванай літаратуры, актыўнае прымяненне інтэрнэт-рэсурсаў, і, вядома, немалаважную ролю адыгрывае высокі прафесіяналізм настаўнікаў французскай мовы В.І.Герасімовіч і С.У.Жаваранкавай.

Формулай поспеху ў рабоце з таленавітымі дзецьмі Святлана Уладзіміраўна лічыць здольнасць настаўніка заўважыць цікавасць вучня да прадмета, падтрымаць яго індывідуальны талент, выкарыстоўваць розныя тэхналогіі: праблемнага навучання, рознаўзроўневага навучання, тэхналогіі “моўны партфель”, інфармацыйных тэхналогій. Важным з’яўляецца выкарыстанне розных форм работы: індывідуальнай, работы ў малых групах пры вывучэнні новых тэм, якая прадугледжвае сумесныя рашэнні, прыняцце іншых меркаванняў, знаходжанне кампрамісаў. Не менш важным з’яўляецца знаходжанне шляхоў супрацоўніцтва з бацькамі адораных вучняў.

Але не адразу нашы вучні сталі пераможцамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Спачатку былі і няўдачы, і расчараванні. Калі ў вучняў пасля алімпіяды пыталіся “Што перашкаджала дасягнуць высокіх вынікаў?”, адказы былі наступныя: “Адсутнасць вопыту ўдзелу ў алімпіядзе такога ўзроўню, няўпэўненасць у сабе, недахоп ведаў”. Пасля не зусім удалага выступлення на алімпіядзе па французскай мове сваю вучаніцу падтрымала яе настаўніца С.У.Жаваранкава, якая сказала: “Не зусім удалае выступленне — гэта таксама вопыт! Трэба памятаць, што кожную няўдачу можна разглядаць як узнікненне пазнавальнай праблемы, якая выклікае даследчую актыўнасць і забяспечвае магчымасць новага этапу ў тваім творчым развіцці”.

У гімназіі створаны спрыяльныя ўмовы для псіхолага-педагагічнага суправаджэння адораных дзяцей, якое грунтуецца на дзвюх формах работы: індывідуальнай і групавой. Мэты індывідуальнай работы залежаць ад запытаў. Найбольш частыя запыты педагогаў і дзяцей — рацыянальная сістэма падрыхтоўкі, якая дасць магчымасць не ператамляцца, знешняя матывацыя, няўпэўненасць у сваіх сілах, у выніку.

Для таго каб дапамагчы вучню і педагогу, псіхолаг гімназіі Н.М.Курчатава праводзіць паглыбленую дыягностыку вучняў, якая дазваляе вылучыць іх асаблівасці, а таксама правесці псіхолага-педагагічныя кансультацыі з настаўнікамі. Пры рабоце з адоранымі дзецьмі ў гімназіі звяртаецца ўвага на наступныя кампаненты:

1. Эмацыянальна-валявы: развіццё навыкаў самаарганізацыі, самарэгуляцыі, фарміраванне ўменняў кіраваць сваім псіхафізічным станам, навучанне прыёмам валявой мабілізацыі, карэкцыя неадэкватнай самаацэнкі.

2. Фізічны: захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя, навучанне метадам рэлаксацыі.

3. Развіццёвы: развіццё агульнаінтэлектуальнай, акадэмічнай, творчай адоранасці навучэнцаў.

Аналізуючы эфектыўнасць работы з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі, можна зрабіць выснову, што ў гімназіі створана інтэграваная адукацыйная прастора. Нашы навучэнцы маюць высокія паказчыкі ў алімпіядным руху. У бягучым годзе гімназісты на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявалі 5 дыпломаў па французскай мове, 2 — па матэматыцы і 1 дыплом па астраноміі. Дзве вучаніцы нашай гімназіі прымуць удзел у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і французскай мове.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.